Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік савецкаму дывэрсанту нелегальна ўсталявалі ў Ляхавіцкім раёне


На помніку ў Дараве ўшанаваны савецкі разьведчык Васіль Нямера
На помніку ў Дараве ўшанаваны савецкі разьведчык Васіль Нямера

У вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёну ўсталяваны помнік жыхарам вёскі, якія загінулі ў 1941 годзе, а таксама савецкаму дывэрсанту Васілю Нямеру. Ініцыяваў усталяваньне Антон Віктаровіч, давераная асоба трох апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. «Гэта, я лічу, ідзе наступ „русского мира“. Людзям убіваюць у галовы, што вось гэта змагар за савецкую Радзіму», — абурыўся ўсталяваньнем помніка жыхар Баранавіч Уладзімер Гундар.

«Ахвярам тых, хто загінуў у ВАВ і таго, хто выконваў асобае заданьне ў 1936 г. Німера В.М. 1913–1936» — напісана на помніку.

«Для мяне ён не герой, — кажа пра Нямеру сам Антон Віктаровіч. — Ён проста загінуў у тыя часы, калі вы былі маленькім. А можа, вас і не было», — адказаў ён на пытаньне журналіста.

Завэрбаваны НКУС савецкі шпіён, забіў асадніка, застрэліўся пры арышце

Праваслаўны сьвятар асьвяціў помнік на могілках у Дараве
Праваслаўны сьвятар асьвяціў помнік на могілках у Дараве

На помніку — прозьвішчы пяці мясцовых жыхароў. Антон Віктаровіч паказаў прысутным архіўныя дакумэнты, паводле якіх гэтыя людзі былі забітыя немцамі ў першыя дні вайны:

«Чатыры зь іх былі вывезеныя ў Ляхавічы. І яны, не падпарадкаваўшыся нямецкім акупацыйным законам, вырашылі ўцякаць. У Федзюках перад мостам праз Шчару яны выскачылі зь цягніка і ўцякалі. Іх з кулямётаў у балоце расстралялі».

Але жарсьці разгарэліся менавіта вакол ушанаваньня памяці Васіля Нямеры. Ён нарадзіўся ў суседнім Клецкім раёне. Пасьля падзелу Беларусі ў 1921 годзе жыў у савецкай яе частцы. У 1936-м, маючы 23 гады, быў накіраваны НКУС з выведнай місіяй у Заходнюю Беларусь.

У часе асьвячэньня помніка апэратар у майцы з надпісам «Крым» здымае прысутных на камэру
У часе асьвячэньня помніка апэратар у майцы з надпісам «Крым» здымае прысутных на камэру

Як распавёў старшыня баранавіцкай арганізацыі ТБМ Мікола Падгайскі, ушанаваны на помніку ў Дараве Васіль Нямера — далёкі сваяк ягонай жонкі.

«У мяне захаваны запіс, як родны брат маці маёй жонкі расказваў пра Васіля Нямеру. У іх сямʼі былі 4 сыны. Першым быў завэрбаваны НКВД у выведнікі сын Аляксей. Ён здымаў аэрадром, які будавалі палякі ў Лідзе. Яго палякі злавілі і прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне. А потым быў завэрбаваны Васіль Нямера і накіраваны на выведку ўмацаваньняў уздоўж Шчары. Васіль зь яшчэ адным чалавекам прыехалі ў Дарава, дзе быў паліцэйскі ўчастак. Паводле адной з вэрсіяў, паліцэйскія здолелі злавіць Васіля, але ён застрэліў аднаго з паліцэйскіх, а потым забіў сябе. Паводле другой вэрсіі, Васіля Нямеру застрэлілі пры ўцёках. Яшчэ сваяк жонкі распавядаў, што колькі дзён раней гэты Васіль расстраляў асадніка, які меў краму. Прыйшоў да яго купляць цыгарэты і забіў», — расказаў Мікола Падгайскі.

Спадар Падгайскі распавёў, што на помніку прозьвішча выведніка напісана з памылкай — правільна Нямера («Немера» па-расейску).

Уладзімер Гундар выказаўся супраць ушанаваньня савецкага дывэрсанта
Уладзімер Гундар выказаўся супраць ушанаваньня савецкага дывэрсанта

«Я падзеі канца 30-х гадоў успрымаю вельмі балюча, — кажа баранавіцкі каардынатар руху „За свабоду“ Ўладзімер Гундар. — Таму што гэта тычыцца непасрэдна маёй сямʼі. У 1939 годзе, калі прыйшлі бальшавікі, то быў зьнішчаны мой дзед, брат маёй бабулі. За тое, што за сваё жыцьцё напрацавалі зямлі, мелі двух коней. А тут усталёўваецца помнік савецкаму дывэрсанту, які хадзіў тут фактычна па нашай зямлі, забіваў нашых людзей. То я супраць ушанаваньня нашых ворагаў. Я ня супраць хрысьціянскага ўшанаваньня. Але ўсталяваньне помніка савецкаму дывэрсанту, і тое, што тут прыплялі яшчэ мясцовых жыхароў, забітых немцамі, — як гэта ўсё зьнітоўваецца? Гэта, я лічу, ідзе наступ „русского мира“ ў такім выглядзе. Людзям убіваюць у галовы, што вось гэта змагар за савецкую Радзіму».

«Палітыка разьяднала, а зямля беларуская абʼяднала»?

