Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рэжысэр абвінавачвае дырэкцыю «Лістапада» ў карупцыі


Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Мінкульт лічыць гэтыя абвінавачаньні «суб’ектыўнымі і неабгрунтаванымі».

Аляксей Туровіч намагаецца аспрэчыць рашэньне аргкамітэту міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад-2015», які не ўключыў ягоную мастацкую стужку «Трэба жыць» у праграму форуму.

Спадар Туровіч атрымаў адказ на сваю скаргу, якую ён дасылаў у Міністэрства культуры. Адказ прыйшоў з Цэнтру культуры візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт карпарэйшн», які, уласна кажучы, і адбірае стужкі дзеля далейшага паказу. У лісьце гаворыцца, што прэтэнзіі спадара Туровіча былі вывучаныя, але абвінавачаньні ў ангажаванасьці сябраў журы прынятыя быць ня могуць:

«Згодна з рэглямэнтам міжнароднага фэстывалю „Лістапад“, дырэкцыяй якога зьяўляецца Цэнтар культуры візуальных і выканаўчых мастацтваў „Арт карпарэйшн“, у нацыянальным конкурсе ўдзельнічаюць поўнамэтражныя, сярэднемэтражныя і кароткамэтражныя ігравыя, дакумэнтальныя і анімацыйныя фільмы, створаныя за 2 апошнія гады беларускімі аўтарамі ў Беларусі і за яе межамі. У выпадку пасьпяховага адбору дырэкцыя паведамляе аўтарам карцін пра іхні ўдзел у фэстывалі. Той факт, што фільм „Трэба жыць“ створаны беларускім рэжысэрам з удзелам беларускіх актораў, не азначае, што ён аўтаматычна трапляе ў праграму конкурсу нацыянальнага кіно. Гэта ўсяго толькі абавязковая ўмова для ўдзелу ў конкурсе, а не гарантыя ўдзелу ў ім. Прафэсійнае журы не абавязанае тлумачыць кожнаму з удзельнікаў, хто ня трапіў у праграму конкурсу, прычыну, чаму менавіта гэты фільм ня быў адабраны. У сувязі з гэтым абвінавачаньні ў карупцыі і сабатажы працы фэстывалю, якія ўтрымліваюцца ў скарзе, уяўляюцца суб’ектыўнымі і неабгрунтаванымі».

Аўтар фільму Аляксей Туровіч тлумачэньнем не задаволены і лічыць такі падыход «дыскрымінацыяй» у дачыненьні да незалежных рэжысэраў. Па яго словах, фэстываль даўно ператвораны ў міжсабойчык «для сваіх», куды пабочным асобам уваход забаронены:

Увогуле дзіўна: сама назва фэстывалю беларуская — „Лістапад“, а ніводнай беларускай стужкі ў конкурснай праграме, па сутнасьці, няма

«Калі там, як яны пішуць, сапраўды працуе прафэсійнае журы фэстывалю — у адпаведнасьці з агульнапрынятымі ўсясьветнымі прынцыпамі адбору — тады чаму яны не пазначылі, хто менавіта быў у гэтай камісіі і на якой падставе мне было адмоўлена? Бо агульныя словы — гэта проста непавага да працы рэжысэра. Ніякай празрыстасьці ў гэтым адказе я ня ўбачыў. Асабіста я лічу, што фільм дасканала зроблены і для экраннага паказу, і для тэлебачаньня як з тэхнічнага гледзішча, так і акторскага. Усе патрабаваньні вытрыманыя на самым высокім прафэсійным узроўні. Таксама не зразумела, чаму яны не абавязаныя даваць інфармацыю, калі фільм „забракаваны“? Што гэта за рэглямэнт? Таму крыўдна, што прэм’ерны фільм, які ўжо браў прызы на міжнародных праглядах, у Беларусі фактычна праігнараваны. Хоць карціна ігравая, яна ўздымае глябальныя пытаньні, актуальныя для сёньняшняга грамадзтва. Тады паказалі б па-за конкурсам, калі паступіла такая вялікая колькасьць заявак. Увогуле дзіўна: сама назва фэстывалю беларуская — „Лістапад“, а ніводнай беларускай стужкі ў конкурснай праграме, па сутнасьці, няма. Таму мне самому давялося пісаць у Міністэрства культуры, шукаць сьляды майго фільму».

Кадар з фільму «Трэба жыць» Аляксея Туровіча
Кадар з фільму «Трэба жыць» Аляксея Туровіча

Фільм «Трэба жыць» зьняты паводле апавяданьня «Грэшніца» беларускага пісьменьніка, драматурга Анатоля Дзялендзіка. Сюжэт грунтуецца на рэальных падзеях, якія пасьля Другой усясьветнай вайны адбываліся ў Паставах на Віцебшчыне. Да пачатку 1960-х там дзейнічалі байцы Арміі Краёвай, якіх высочвала міліцыя. Сваю «вайну» вяла і маладая дзяўчына, галоўная гераіня карціны. Як удакладняе Аляксей Туровіч, агулам фільм — пра маральнасьць, пра тое, як важна берагчы культуру адносінаў.

У фільме здымаліся як прафэсіяналы, так і звычайныя людзі. У ролі «грэшніцы» — Віялета Сарвірава. У якасьці кінаартыстаў паспрабавалі сябе сьпявак Аляксандар Ціхановіч і камэдыйны актор Яўген Крыжаноўскі. Аднаго зь міліцыянтаў грае сам Аляксей Туровіч.

Рэжысэр, актор, прадусар Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне. Рос без бацькоў у інтэрнаце. Да войска рабіў у саўгасе трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у расейскай Сыбіры, вадзіў цягнікі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Зьняўся больш як у 40 стужках, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю», «Вам — заданьне» і г.д.

Балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG