Аўтар і калюмніст спартовай газэты «Прессбол», генэральны сакратар футбольнага клюбу БАТЭ распачаў новы праект на беларускай мове пад назвай «БелВашкевіч».
У яго рамках аўтар мае наведаць стадыёны па ўсім сьвеце, каб высьветліць — хто ён, сапраўдны футбольны аматар? Першая сэрыя — рэпартаж з расейскага Бранску — ужо зьявілася на pressball.by.
Старт беларускамоўнай ініцыятывы Андрэя Вашкевіча супаў з антымоўнымі заявамі радыёвядоўцы Канстанціна Каверына, які, сярод іншага, працуе дыктарам на хатніх матчах БАТЭ.
— Андрэй, як атрымалася, што людзі, заангажаваныя ў адну структуру, прапаведуюць розныя каштоўнасьці ў адносінах да роднай мовы?
— Гэта Косьцева асабістая справа. Не хачу нічога фантазіраваць на тэму яго пэрсанальных адносін зь беларускай мовай, тым больш ён сьцьвярджае — маўляў, ня мову мае на ўвазе, а менавіта выкладчыкаў, сама мова яго не раздражняе. З тым жа Горватам, па яго словах, ён размаўляе па-беларуску. А ўвогуле я лічу, што гэтым заявам аддаецца больш увагі, чым трэба. Ніколі ня бачыў, каб Каверын быў нейкім моўным экстрэмістам. Калі нехта размаўляе па-беларуску, то ён не спрабуе гэта спыніць або выказаць нейкі нэгатыў.
— Асабіста вам удалося пазьбегнуць такіх «моўных траўмаў» у дзяцінстве?
— Усе мае настаўнікі беларускай мовы былі проста выдатнымі прафэсіяналамі сваёй справы. Я вучыўся ў Барысаве, і першыя шэсьць гадоў працэс адбываўся выключна па-беларуску. Для мяне ня ўсё было так проста: тата мой з Барысава, маці — руская, нарадзілася ў сяле Новаархангельскае Пачынкаўскага раёну Ніжагародзкай вобласьці. Дома размаўлялі выключна па-руску. Тым ня менш мама, хоць і амаль не разумела на той момант беларускай, вельмі паважліва да яе ставілася.
Бацькі аддалі мяне ў экспэрымэнтальны беларускамоўны кляс 23-й школы. Клясным кіраўніком была фантастычная Марыя Фёдараўна Вiнічэнка. У пачатковай школе былі «русчыт» і «русьпіс», а ўсё астатняе — ад матэматыкі да працы і фізкультуры — па-беларуску.
Наступныя два гады я навучаўся ў беларускамоўнай гімназіі, потым зьмяніў профіль, перайшоў у 15 школу, дзе на першае месца выйшла ангельская мова. Магчыма, мне пашанцавала, але выкладчыцы беларускай мовы заўсёды былі выдатныя — што ў 23 школе, што ў 15-й, што ў гімназіі. Я ім усім вельмі ўдзячны. Мабыць, у Косьці сытуацыя аказалася больш складаная...
— Падалося, што летась вы прынялі блізка да сэрца заявы раварыста Васіля Кірыенкі, які сказаў, што беларуская мова — «мёртвая», асабіста для яго жывейшая нават басцкая.
— Напэўна, заяве Васіля таксама было аддадзена зашмат увагі. Не магу сказаць, што мая рэакцыя была нечым з шэрагу патрыятычнага ўзрушэньня. Я скончыў Лінгвістычны ўнівэрсытэт, у маім дыплёме запісана «лінгвіст» як першая спэцыяльнасьць. Таму ягонымі заявамі я больш абурыўся менавіта як лінгвіст. У тых жа баскаў таксама складаная сытуацыя з мовай. У іх, магчыма, іншае стаўленьне да яе, але колькасьць носьбітаў не такая ўжо і значная.
Тое ж тычыцца шмат якіх краін, у якіх, як і ў баскаў, моцная нацыянальная самасьвядомасьць і, на першы погляд, з мовай павінна быць усё добра. Аднак шатляндзкая гэльская мае нязначнае хаджэньне, вельмі мала хто на ёй размаўляе. У Ірляндыі лепш, але па факце мова таксама ў заняпадзе. Спрабуюць прымаць меры, але вельмі цяжка нечага дасягнуць, калі ў якасьці альтэрнатывы мова, на якой гаворыць увесь сьвет — ангельская.
Шмат малых моваў сутыкаюцца з тымі ж праблемамі. Не сакрэт, што ёсьць мовы больш прывабныя для вывучэньня і больш практычныя для жыцьця. Па-расейску, напрыклад, разумеюць шмат у якіх краінах, яна была мовай зносін у СССР. Дзякуючы ёй беларус і грузін маглі паразумецца.
— То бок чуткі пра мёртвую беларускую мову, перафразуючы клясыка, моцна перабольшаныя?
— Пытаньні «мёртвасьці» мовы, як, дарэчы, і пытаньні «мова ці дыялект», я разглядаю выключна ў навуковым сэнсе. Калі ўзяць падручнік па агульным мовазнаўстве, там будзе напісана, што існуюць славянскія мовы: паўднёваславянскія, заходнеславянскія і ўсходнеславянскія. Сучасных усходнеславянскіх тры — украінская, расейская і беларуская. Такім чынам, беларуская — не дыялект.
Гэтаксама ёсьць клясыфікацыя па мёртвасьці і жывасьці. Дык вось беларуская мова ў навуковым сэнсе — жывая. У шэраг «мёртвых» яе пакуль дакладна рана запісваць. Васіль мае права на ўласную думку, але яна ня мае ніякага дачыненьня да навукі і разуменьня рэальнага стану рэчаў. Так, усе ведаюць пра праблемы беларускай мовы, і яны сапраўды ёсьць. Але казаць, што беларуская мова мёртвая, абсалютна нельга.
— Як да вашай беларускамоўнасьці ставяцца ў клюбе, у «Прессболе»?
— Ніхто не казаў мне штосьці дрэннае з гэтай нагоды — ні ў камандзе, ні ў рэдакцыі. БАТЭ я ўвогуле ўдзячны, што яны ня робяць спробаў улезьці ў мае прэсболаўскія артыкулы — што хачу, тое і пішу. Наконт выбару мовы абсалютна ніякага дыктату. Калі па шчырасьці, у беларускай спартовай журналістыцы ня так шмат разнастайнасьці. Аўтар павінен сам ставіць сабе нейкія плянкі, інакш ён проста «труп за кампом».
Калі ты пішаш 10 гадоў прыблізна адно і тое ж, папросту ўжо ня можаш уразіць самога сябе, ня кажучы пра іншых. Пераключыўся на беларускую мову, каб не было спакусы ўзяць з паліцы падрыхтаваны штамп, каб быў адрэзаны шлях да цытат з БГ (Барыс Грабеншчыкоў — расейскі рок-выканаўца. — РС) і простых адпрацаваных расейскамоўных рэцэптаў. Гэта сапраўды чэлендж.
Папраўдзе, беларускую я ведаю горш за расейскую — на жаль, як і значная частка насельніцтва краіны. Таму гэта шанец і родную мову лепш пазнаць, і прыдумаць сабе цікавы занятак. Чаго гнаць адну і тую ж хвалю? Тым больш што ў красавіку я завяршыў свой праект «The Daily Vashkevich» — калёнка выходзіла 365 дзён запар. Здаецца, напісаў ужо пра ўсё, што толькі было можна, паказаў увесь жоўты бок сваёй журналісцкай істоты. А зараз будзе нешта зусім іншае. Мабыць, бліжэй да літаратуры, чым да журналістыкі. «БелВашкевіч» у гэтым сэнсе — антонім «The Daily Vashkevich».
— Колькі слоў пра ўласна аўтарскі праект з прыстаўкай «бел». Тэмы ў абавязковым парадку будуць прывязаныя да спорту? Ці, магчыма, фармат шырэйшы?
— Нейкія межы перад сабой акрэсьліваць не хачу. Як пойдзе. Часта здараецца: як пачынаеш, думаеш пра адно, а на выхадзе атрымліваецца зусім інакш. Таму не магу зараз сказаць, што зраблю тое і тое. Гэта сапраўдная прыгода. Да спорту будзе прывязана дакладна, але наколькі — гэта пытаньне кожнай асобнай сэрыі. Тое, ад чаго не ўцячы, — граўндгопінг (хобі, зьвязанае з наведваньнем матчаў на як мага большай колькасьці стадыёнаў. — РС). Я вельмі люблю адкрываць новыя стадыёны. Мой дэвіз такі: лепшы стадыён — гэта наступны, новы, на якім пабываю.
Ужо заўтра мы едзем з жонкай у Стакгольм на фінал Лігі Эўропы, будзем заўзець за наш любімы «Аякс». Наагул у маім жыцьці ёсьць толькі дзьве каманды — БАТЭ і «Аякс», усе астатнія — гэта ўжо ня тое. Ну дык паедзем, паглядзім на Швэцыю, таксама нешта пакладзецца на паперу.
— Андрэй, а вершаваныя адказы ад імя БАТЭ ініцыятару моўнай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігару Случаку — таксама прыгода?
— Ну як вам сказаць? З аднаго боку — так, прыгода. Зь іншага, калі вам піша Случак, з пункту гледжаньня піяру, праецыраваньня вашага прадпрыемства на зьнешнюю прастору, надзвычай складана знайсьці спосаб адказаць так, каб на ваш адрас не панеслася ад публікі «ганьба», «ворагі роднай мовы» і ўсё астатняе.
Я перабраў у галаве шмат варыянтаў. І вершаваны адказ на беларускай мове — бадай, адзіны, пры якім усе застануцца задаволенымі. Чытачы ў тым ліку. Пісаць нешта ў духу — «так, мы разгледзелі вашу прапанову...» — бессэнсоўна, ніхто нават не рэтвітне. А што да вершаванай формы, то ёсьць вялікі шанец, што яе перадрукуюць мэдыі. Гэта нашмат лепш, выглядае нестандартна. Дый пісаць такі адказ цікавей, чым чарговы «тыповы». Усе пішуць адно і тое ж. А трэба спрабаваць зьдзівіць — і сябе, і чытачоў.
Андрэй Вашкевіч — генэральны сакратар ФК БАТЭ і шматгадовы калюмніст pressball.by. Нарадзіўся ў Барысаве, выпускнік-выдатнік МДЛУ і ўнівэрсытэту Лівэрпуля (МВА).
Рабіў рэпартажы са стадыёнаў ангельскай прэмʼер-лігі, апісваў футбол у Катманду, гандбол у Покхары, рэгбі ў Гале, скачкі ў Эскаце, крыкет у Сыднэі. Быў з БАТЭ ў Мадрыдзе, Барсэлёне, Міляне, Рэйкʼявіку, на Мадэйры і яшчэ ў 40 гарадах па ўсёй Эўропе. За апошнія гады наведаў паўтары сотні стадыёнаў: 2011/12 — 38, 2015 — 71, 2016 — 40. З улікам ранейшых паездак — блізу 200.
Да сёлетняга красавіка 365 дзён запар у «Прессболе» выходзіла ягоная аўтарская калёнка «The Daily Vashkevich». У суме праект сабраў 1,7 мільёна праглядаў.
Вашкевіч — першы беларускі журналіст, які пісаў пра крыкет з трох кантынэнтаў: Аўстраліі, Азіі і Эўропы. Першы беларускі рэпартэр на Australian Open. Пераможца прэміі Беларускай фэдэрацыі гандболу за самы арыгінальны артыкул пра гандбол (2010). Разам з Артурам Жолем — пераможца прэміі «Мэдыя-Алімп» за лепшыя матэрыялы пра Рыё-2016 на інтэрнэт-парталах.
Друкаваўся ў беларускіх і замежных мэдыях: «Прессбол», «Большой футбол», часопіс ХК «Дынама» (Менск), расейскія «PROСПОРТ», «Total Football», «Советский спорт». Для forbes.ru піша па-расейску, для uefa.com — па-ангельску, новы праект для pressball.by — па-беларуску.