Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў 1992-м: Разумныя людзі ўжо падумваюць аб дыктатуры


Дэпутат Аляксандар Лукашэнка ў Авальнай залі. Фота Ул. Сапагова
Дэпутат Аляксандар Лукашэнка ў Авальнай залі. Фота Ул. Сапагова

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

У пачатку 1992 году мне перадалі аўдыёкасэту з запісам выступу 28 студзеня дэпутата Аляксандра Лукашэнкі па шклоўскім раённым радыё. Ён адказваў на пытаньні журналіста, але гэта быў фактычна маналёг, значная частка якога была прачытаная па паперцы.

Кожны, хто піша пра самы пачатак 1990-ых гадоў, асабліва пра Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, сутыкаецца з праблемай: у якой ступені казаць пра Лукашэнку? Надаваць вялікую ўвагу гэтай асобе ці абмежавацца канстатацыяй ягонага ўдзелу ў тым або іншым паседжаньні?

З аднаго боку, маюць рацыю тыя, хто нагадвае, што Лукашэнка не адыгрываў у тагачасным палітычным жыцьці Беларусі вызначальнай ролі — у лепшым выпадку, яе можна было б назваць толькі прыкметнай. І таму, лічаць яны, празьмернае акцэнтаваньне ўвагі на ягонай асобе скажае рэальнасьць.

Але з другога боку — такі аргумэнт быў бы цалкам слушны ў тым выпадку, калі б Лукашэнка і пасьля 1994 году заставаўся дэпутатам парлямэнту, якіх сотні, альбо быў прызначаны міністрам, якіх дзясяткі ці, наадварот, вярнуўся да родных ніў у сваім саўгасе. Але гэтага ня здарылася. Адбылося іншае — Лукашэнка стаў на чале дзяржавы і на момант напісаньня гэтай кнігі кіруе ёй ужо больш як два дзесяцігодзьдзі; тэрмін, які даўно перавысіў тэрмін уладараньня Брэжнева і набліжаецца да тэрміну Сталіна. Калі ж казаць пра Беларусь, дык нават Машэраў, які з усіх першых сакратароў ЦК кіраваў найбольш (15 гадоў), ужо значна адстае паводле гэтага паказьніку ад Лукашэнкі. Вырасла пакаленьне беларусаў, якое нарадзілася пры Лукашэнку — і ў іх ужо ёсьць свае дзеці.

Таму і дасьледчыкі, і мэмуарысты (а калі-небудзь, магчыма, і празаікі) будуць акцэнтаваць увагу на гэтай асобе, шукаць і знаходзіць тыя або іншыя ўчынкі, заявы, урэшце, пэўныя рысы характару, якія пазьней вызначаць Лукашэнку як прэзыдэнта.

Зрэшты, гэта тычыцца ўсіх першых асобаў, якія адыгралі істотную ролю ў лёсе сваіх народаў, незалежна ад станоўчай ці адмоўнай ацэнкі іх дзейнасьці. Чэрчыль ня быў «першай скрыпкай» у парлямэнце ў пачатку 1900-х, роўна як і Гітлер не вызначаў палітычны пэйзаж Нямеччыны пачатку 1920-х, але аўтарам кніг пра сытуацыю ў Брытаніі на мяжы мінулага і пазамінулага стагодзьдзяў ці пра Вaймарскую рэспубліку не абысьціся без узгадваньня гэтых асобаў.

Радыёвыступ Лукашэнкі перад сваімі выбаршчыкамі ў студзенi 1992-га дае добры матэрыял як для аналізу ягонай асобы, гэтак і для ілюстрацыі тагачаснай палітычнай сытуацыі.

Нагадаю, што ў самым пачатку дзейнасьці Вярхоўнага Савету Лукашэнка ўваходзіў у дэпутацкі Дэмклюб, вясной 1991-га абвінаваціў 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева ў дыктатарскіх памкненьнях, у жніўні падпісаў зварот больш як 80 дэпутатаў склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. На гэтым праявы «дэмакратызму» скончыліся. Ён адмовіўся ня тое што галасаваць, але нават рэгістравацца, калі галасавалі за незалежнасьць і прыпынялі дзейнасьць КПБ-КПСС, празь месяц фактычна паставіў пад сумнеў наданьне «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў. Не падтрымаў Лукашэнка і ініцыятывы правядзеньня рэфэрэндуму.

Усе расейскамоўныя тэксты ў гэтай кнізе — прамовы, артыкулы, дакумэнты — падаюцца ў перакладзе на беларускую. Тое самае тычыцца і сказанага Лукашэнкам. Але для выступу па шклоўскім раённым радыё я раблю выключэньне, пакідаючы яго на мове арыгіналу — бо гэта дае больш поўнае ўяўленьне пра асаблівасьці прамоваў Лукашэнкі, зьвернутых не да дэпутатаў у Авальнай залі, а да звычайных людзей. Пакідаю бязь зьменаў і пабудову фразаў — там, дзе ён адрываўся ад паперы.

«... у меня было своё особое мнение»

Пачаў Лукашэнка з тэмы рэфэрэндуму.

«... Не надо быть большим политиком, чтобы видеть причину всего этого. Я ни в коем случае не стану защищать Верховный Совет, волею вашей в котором мне приходится работать. Это действительно непредсказуемый Верховный Совет, это Верховный Совет, который может неквалифицированно, неграмотно принять то или иное решение, уничтожить партию, вырезать её, откровенно говоря, не брезгуя никакими законами. Верховный Совет, который может быстренько, за один вечер поменять и флаг, и герб, и суверенитет объявить, и так далее. Я ни в коем случае в этом плане Верховный Совет защищать не стану».

У гэтым абзацы — квінтэсэнцыя палітычнай пазыцыі Лукашэнкі, якой яна выявіцца ў дзесяцігодзьдзі будучага прэзыдэнцтва.

Абвяшчэньне Незалежнасьці не ўяўлялася Лукашэнку ажыцьцяўленьнем мараў пакаленьняў беларусаў, як і наданьне нацыянальным сымбалям статусу дзяржаўных не ўспрымалася гістарычнай заканамернасьцю, а толькі праявай пасьпешлівага («быстренько, за один вечер») рашэньня. Прычым рашэньня няправільнага, па сутнасьці злачыннага (потым Лукашэнка будзе ужываць менавіта гэтае вызначэньне), за якое Вярхоўны Савет павінен прасіць апраўданьня — але ён, Лукашэнка, усьведамляючы ўсю злачыннасьць такога рашэньня, апраўдваць парлямэнт не зьбіраецца.

Тое самае тычыцца і пастановы аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, якую Вярхоўны Савет прыняў пад ціскам Апазыцыі БНФ. Тут Лукашэнка выказваецца яшчэ больш экспрэсіўна — «вырезать» партыю. Хаця ў фізычным сэнсе ніводзін волас ня ўпаў з галавы былых камуністаў (за выключэньнем таго, што сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня быў абпляваны на плошчы, але яго адразу ўзяла пад ахову дружына БНФ; інцыдэнт, між іншым, здарыўся яшчэ да рашэньня аб КПБ-КПСС). Не было і ніякага судовага або палітычнага перасьледу былых камуністаў, а найбольш актыўныя зь іх рэгулярна зьбіраліся пад чырвонымі сьцягамі, выпускалі свае газэты, у якіх ставілі пад сумнеў існаваньне Беларусі як сувэрэннай краіны, палівалі брудам бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». У пачатку 1992-га практычна ўся кіруючая намэнклятура была ўладкаваная ў структурах выканаўчай улады.

«Хотя и себе, на себя не могу взять ответственность за такие действия. Я уже говорил вам, по многим, что у меня было своё особое мнение, которое я не придерживался частенько общего мнения, которое бытовало в Верховном Совете».

У гэтай не зусім пісьменнай канструкцыі Лукашэнка спрабуе данесьці, што за незалежнасьць і прыпыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС ён не галасаваў (што поўная праўда: 25 жніўня 1991 ён ня ўдзельнічаў у галасаваньні. А вось супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў у сьнежні 1991-га прагаласаваў толькі Валер Ціхіня — гэта я бачыў на ўласныя вочы, нашыя крэслы ў Авальнай залі былі побач).

Далей Лукашэнка перайшоў да ініцыятараў рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах.

«Люди эти в основном теоретики, к которым, к сожалению, в последнее время примкнул и руководитель Верховного Совета Станислав Станиславович Шушкевич. Наверное, многие заметили, что у меня на этой почве часто бывают столкновения с ним, не только в Верховном Совете, но и здесь, на Могилёвщине, когда он встречался с фермерами. Идёт дикая борьба за власть. Борьба в то время, когда она абсолютно не нужна, И в этой борьбе ничем не брезгуют. Поэтому к БНФ примкнули и другие „демократические“ так называемые партии. Вы знаете, что у нас и в Шклове ярким представителем такой партии является, в кавычках, надо сказать, бывший мой помощник, товарищ Щербак».

Шушкевіч зусім не «примкнул» да БНФ, пра што Лукашэнка цудоўна ведаў, назіраючы за паводзінамі сьпікера — хаця б за адным толькі адключэньнем мікрафонаў перад дэпутатамі апазыцыі. Што да рэфэрэндуму, дык Шушкевіч ад пачатку выступіў катэгарычна супраць.

«Кто придёт? Пазьняк со своей командой? Ну что ж, гражданской войны не избежать»

Лукашэнка невыпадкова згадаў Аляксандра Шчарбака — можна меркаваць, што менавіта ён і быў нагодай для выступу на раённым радыё.

Вясной 1989-га Шчарбак працаваў у аргаддзеле Шклоўскага райкаму КПБ і ўдзельнічаў у камандзе Лукашэнкі на выбарах народных дэпутатаў СССР (тады выйграў Кебіч), а праз год, у 1990-ым, фактычна ўзначаліў выбарчую кампанію дырэктара саўгасу «Гарадзец» у Вярхоўны Савет БССР ХІІ скліканьня. Тагачасны дырэктар саўгасу «Іскра» суседняга Бялыніцкага раёну Рыгор Кастусёў лічыць, што ў вялікай ступені дзякуючы Шчарбаку Лукашэнка і стаў дэпутатам, і гэтае ягонае меркаваньне падзяляе шмат хто з тых, хто сачыў за той выбарчай кампаніяй альбо ўдзельнічаў у ёй.

Аляксандар Шчарбак быў памочнікам Лукашэнкі як дэпутата, але ўжо ў 1991-ым зь ім разышоўся: «Шчарбак разгледзеў у Лукашэнку ворага беларускасьці, ворага незалежнасьці Беларусі і не пайшоў за Лукашэнкам. І заставаўся на гэтым баку да канца сваіх дзён», — прыгадваў Рыгор Кастусёў у інтэрвію Радыё Свабода. Аляксандар Шчарбак быў сябрам некалькіх партый (Сацыял-дэмакратычнай грамады, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, пэўны час узначальваў Шклоўскую раённую суполку БНФ), выпускаў газэту, затрымліваўся, штрафаваўся, быў жорстка зьбіты «невядомымі», перажыў тры інсульты і памёр у лютым 2013 году.

Журналістка і суаўтарка разам з Паўлам Шараметам кнігі пра Аляксандра Лукашэнку Сьвятлана Калінкіна ў інтэрвію Радыё Свабода сказала, што Шчарбаку няпроста было прыгадваць часы супрацоўніцітва з Лукашэнкам: «...калі чалавек спрабуе нават не апраўдацца, а зразумець самога сябе: як ён ня мог заўважыць нейкіх такіх званочкаў, якія б сьведчылі пра тое, што Лукашэнка быў ня тым барацьбітом з карупцыяй, за якога сябе выдаваў? Гэта быў пошук адказаў, як я асабіста зрабіў гэтую памылку і як уся краіна зрабіла гэтую памылку» (Радыё Свабода, 19 лютага 2013).

І ўсё ж Шчарбак адным зь першых разгледзеў у асобе Лукашэнкі тое, што іншыя ўбачылі значна пазьней, калі ён ужо заняў найвышэйшую ў дзяржаве пасаду. Да асобы Шчарбака Лукашэнка ў сваім выступе яшчэ вернецца, а пакуль — ізноў пра рэфэрэндум:

«И сегодня развернулась кампания сбора подписей о проведении всебелорусского референдума по недоверии Верховного Совета. Ну что ж, может быть, это и надо. Но я часто задумываюсь над другим вопросом: а что это даст? Кто придёт сегодня в Верховный Совет? Пазьняк со своей командой? Ну что ж, гражданской войны не избежать. Я в этом просто убеждён. Убеждён потому, что эти люди не умеют искать компромиссов, и я их хорошо знаю, тесно сотрудничал и сотрудничаю с ними. Эти люди не идут ни на какие уговоры. Остервенели. Остервенелая драка за власть, стремление захватить эту власть».

У гэтым кавалку праўды — толькі пра тое, што кампанія збору подпісаў за рэфэрэндум сапраўды пачалася.

Канешне, Лукашэнка мог сказаць, што добра ведае дэпутатаў Апазыцыі БНФ, усё ж правёў разам з намі амаль два гады ў Авальнай залі, у часе сэсіяў — штодня па некалькі гадзінаў.

Але — ня болей. За выключэньнем першых дзён працы Вярхоўнага Савету ў 1990 годзе, калі Лукашэнка прыходзіў на пасяджэньні Дэмакратычнага клюбу, у склад якога ўваходзілі і дэпутаты БНФ, Лукашэнка ні ў якай калектыўнай працы ня ўдзельнічаў.

