Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джон Сыльвэр спрабаваў даведацца, на якім паверсе КДБ я сяджу» — Антон Матолька пра салідарнасьць калегаў, справу Пальчыса і свой прыход у палітыку


«Я дзіка не люблю пісаць лісты, асабліва ў турму, і хадзіць у больніцу», — кажа фатограф і блогер Антон Матолька, які наўпрост зьвяртаецца да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і патрабуе ад Адміністрацыі прэзыдэнта забараніць вайсковыя парады ў Менску. Ён змагаецца зь няправільна прыпаркаванымі аўтамабілямі, дабіваецца сустрэчы з мэрам Менску Андрэем Шорцам і ганарыцца тым, што дамогся ў сваім раёне нізкіх бардзюраў. Антон фатаграфаваў маўклівыя акцыі, тэракт у мэтро і хрост абодвух сыноў Андрэя Дзьмітрыева. Ці ня кожны ягоны пост у сацыяльных сетках робіцца інфанагодай для публікацыяў у СМІ.

Мы сустрэліся з Антонам Матолькам празь некалькі дзён пасьля беспрэцэдэнтнага рашэньня Вярхоўнага суду. Матолька патрабаваў ад Белтэлерадыёкампаніі 1 капейку за выкарыстаньне ў выпуску навінаў ягонага фатаздымку без дазволу. Судзьдзя Віктар Коўшун ня толькі не задаволіў ягоны пазоў, але і абавязаў фатографа аплаціць паслугі экспэрта Андрэя Чупрынскага, які не пабачыў у здымку Антона «творчай дзейнасьці». Працэс абагаціў беларускі інтэрнэт мэмам «сацыяльная зьява», як назваў зафіксаванае Матолькам паўночнае зьзяньне прадстаўнік БТ Андрэй Жылінскі.

— У вас днямі быў такі роспачны фатаздымак у фэйсбуку пра «эмацыйнае выгараньне»...

— І?

— І я падумала, што вы стаміліся.

— Так, гэта стамляе. Сам суд не стамляў, нават падтрымліваў нейкі адрэналін, але складана не было. Постфактум трохі вымотвае.

— Як вы на ўсё гэта цяпер гледзіце? Што дала вам гэтая барацьба, ці варта было ўвогуле ўвязвацца?

— Канечне, варта. Пасьля рашэньня суду самая частая фраза, якую мне казалі, — «віншую зь перамогай». Суд не задаволіў мой пазоў, але па факце справа выйграная. Шырокай грамадзкасьці паказана, што такое судовая сыстэма, прычым сыстэма вышэйшага парадку — Вярхоўны суд. Паказаная недасканаласьць закону РБ у абароне аўтарскага права, кампэтэнтнасьць экспэртаў, юрыстаў Белтэлерадыёкампаніі.

Гэтая справа трохі ўскрыла ўсю сыстэму. Прычым я і мае калегі звыклі, што нас абвінавачваюць, але тут я быў пазоўнікам, я абвінавачваў.

— Я вас слухаю, і хаця падзяляю вашы дзеяньні і вашы думкі, але такія словы — «суд паказаў недасканаласьць сыстэмы», «шырокая грамадзкасьць пабачыла»... — я іх чую дваццаць гадоў. І кожны чалавек, які ідзе ў суд, удзельнічае ў выбарах, ён прыблізна тое самае і кажа. У той жа час судзьдзя выносіць такое рашэньне, прычым «з асаблівым цынізмам». І што? У вас няма адчуваньня, што насамрэч улада ня надта і клапоціцца, якія высновы вы асабіста робіце з гэтага суду. Нічога не каштавала БТ прызнаць, што вы маеце рацыю, але яны зрабілі так, як зрабілі. Проста таму, што маглі.

— Так, я згодны. Калі гэта здарылася, я адразу напісаў, што БТ ня мае рацыі. Праз свае крыніцы ведаю, што ўжо празь некалькі гадзін кіраўніцтва навінавых праграмаў ведала пра гэтую сытуацыю. І далей ужо пытаньне цывілізаванага рашэньня праблемы, нецывілізаванага і беларускага. Можна было пазваніць, выбачыцца, выплаціць ганарар, сказаць — «Мы ня мелі рацыі, выбачаемся», — гэта цывілізаваны. Я б сказаў: «Ой, так прыемна, вы такія малайцы!».

Другі варыянт — можна было б сказаць: «Памылка, бывае». Таксама — ок, ладна.

Яны абралі трэці варыянт — поўнае ігнараваньне праблемы. А ў сямігадзінным выпуску навінаў яны скралі яшчэ больш фота і паставілі спасылку на мяне — нібыта выбачыліся. Часта гэта бывае правільна, бо калі ты праблему ігнаруеш, пра яе ўсе забываюць. Але я вырашыў не забыць, як забылі б астатнія. У тым жа сюжэце былі фота яшчэ двух маіх знаёмых, але яны нікуды не пайшлі.

На наступны дзень мы накіравалі ім пазоўны ліст, па-эўрапейску і па-чалавечы прапанавалі дасудова ўсё вырашыць. Выставілі адэкватныя сумы, не прасілі мільярды даляраў. І Давыдзька (Генадзь Давыдзька — старшыня Белтэлерадыёкампаніі. — РС) адказаў: «Не». Я лічу, што ён асабіста пісаў мне, бо я бачыў ягоны подпіс. А фраза «нібыта наяўны факт крадзяжу фатаздымкаў» зачапіла яшчэ больш, чым сам факт крадзяжу. І далей ужо была спрэчка з самім сабой, каб давесьці справу да канца — да рашэньня суду.

— Журналіст Алесь Пілецкі напісаў, што на вашым працэсе яму бракавала салідарнасьці калегаў-фатографаў з вамі. Вам таксама?

— Ён вельмі прыгожа напісаў. Я лепш бы ня выклаў гэтую думку. Калі зьявілася заключэньне (экспэрта Чупрынскага. — РС), прыходзілі журналісты, але па працы. Была жонка Эдуарда Пальчыса, якой вялікі дзякуй. Ты бачыш усьмешкі людзей, якія сядзяць насупраць, і гэта не экспэрт Чупрынскі, не юрыст БТ — усё гэта сапраўды падтрымлівае. Калі ты сядзіш адзін і побач нікога, ты іншым разам сумняесься: «Можа, ты сам усіх настроіў супраць сябе, і ўсё гэта толькі дзеля цябе, а насамрэч усё гэта ня так?». Але ты бачыш рэакцыю іншых і разумееш, што ня ўсё так кепска.

— А салідарнасьці вам хапіла?

— Шчыра, я чакаў запоўненай залі. Хаця б на вынясеньні прысуду. Я разумею, як цяжка ўсё кінуць на ўвесь працоўны дзень. Але рашэньне выносілі а пятай гадзіне дня ў панядзелак, і яно заняло 25 хвілін. Калі я не памыляюся, то з тых фатографаў, каму ня трэба было там быць, быў толькі Сяргей Міхайленка. Вось і ўсё.

— Гэта характэрна для нас?

— Не, што вы! Мы ня раз бачылі, як людзі адзін аднаго падтрымлівалі, і калегі, і не калегі. У сацсетках і па-за сацсеткамі. Сацсеткі расслабляюць, насамрэч. Пры гэтым даюць моцную падтрымку. Калі б не было гармідару ў наступныя дні пасьля рашэньня — з фатажабамі, тэкстамі і іншым, то гісторыя засталася б «унутранай справай». Але бачыць калегаў ужывую — вось гэтага мне неставала.

— Калі вы ўжо згадалі пра Вікторыю Пальчыс, жонку Эдуарда Пальчыса, якога мы ведаем як Джона Сыльвэра, то раскажыце, адкуль у вас з Эдуардам такое калі не сяброўства, то прынамсі цікавасьць адзін да аднаго?

— Эдуард стварыў вельмі гіпэртрафаваны сайт 1863x.com, з тэкстамі якога я быў ня згодны ў 90 працэнтах выпадкаў. Мы зь ім спачатку пасябравалі праз твітэр, перапісваліся, ён мяне троліў, я яго ня троліў. Ён усё спрабаваў даведацца, на якім паверсе КДБ я сяджу — на чацьвёртым ці на пятым.

Пазьней ён зрабіў некалькі рэчаў, якія далі мне зразумець, што гэта звычайны беларус, які любіць сваю краіну. І нічога кепскага для Беларусі зрабіць ня хоча, а спрабуе яе неяк абараніць. Усе гэтыя гіпэртрафаваныя тэксты — гэта рэакцыя на такія ж тэксты з боку Расеі. І гэта працавала. Расейскія боты, ольгінцы, масава на ягоны сайт прыходзілі, бачылі ў гэтым пагрозу.

Асабіста мы зь ім гаварылі толькі адзін раз пра мэсэнджэр, калі ён ужо быў у Кіеве.

З Пальчысам ідыёцкая сытуацыя да немагчымасьці. Пальчыс — ідыёт, калі паехаў у Расею. І я яму пра гэта яшчэ скажу асабіста. Вельмі дзіўныя дзеяньні сьледчага, які спрабаваў накапаць на яго ўсю гэтую інфармацыю. Вельмі спрэчны момант з экспэртызай над яго матэрыяламі. Наколькі мне вядома, ня ўсё там было зроблена па нормах закону. Вельмі сьмешнае абвінавачаньне ў распаўсюдзе парнаграфіі. Мне вядома, што заўжды так робяць. «Распаўсюд порна» — унівэрсальны артыкул, калі больш нічога няма і самі ня ўпэўненыя ў сваіх жа абвінавачаньнях. У СК самі гэта цудоўна ведаюць. І я на днях усё ж выкладу гэты артыкул, з-за якога яго абвінавачваюць.

— А вы не баіцеся, што вас пачнуць за гэта перасьледаваць?

— Мне, на жаль, давядзецца замазаць нейкія кавалкі, каб мне не прышылі артыкул. А ў цэлым — ды калі ласка, перасьледуйце. Калі б я баяўся перасьледаў, то так бы сябе не паводзіў з МУС, Адміністрацыяй. Я спадзяюся, што суд пройдзе сумленна і, пажадана, адкрыта. Пакуль усё выглядае, што суд будзе закрыты, Эдуарда прызнаюць вінаватым, але адпусьцяць у залі суду. Бо ён жа сядзіць са студзеня.

— Пішаце яму?

— Не. Не люблю пісаць, хаця зараз давядзецца, бо ён мне ўжо абрыд сядзець. Мог бы ўжо і выйсьці да гэтага моманту. Я яму на самым пачатку напісаў, ён мне адказаў. Уклаў яму з запасам капэртаў, каб ён іншым адказваў. Я дзіка не люблю пісаць лісты, асабліва ў турму, і хадзіць у больніцу. Пажадана не трапляць у гэтыя ўстановы. Але давядзецца напісаць, бо ён ужо заседзеўся ў Жодзіне.

— Вы згадалі свае звароты ў МУС, Адміністрацыю. У нас людзей, якія зьвяртаюцца асабіста да прэзыдэнта, пішуць лісты міністрам, лічаць варʼятамі. Калі не памыляюся, нават ёсьць закон, які дазваляе караць тых, хто зашмат скардзіцца. Як вам, пасьпяховаму, прыгожаму, папулярнаму чалавеку ў такой кампаніі?

— Мянушка «гарадзкі варʼят» да мяне даўно прычапілася, і я спакойна на яе рэагую. У пэўным сэнсе — мне няма чаго губляць. Па-другое — мне няма чаго хаваць. Я цудоўна ведаю свае парушэньні, і з Адміністрацыйнага кодэксу ў Крымінальны яны не пераходзяць.

Калі да ўлады зьвяртаюцца з прэтэнзіяй, яна звыкла пагражаць. Мне пагражаць не атрымліваецца. Я разумею, што калі чалавек пагражае, значыць, ён напалоханы і ня ведае, што рабіць.

Ліст Шуневічу пра нацсымболіку ў фанатаў, які, магчыма, паўплываў (ці не паўплываў) на стаўленьне да дзяржаўнай сымболікі на ўзроўні МУС, быў напісаны за 15 хвілін. Таму, калі людзі пішуць, што мне няма чаго рабіць і я толькі пішу скаргі, то праца ўжо стаяла б даўным-даўно і паўсюль. Скаргу накіраваць на 115.бел — гэта ад 30 сэкунд да 5–10 хвілін. Вялікія кампаніі — пра нацсымболіку, пандусы для інвалідаў, азеляненьне — можа, трохі больш. Але гэта не з 7 ранку да 9 вечара. Сацсеткі дазваляюць табе падтрымліваць інтарэс да тэмы, але ты не займаесься гэтым круглыя суткі.

Чаму я пішу? Гэта пытаньне. У мяне выдатны раён, у мяне выдатны двор, у мяне цудоўны надзел пад Заслаўем каля лесу. Мяне збольшага ўсё задавальняе. Хочацца стаць нейкім прыкладам — кшталту «ты сам можаш нешта зьмяніць». Не за цябе нехта зьменіць — з апазыцыі ці з гарадзкіх уладаў, — а ты сам.

— Адчуваеце падвышаную ўвагу да сябе?

— Я ў поўным ігноры, што ў твітэры, што ў жывым жыцьці. Ня сочаць за мной, бо вока на супрацоўнікаў у цывільным у мяне спрактыкаванае. Але зьмены ёсьць. Футбол «Беларусь — Францыя» — я быў у шоку. Ніхто ня ведае, што стала прычынай. Але тры гады таму сустрэць людзей у майцы з Пагоняй можна было толькі на акцыі пратэсту. Цяпер гэта нікога ня зьдзівіць. Я выходжу ў горад і сустракаю двух-трох чалавек, якія проста гуляюць у цэнтры гораду. Пра майкі з арнамэнтам я ўвогуле маўчу.

Бо 25 год незалежнасьці Беларусі, але любові да чырвона-зялёнага няма. Яна не прыжываецца — як герб, як гімн. На стадыёне на матчы «Беларусь-Францыя» гучней за ўсіх беларускі гімн сьпяваў кітаец. А яшчэ гучней сьпяваў свой гімн француз, які адзін стаяў сярод беларускіх заўзятараў, і зь яго ўсе пасьмейваліся, але з павагай.

— У мяне склалася ўяўленьне, што ў вас паблажлівае стаўленьне да беларускай апазыцыі, прынамсі да топавых яе фігураў. Гэта так?

— Хутчэй, гэта расчараваньне. Павінны быць лідэры — у партыі, у сваёй справе. Возьмем майго «любімага» Лябедзьку — што гэты чалавек зрабіў за апошнія 10 гадоў?

Моцная грэблівасьць у мяне да адзінак. Збольшага ў мяне проста няма павагі. Я магу памыляцца. Але я спрабую не сыходзіць ані ў радыкальную апазыцыю, ані ў проста апазыцыю. Я стараюся знаходзіцца збоку, каб погляд ня быў замылены.

У нашай апазыцыі няма жаданьня аналізаваць. Мне часам здаецца, што я з большай павагай стаўлюся да Дзьмітрыева, які прыме любую рэакцыю, адкажа аргумэнтавана і перавядзе ўсё гэта ў дыскусію, чым да Лябедзькі ці Статкевіча.

Вось усе чакалі выхаду Статкевіча з турмы, рабілі вялізныя стаўкі — «выйдзе Статкевіч, і ўсё зьменіцца». Я прыяжджаў сустракаць яго на Ўсходні аўтавакзал. Была фэерыя, і яна магла разьвіцца ў нешта большае. Але чалавек за два тыдні сам сябе пахаваў сваімі інтэрвію, выказваньнямі і поглядам на вядзеньне палітыкі. Наступнымі акцыямі ён яшчэ і пахаваў нейкія іншыя пачынаньні.

— Вы выказаліся на парлямэнцкіх выбарах у падтрымку Андрэя Козіка. Чаму вы гатовыя даверыць прадстаўляць свае інтарэсы гэтаму чалавеку?

— Па акрузе ў мяне быў «маркоўны сок»-Цярэшчанка, Падгол, які зьняўся, але быў прыўкрасны ў выглядзе шоў. Быў 26-гадовы камуніст, Дарафеева і Козік.

Мае сябры-змагары гнобяць мяне за тое, што я за ўдзел у выбарах і лічу, што байкот ня мае сэнсу. Але я ўпэўнены, што Козік мог быць талковым прадстаўніком нашага кола: юрыст-міжнароднік, мае досьвед, ёсьць ангельская мова і прысутнасьць у сацсетках.

З тых, хто быў у сьпісе, Козік быў максымальна цікавы. Ці быў бы ён карысны ў абсалютна незалежным парлямэнце, ня ведаю, бо, думаю, былі б іншыя моцныя кандыдаты. А цяпер ён быў адным з самых моцных па маёй акрузе, але яму намалявалі менш за ўсё працэнтаў. Мой любімы Стэфановіч, які за легалізацыю канапель, набраў працэнтаў больш, чым юрыст-міжнароднік. Гэта ўсё ж цудоўна, што Беларусь бліжэй да легалізацыі канапель.

— Дарафеевай да чаго рыхтавацца з вашага боку?

— Як мінімум да сустрэчы. Я рады, што яна выйграла. Магчыма, мы апрабуем працэдуру адкліканьня дэпутатаў, але для гэтага трэба паказаць, што яна некампэтэнтная і не вырашае праблемаў.

Самая вялікая памылка, якую з году ў год робяць кандыдаты, і да Козіка ў мяне такая ж прэтэнзія, — дзе вы былі 4 гады таму? Чаму я пра вас чую за паўгода да выбараў?

Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў 2020-м. Хто цяпер кажа, што будзе ўдзельнічаць? Чаму не заявіць пра сябе? Пакажыце, што вы можаце зрабіць за 5 гадоў, як вы можаце зьмяніць стаўленьне, калі ў вас няма дзяржаўнай улады. Пакажыце, як вы можаце зьмяніць сытуацыю, маючы дзяржаўную ўладу.

Мне прапаноўвалі — «Ідзі, Антон, сам, пакажы, як трэба». Але мне палітыка не цікавая.

— Але тое, што вы робіце, гэта ўжо палітыка. Я бачу ў фэйсбуку заяву Алеся Лагвінца пра тое, што ён гатовы ўзначаліць рух «За Свабоду», і першы камэнтар ваш: «Зьвяртайся, калі трэба дапамога»...

— Я меў на ўвазе сябе як фатографа. Здымаў яго вясельле, мы зь ім даўно знаёмыя. Ён вельмі інтэлігентны чалавек. Я бачыў, як ён рыхтаваўся да гэтых выбараў, амаль цалкам падтрымліваў ягоны стыль перадвыбарнай агітацыі, гэта было сапраўды здорава. Калі б я быў сябрам руху «За свабоду», то на выбарах старшыні прагаласаваў бы за яго.

— А на новаабраных дэпутатак Алену Анісім і Ганну Канапацкую ўскладаеце нейкія спадзевы?

— Нейкія спадзевы на іх я ўскладаю, але ня ведаю, чаго ад іх чакаць. Мне непрыемныя палітычныя разборкі на фэйсбуку — «гэта агенты КДБ, фэйк». Ды якая розьніца! Хоць агенты ФСБ! Калі Анісім, быўшы агентам ФСБ, будзе адэкватна прасоўваць распаўсюд беларускай мовы, я буду за.

У дадзенай сытуацыі мне патрэбны вынік. І мне здаецца, што калі апазыцыя будзе разглядаць сваю тактыку як бізнэс-працэс, які павінен стаць пасьпяховым, тады будзе вынік. Бо на дадзены момант яны штогод робяць адны і тыя ж памылкі. І выніку няма.

— Дык калі вы прыйдзеце ў палітыку?

— Усе кажуць — «я піяруся». Зьмірыцеся — я піяруся. Але ісьці ў палітыку я не хачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG