Мяркуецца, што школьнікі павінны ведаць імёны Алеся Бадака, Міхася Башлакова, Навума Гальпяровіча, Зоі Падліпскай і Міколы Мятліцкага. Ёсьць у сьпісе Алесь Разанаў, Сьвятлана Алексіевіч і Сяргей Кавалёў. У сьпісе для дадатковага чытаньня знайшліся Людміла Рублеўская, Янка Брыль і Іван Шамякін.
Вось некалькі аўтараў, якіх можна зафрэндзіць у сацыяльных сетках, запрасіць да сябе ў школу і паслухаць жыўцом. Некаторыя зь іх расказалі Радыё Свабода, што яны думаюць пра школьную праграму.
Уладзімер Арлоў, гісторык, пісьменьнік, паэт
Арлоў напэўна ж знаёмы школьнікам, якім пашанацавала з настаўнікамі гісторыі. Па аўтографы на кнізе «Айчына: маляўнічая гісторыя», якую ён стварыў разам з мастаком Паўлам Татарнікавым, стаялі чэргі з малых і падлеткаў. Падрабязна з творчасьцю Ўладзімера Арлова можна пазнаёміцца на ягоным уласным сайце.
А сам аўтар хацеў бы, каб у школьнай праграме было ягонае апавяданьне «Ордэн Белай мышы».
«Гэтае апавяданьне магло б адказаць нашым школьнікам, чаму ў іх такія праграмы па літаратуры», — кажа Ўладзімер Арлоў.
Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік
Адзін з самых прадуктыўных і ўганараваных сучасных аўтараў. Амаль штогод выдае па кнізе, а часам і па дзьве. Актыўна ўдзельнічае ў фэстывалях, выступае зь лекцыямі і піша аўтарскія калёнкі.
«Вывучаць у школе і ўнівэрсытэтах трэба тэксты, а ня аўтараў, — кажа Альгерд Бахарэвіч. — Патрэбны курс „Як чытаць паэзію і прозу“, а ня курсы па творчасьці нейкіх асобных паэтаў і пісьменьнікаў. Пакуль у Беларусі гэты падыход не атрымае прызнаньня, абсалютна ўсё роўна, каго там будуць вывучаць».
На думку Бахарэвіча, у школьнай праграме павінны быць творы Гамэра, Шэксьпіра, Дастаеўскага, Кафкі, Набокава, Джойса, Вулф, Пруста, Ліндгрэн, Шымборскай, Стральцова, Купалы, Мрыя, Коласа, Караткевіча, Янішчыц, Адамчыка, Хадановіча, Цімафеевай, Глобуса, Касьцюкевіча, Морт, Лянкевіча і іншых.
А свае творы Альгерд Бахарэвіч у цяперашняй школьнай праграме бачыць не хацеў бы.
«Уяўляю, што пра мяне нагаварылі б настаўніцы», — кажа ён.
Каб пазнаёміцца з творчасьцю Альгерда Бахарэвіча шукаць кнігі найлепш у кнігарнях і на імпрэзах зь ягоным удзелам. Аўтар таксама актыўны ў фэйсбуку.
Алена Брава, пісьменьніца, журналістка
У найбольш папулярным творы «Камэнданцкі час для ластавак» пісьменьніца апісала свой досьвед жыцьця на Кубе. Пазнаёміцца з творчасьцю можна на старонцы он-лайн-бібліятэкі «Камунікат».
«Ня думаю, што мае кнігі бліжэйшым часам зьявяцца ў школьнай праграме, нягледзячы на тое, што пра іх шмат пішуць літаратуразнаўцы і крытыкі, — кажа Алена Брава. — Хоць менавіта гендэрны аспэкт у літаратуры — якраз тое, чаго ў школьнай праграме сёньня, на маю думку, нестае».
Пісьменьніца заўважае, што мы маем надзвычай багатую літаратуру, якая можа зацьвярджаць нашую нацыянальную адметнасьць. І сёньня, на яе думку, гэта самае важнае.
«Але любы чалавек, нават нацыянальны герой, нараджаецца і сталее ў сям’і. Хацелася б, каб мастацкія творы, у якіх адлюстроўваюцца праблемы разьвіцьця сям’і, зьмяненьні, што ў ёй сёньня адбываюцца, былі прадстаўленыя ў школьнай праграме па беларускай літаратуры. У літаратуры савецкага пэрыяду тэмы пошукаў жанчынай сваёй ролі ў грамадзтве вырашаліся з пазыцый каньюнктурных, як дыктавала савецкая дзяржава. У грамадзтва сёньня ёсьць патрэба агучваць многія пытаньні, раней табуяваныя, ёсьць патрэба ў якасных літаратурных тэкстах пра жанчыну, не пра „Ганну ля печы“, а пра нашу сучасьніцу, чыя самасьвядомасьць ужо іншая. Чаму б не пазнаёміць з такога кшталту літаратурай старшаклясьнікаў?».
У сярэдняй школе можна было б чытаць аповесьць Алены Брава «Рай даўно перанаселены».
«На вобразах бабулі, маці і дачкі паказаныя лёсы трох пакаленьняў беларусак на фоне гістарычных рэалій. Параўноўваецца іх стаўленьне да сям’і, выхаваньня дзяцей, да свайго месца ў соцыюме. Прычым наша сучасьніца, у адрозьненьне ад ейных бабулі і маці, робіць сьвядомы выбар, выпрацоўвае сваю мадэль паводзінаў і адстойвае ўласную пазыцыю», — кажа яна. — Старшаклясьнікі якраз стаяць на парозе дарослага жыцьця, але яшчэ не пасьпелі нарабіць непапраўных памылак. Сьветапогляд пачынае фармавацца ў школьныя гады».
Вера Бурлак, паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца
Вера пачала пісаць яшчэ дзіцём і шмат піша пра дзяцінства. Яна аўтарка некалькіх кніг паэзіі і перакладаў.
«Калі я пішу, я разважаю пра тое, што паўплывала на мяне, калі фармавалася як асоба. У мяне пра гэта нават ёсьць цыкль — „Вершы непрыгожай дзяўчынкі“. Ёсьць у мяне яшчэ твор пра школьныя сачыненьні па карціне Малевіча „Чорны квадрат“. Гэта жвавыя творы з гумарыстычным падыходам да рэальнасьці. У старэйшых клясах гэта можа быць цікава», — кажа Вера.
Як у дасьледчыцы ў яе свой погляд на цяперашнія школьныя праграмы і на зьмены, якія ў іх рэгулярна ўносяць.
«Мяне крыўдзіць, калі выкідаюць Ніла Гілевіча з праграмы, — кажа Вера Бурлак. — У нас мала ўвагі аддаецца беларускай культуры ў грамадзтве. І калі яшчэ ў школе гэта зьмяншаць, зусім кепска будзе. Праграму скарачаюць за кошт твораў, якія ўжо пачалі ствараць традыцыю, якія павінен ведаць кожны. Сустрэўшыся за мяжой, людзі могуць працытаваць таго ж барадулінскага „Бацьку“ ці „Родных дзяцей“ і пазнаць адзін аднаго. Варта, каб гэта захоўвалася і пашыралася».
Пазнаёміцца з творамі можна тут.
Вольга Гапеева, паэтка, пісьменьніца
У Вольгі некалькі выдадзеных кніг. Апошняя — «Граматыка сьнегу» — выйшла сёлета. Знаёміцца з творчасьцю можна праз пэрсанальны сайт
Вольга кажа, што ёй троху боязна трапіць у школьную праграму, бо яна «ведае, што адбываецца на ўроках літаратуры ў нашай школе».