«Напэўна, магіла павінна існаваць, але нейкі помнік ставіць у гонар такіх людзей, я лічу, што немэтазгодна, — мяркуе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. — Там была ня столькі барацьба за Беларусь, колькі барацьба за камуністычныя ідэі. Уласна беларускія інтарэсы гэтыя людзі не адстойвалі. Яны былі рукамі ці зброяй камуністычнага Крамля. Хаця, канечне, трагедыя. Чалавека забілі, і памятаць пра яго таксама варта. Ну, а калі ўжо пабудавалі помнік, то трэба пашукаць парэшткі гэтага асадніка, якога ён забіў, ды паставіць помнік побач. Гэта ўжо будзе сымбалічна — палітыка разьяднала, а зямля беларуская абʼяднала».

У часе асьвячэньня помніка ўлады прысутнічалі, але не чынілі перашкодаў
У часе асьвячэньня помніка ўлады прысутнічалі, але не чынілі перашкодаў

Мельнікаў дасьледуе міжваенную гісторыю Беларусі, тэму савецка-польскага памежжа ў 1921–1939 гадах. Кажа, што савецкая выведка ў памежных рэгіёнах Заходняй Беларусі дзейнічала досыць шырока:

«Было некалькі хваляў савецкай выведкі. З 1921 па 1924 год была так званая „актыўная выведка“, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі закідваліся ўзброеныя, добра падрыхтаваныя атрады, якія павінны былі распачаць рэвалюцыйны ўздым. Гэта была актыўная партызанка — добра падрыхтаваныя і ўзброеныя байцы, як Арлоўскі, Ваўпшасаў. Яны рыхтаваліся Менскай школай ЧК, потым ОГПУ, і вельмі на высокім узроўні.

Да 1924 году мяжу ахоўвала памежная польская паліцыя. Але пасьля нападу на Стоўбцы палякі пачалі стварэньне КАП — Карпусоў аховы памежжа. КАП закрывае савецка-польскую мяжу, і саветам пасьля гэтага давялося адмовіцца ад актыўнай выведкі. Зь сярэдзіны 20-х гадоў перайшлі ўжо да тактыкі шпіёнскай вайны. Выведнікі накіроўваліся ў Заходнюю Беларусь, у тым ліку і зь мясцовага, памежнага насельніцтва. У іх задачы ўваходзілі ўжо не тэракты, а збор выведнай інфармацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Хаця і тэракты, безумоўна, здараліся.

Ужо бліжэй да 1939 году, да моманту пачатку Другой сусьветнай вайны, Саветы пачынае цікавіць магчымасьць збройнага супраціву падчас наступу на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

А ў Дараве, дзе загінуў Нямера, якраз быў вялікі апорны пункт польскага войска, і тыя ўмацаваньні, якія будаваліся на мяжы з БССР, цікавілі ня толькі Менск, але і Маскву. Таму выведная дзейнасьць у раёне Дарава і далей на поўнач была актуальная для савецкіх выведнікаў».

Царква ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёну
Царква ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёну

«З розных бакоў ваявалі нашы беларусы»

Антон Віктаровіч, які ініцыяваў усталяваньне помніка, растлумачыў, што вырашыў ставіць новы помнік на ўваходзе на могілкі таму, што стары занядбаны, а ўлады, маўляў, не выконваюць свае абавязкі па добраўпарадкаваньні.

«Помнік разладу» на могілках у Дараве
«Помнік разладу» на могілках у Дараве

Старшыня Канькоўскага сельвыканкаму Рамуальд Бубен сказаў журналістам, што помнік усталяваны незаконна і яго мяркуецца прыбраць:

«Няма дазволаў ніякіх. Самавольна ўсталяваны помнік. На жаль, я не магу мяняць указы, пастановы. Ёсьць на гэта заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ёсьць пастанова Савету міністраў».

На асьвячэньне помніка мясцовым праваслаўным сьвятаром прыехалі тры апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту з Баранавічаў — Тацяна Малашчанка і два Мікалаі Чарнавусы (старэйшы і малодшы): Антон Віктаровіч — іх давераная асоба. Прысутнічалі прадстаўнікі сельсавету, мясцовыя жыхары, а невядомы спадар у майцы з надпісам «Крым» здымаў прысутных на відэакамэру.

Кандыдаты ў дэпутаты Тацяна Малашчанка і Мікалай Чарнавус (старэйшы)
Кандыдаты ў дэпутаты Тацяна Малашчанка і Мікалай Чарнавус (старэйшы)

«Тут я для таго, каб аддаць даніну тым ахвярам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. І тое, што я ўжо чуў ад прадстаўнікоў улады, што помнік зьнясуць, — мы будзем змагацца супраць гэтага», — сказаў Мікалай Чарнавус — малодшы.

Хрысьціянская дэмакратка Тацьцяна Малашчанка заявіла:

«Наша беларуская зямля пацярпела вельмі шмат ад розных акупацыйных рэжымаў. З розных бакоў ваявалі нашы беларусы. Але сёньня дзень не для таго, каб мы варагавалі, а каб з гэтага помніка пачалося наша яднаньне».

А вось Уладзімер Гундар, зьвяртаючыся да апазыцыйных кандыдатаў, падкрэсьліў, што нельга «яднацца на антыбеларускім грунце».

Антон Віктаровіч, ініцыятар усталяваньня помніка
Антон Віктаровіч, ініцыятар усталяваньня помніка

Грошы на помнік сабралі мясцовыя жыхары. Сам Антон Віктаровіч усталяваньне помніка незаконным ня лічыць. Распавядаючы пра размову зь мясцовымі ўладамі, кажа:

«Пыталіся, хто нам даў права гэта паставіць. Я адказаў, што Госпад Бог і народ. Дасталі два аркушы паперы — пратакол, складзены на мяне, і папрасілі расьпісацца. І сказалі, што пойдзе пад знос бульдозэрам. Я адказаў, што людзі яго паставілі, ім і вырашаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG