Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэю Бандарэнку пагражае новы турэмны тэрмін


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

11 студзеня былому праваабаронцу Андрэю Бандарэнку было выстаўлена канчатковае абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 411 — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, зьдзейсьненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства». Яму пагражае новае пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

На наступным тыдні справу перададуць у пракуратуру для накіраваньня ў суд, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. Праз гэта былы кіраўнік праваабарончай «Плятформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

Акрамя таго, за ўсімі дзеяньнямі Андрэя Бандарэнкі працягваецца жорсткі кантроль. Так, 11 студзеня было накладзена яшчэ адно спагнаньне — нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за сьпінай. У выніку спагнаньня асуджанага пазбавілі чарговай перадачы.

9 студзеня суд Шклоўскага раёну прыняў да разгляду скаргу Андрэя Бандарэнкі на тое, што яго з 1 кастрычніка 2015 году паставілі на прафіляктычны ўлік як асобу, «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў». Скарга будзе разгледжаная судом Шклоўскага раёну 16 студзеня. Пачатак судовага паседжаньня ў 14.10 (каб. № 3).

Ранейшыя спробы абскардзіць перадузятыя і неабгрунтаваныя спагнаньні з боку адміністрацыі папраўчых устаноў у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, органах пракуратуры і судах заставаліся беспасьпяховымі. Так, суд Ленінскага раёну Магілёва адмовіўся разглядаць скаргу аб пастаноўцы Бандарэнкі на прафіляктычны ўлік як асобы, «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў», перанакіраваўшы яе ў ДВП, а суд Шклоўскага раёну ўвогуле ня стаў разглядаць скаргу, за што судзьдзю Віталя Волкава пазбавілі прэміі.

Цяперашні тэрмін зьняволеньня Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 году. 12 жніўня 2014 году Бандарэнка быў асуджаны за хуліганства і атрымаў 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да 3 гадоў. 22 сьнежня 2015 году былога праваабаронцу перавялі са шклоўскай калёніі ў магілёўскую турму № 4.

Калі Андрэя Бандарэнку зноў асудзяць, праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG