Супольны праект беларускіх рэпэраў Angst, Kontra і Zeman выдаў для вольнага праслухоўваньня свой першы альбом «Аднакарэнныя». Для працы над альбомам, як піша гурт, абʼядналіся ня толькі людзі з розных куткоў Беларусі — да яе далучыліся творцы з Украіны і Польшчы.
У праекце рэпэры ставілі на мэце «дасьледаваць беларускія карані». Пасьля прэзэнтацыі першага супольнага трэку Zeman распавядаў Свабодзе:
«Сказаць мы хочам шмат чаго, нават, напэўна, кожны з нас хоча данесьцi да слухача штосьцi сваё. Але галоўная думка — пераемнасьць традыцыяў, сувязь часоў i сумяшчальнасьць мінулага i сучаснага. Хiп-хоп-культура i нашае нацыянальнае, беларускае не супярэчаць адно адному. Ну i асабiстае, вядома. Увогуле, найлепшы рэп — асабiсты, шчыры».
У выніку замест заплянаваных 11 трэкаў у альбоме выйшла 14. Адзін зь іх, «Тут», — пераасэнсаваньне славутай песьні «Я нарадзіўся тут» з аднайменнага праекту. У запісе гэтага трэку ўзяў удзел выканаўца арыгіналу Зьміцер Вайцюшкевіч (які, сярод іншага, распавядае пра сваё стаўленьне да «чорных сьпісаў», празь якія мае цяжкасьці з канцэртамі ў Беларусі).
У запісе альбому ўзялі ўдзел і іншыя запрошаныя госьці: SP Kava, «НайціНайн», Тацяна Януковіч.