У рэйтынгу, які ўлічвае ўнёсак у глябальнае разьвіцьцё і дабрабыт, Беларусь заняла 79 месца са 163 краінаў. Ніжэй за ўсіх суседзяў.
У рэйтынгу Good Country Index, за складаньне якога адказны ганаровы прафэсар унівэрсытэту Ўсходняй Англіі Сайман Ангалт, Беларусь заняла 79 месца са 163 краінаў. Хоць Беларусь і паднялася за два гады на тры пазыцыі, яна апусьцілася ніжэй за Расею і Ўкраіну.
У рэйтынгу ўлічваецца ўнёсак краіны ў разьвіцьцё навук і тэхналёгіяў (Беларусь на 37 месцы ў сьвеце), культуру (125-я), усясьветную бясьпеку (97-я), усясьветны парадак і стабільнасьць (75-я), экалёгію (69-я), росквіт і роўнасьць (148-я), здароўе і дабрабыт (96-я).
Напрыклад, у паказьніку росквіту і роўнасьці, па якім Беларусь «у хвасьце», улічваецца разьвіцьцё адкрытага гандлю (у Беларусі з гэтым вельмі кепска), колькасьць валянтэраў за мяжой (проста кепска), памер свабоднага рынку (ніяк — ні добра, ні кепска), абʼём прамых замежных інвэстыцыяў (кепска) і дапамога краінам, якія разьвіваюцца (ніяк).
Беларусь у агульным рэйтынгу абагнала Ўкраіна (78 месца пры значна горшай пазыцыі па бясьпецы), Расея (72 месца), Літва (49-е), Латвія (40-е) і Польшча (25-е). Беларусь амаль настолькі ж карысная сьвету, як Аман. Сэйшэлы і Армэнія, вынікае з рэйтынгу.
Апошнія пазыцыі па карыснасьці сьвету займаюць Маўрытанія, Экватарыяльная Гвінэя і Лібія. Топ-10 краінаў сьпісу, пачынаючы зь першага месца, такі: Швэцыя, Данія, Нідэрлянды, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Фінляндыя, Канада, Францыя, Аўстрыя і Новая Зэляндыя.