«Я ня ўпэўненая, ці кожны/ая настаўнік/ца зможа праінтэрпрэтаваць тое, што я пішу, такім чынам, каб гэта не спужала, не адвярнула дзяцей у далейшым чытаць тое, што я пішу. Для таго каб уводзіць сучасную літаратуру ў праграму, патрэбна падрыхтаваць нейкую глебу. Каб было дастаткова крытыкі, дзе настаўнікі/цы і навучэнцы маглі б пачытаць штось пра гэтую самую сучасную літаратуру, пра паэтак і паэтаў. У нас такога, на жаль, бракуе», — лічыць аўтарка.
Было б няблага, калі б яе творы былі ў ідэальнай школьнай праграме «дзеля азнаямленьня», — кажа Вольга.
«Каб не адбывалася такога, што дзеці думаюць: пісьменніцы/кі — гэта толькі памерлыя людзі ці вельмі старэнькія», — тлумачыць яна. — Але з практычнага пункту гледжаньня на сёньняшні дзень ня думаю, што гэта спрацуе».
Віктар Марціновіч, пісьменьнік, публіцыст
Віктар кажа, што зусім не крыўдуе, што яго няма ў школьнай праграме. Да таго ж сустракацца са школьнікамі яго запрашаюць настаўнікі ў розных гарадах.
У аўтара папулярны акаўнт у фэйсбуку, дзе зьяўляюцца паведамленьні пра новыя публікацыі. Ёсьць і пэрсанальны сайт.
«Я б хацеў, каб мяне з-пад парты чыталі, а не за партай, — кажа Віктар Марціновіч. — Хацеў бы, каб чытаньне маіх кніжак было напаўзабароненым ласаваньнем для падлеткаў».
Віктар ня стаў бы раіць падлеткам чытаць рускамоўны «Сфагнум», бо там ёсьць трохі лаянкі.
«У „Возеры радасьці“ няма ніводнага „кепскага слова“, — кажа ён. — Я ўпэўнены, што мае творы аднойчы ў школьную праграму ўвойдуць. Але я за тое, каб мае кніжкі чыталі не таму, што трэба, а таму, што непажадана і ня вельмі трэба. Каб дзеці даведаліся пра іх з „Укантакце“ ці іншых пазаклясных крыніцаў, што цяпер і адбываецца».
Вальжына Морт. Паэтка, перакладчыца, выкладчыца ва ўнівэрсытэце
Нарадзілася ў Менску, жыве і працуе ў ЗША, піша па-беларуску і па-ангельску. У 2008 годзе ў амэрыканскім выдавецтве Copper Canyon Press, Port Townsend выйшла яе беларуска-ангельская кніга паэзіі «Factory of Tears/Фабрыка сьлёз». Апошні зборнік у Беларусі надрукаваны сёлета і называецца «Эпідэмія ружаў». Некаторыя творы можна пачытаць і паслухаць тут.
«Я лічу, што настаўнікі літаратуры павінны самі выбіраць, якія канкрэтныя творы яны будуць выкладаць пэўнай групе вучняў у пэўны навучальны год, — кажа Вальжына. — Гэта тычыцца як літаратурнага канону, так і сучаснай літаратуры. Кожны новы год — гэта новы сацыяльна-палітычны і культурны кантэкст, калі адны пытаньні завастраюцца, а іншыя адыходзяць. Настаўнікі мусяць зрабіць выбар кананічных твораў, зыходзячы як з агульнаграмадзкага кантэксту, так і з патрэбаў пэўнай групы студэнтаў. Сваім выбарам настаўнікі паказваюць вучням, што кананічная літаратура — гэта ня толькі пра справы мінуўшчыны, але і пра цяперашні час, пра нас».
Выбіраць творы сучаснай літаратуры настаўніку вельмі проста, лічыць Вальжына Морт. Гэта кнігі, якія друкаваліся цягам году ці атрымалі нядаўна літаратурныя ўзнагароды.