Ён не супрацоўнічаў з дэпутатамі БНФ (між іншым, даволі сумнеўная заява — супрацоўнічаць з тымі, хто нібыта прывядзе да грамадзянскай вайны; але супярэчлівасьці часта здараліся ў выступах Лукашэнкі нават у межах адной фразы). Аднойчы ў 1990 годзе ён прыйшоў на пасяджэньне Апазыцыі БНФ, мы якраз разьмяркоўвалі тэмы законапраектаў, прапанавалі яму далучыцца да групы, якая працавала над «аграрным» блёкам, ён нібыта пагадзіўся, але больш не прыходзіў. Я ўвогуле ня памятаю, каб Лукашэнка ўдзельнічаў у працы над нейкім законапраектам, разам з апазыцыяй ці разам з камуністамі — такая праца вымагала шмат высілкаў, якія зусім не абавязкова маглі быць узнагароджаныя посьпехам у Авальнай залі ды цікавасьцю журналістаў Іншая справа — рэплікі ад мікрафона і гучныя заявы, якія прыцягвалі ўвагу прэсы.

Ну а тое, што распрацаваныя дэпутатамі БНФ заканадаўчыя прапановы, нягледзячы на палітычны антаганізм парлямэнцкай большасьці, усё ж час ад часу прымаліся, было вынікам ня столькі нашых прамоваў з трыбуны ці ад мікрафонаў, колькі чарнавой кулюарнай працы, пераконваньня нашых палітычных апанэнтаў, дзе-нідзе і ўзаемных саступак — і гэта цалкам абвяргае словы Лукашэнкі пра нібыта няздольнасьць лідэраў БНФ да кампрамісаў.

Лукашэнка заўсёды адчуваў, на чым баку сіла

«Я не могу согласиться с ними и в том, что правительство в данной критической ситуации практически ничего не делает, хотя и мало чего делает. Я в качестве примера доброй инициативы со стороны правительства хотел бы привести недавнюю поездку в Китай.

Совсем недавно мне пришлось быть членом делегации этого... этой делегации, и я был в Китае, изучая их опыт и договариваясь о конкретных делах».

Гэта быў той самы візыт у Кітай, пра які ў чэрвені 1994-га, у самы пік выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, будзе паказаны сюжэт па тэлебачаньні — Лукашэнку абвінавацяць у тым, што ён, так бы мовіць, узяў без дазволу з чамадана сьцюардэсы набыты ёй масажор. Сьцюардэса выявіла страту яшчэ ў палёце, паскардзілася камандзіру экіпажу, дайшло да Кебіча, і той прапанаваў праверыць багаж ва ўсіх. Але да гэтага не дайшло — паводле афіцыйнай вэрсіі, Лукашэнка сказаў, што выпадкова паклаў масажор у свой чамадан. Гісторыя ня мела працягу — аж да моманту, пакуль яна не была скарыстаная ў згаданым тэлесюжэце, дзе ўспамінам падзяліўся адзін з членаў дэлегацыі, намесьнік старшыні Дзяржкамітэту па зьнешнеэканамічных сувязях. Празь некалькі дзён былі пераможныя для Лукашэнкі выбары, але, што цікава, удзел у сюжэце намесьніку міністра пасады не каштаваў. Тады ж, у пачатку 1992-га, пра гэтую гісторыю ў кулюарах Вярхоўнага Савету казалі, зьвязваючы гэта з паваротам у палітычнай пазыцыі Лукашэнкі — ад дэмакратаў да Кебіча. Абвінавачаньне так і засталося галаслоўным і ніколі не было даказана судом.

У кожным разе, мне падаецца, што паварот гэты не вымагаў нейкай экстраардынарнай прычыны — Лукашэнка заўсёды быў аўтарытарны паводле характару і прасавецкі паводле мэнтальнасьці. Ягоная прадэмакратычная рыторыка была ўсяго толькі інструмэнтам для кар’еры. Ён заўсёды адчуваў, на чым баку сіла і куды, як сказалі б пазьней, «ідзе трэнд». На мяжы 1980-х і 1990-х гадоў у грамадзтве пераважалі дэмакратычныя настроі — і Лукашэнка быў каля дэмакратаў (не з дэмакратамі — а вось менавіта прыстасаваўшыся недзе збоку). Студзень 1992-га быў сапраўды драматычны — лібэральныя гайдараўскія рэформы ў Расеі, да якой Беларусь усё яшчэ была прывязаная, пры адсутнасьці рэформаў у Беларусі, як мы і папярэджвалі, прывялі да рэзкага «вымываньня» тавараў, пагаршэньня жыцьцёвага ўзроўню (як потым казаў старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, Беларусь «падаравала» Расеі каля ста мільярдаў рублёў). Сытуацыя патрабавала ўпэўненых крокаў у рынкавым накірунку — але ўрад Кебіча захоўваў «стабільнасьць», якая, акрамя ўсяго іншага, давала чыноўнікам магчымасьць стварыць базу пад будучыя канцэрны. Былая партыйная намэнклятура за некалькі месяцаў пасьля жніўня 1991-га перацякла ў выканаўчыя структуры, пад кантроль Кебіча, які ўсё больш канцэнтраваў у сябе рэальную ўладу. І Лукашэнка зрабіў выбар: не з дэмакратамі, а з Кебічам.

Прыкметна, што падобны выбар адначасна зрабілі і ягоныя будучыя паплечнікі на прэзыдэнцкіх выбарах — старшыня камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў і намесьнік старшыні Маладэчанскага гарсавету, дэпутат Віктар Ганчар (у кастрычніку 1992 году Ганчар увогуле заявіў, што Кебіч зьяўляецца адзіным гарантам стабільнасьці). Але пры гэтым кожны з трох меў свае мэты, і асноўнай сярод іх была ўласная кар’ера — разьлік зразумелы для палітыка, але ў гэтых выпадках інтарэсам дзяржаўнай незалежнасьці тут месца не было.

Ну а паколькі выбар быў зроблены (Кебіч), быць апошнім у атачэньні прэм’ера Лукашэнка ніяк ня мог. Толькі першы. Калі і ня самы першы, дык у ліку іх.

«Кітайцы на дадут 200 000 тонн сахара»

«Мы договорились, что китайцы помогут нам по бартеру, не за валюту, больше миллиона тонн зерна и примерно двести тысяч тонн сахара. А это примерно половина потребностей Беларуси. Сейчас премьер-министр попросил меня снова поехать в Китай во главе делегации уже и договориться о поставках конкретных нам, хлеб и сахар. Думаю, что если всё пойдёт нормально, то из этих двухсот тысяч тонн, очень надеюсь всё-таки, шкловчане около тысячи тонн получат. Если всё сложится так, как я рассчитываю, я имею обещание премьер—министра о том, что мы получим около тысячи тонн сахара на Шкловский район за то, что я поеду договариваться по этим вопросам. Более того, скажу: Кебич планирует визит в Шкловский район. Я его очень просил, говорил, что люди воспримут его визит нормально, и думаю, что мы можем от него ждать помощи здесь, во время его присутствия. У нас в последнее время сложились очень добрые отношения с этим человеком».

Натуральна, ніякай тысячы тонаў кітайскага цукру жыхары Шклоўскага раёну не атрымалі, як ня ўбачылі беларусы дзьвесьце тысячаў тонаў (у іншым выпадку «салодкая» тэма некалькі месяцаў гучала б з вуснаў Лукашэнкі ў інтэрвію агульнанацыянальным СМІ і з трыбуны Вярхоўнага Савету). Падаецца, прычынай такіх словаў была нават не ўласьцівая Лукашэнку ўжо тады звычка даваць заведама невыканальныя абяцаньні, а імкненьне падкрэсьліць сваю значнасьць. І ключавыя словы тут — «прэм’ер-міністар папрасіў мяне».

Увогуле, я б ня стаў за такое Лукашэнку надта ўжо асуджаць, паколькі такое імкненьне — паказаць блізкасьць да першых асобаў дзяржавы — было ўласьціва, у той або іншай ступені, практычна ўсім дэпутатам, за выключэньнем адзінак, каму не было патрэбы такім чынам самасьцьвярджацца ў вачах выбаршчыкаў (напрыклад, Пазьняку або Карпенку). Вядома, што амэрыканскія кангрэсмэны вывешваюць ў сваіх офісах на бачных месцах фатаздымкі, дзе яны побач з прэзыдэнтам. Пэўна, так было і будзе ва ўсіх краінах і ва ўсе часы. У гэтым выпадку адметна, што Лукашэнка выбраў блізкасьць не да Шушкевіча, які лічыўся дэмакратам і быў фармальна пэрсонай нумар адзін, а да пэрсоны нумар два — да Кебіча, які асацыяваўся з намэнклятурай. Ну і, канешне, уражвае маштаб матэрыялізацыі блізкасьці — сотні тысяч тонаў, палова патрэбаў краіны. Лукашэнка паказваў сябе перад выбаршчыкамі дзеячом менавіта агульнанацыянальнага маштабу.

Але і зямных, мясцовых праблемаў не цураўся:

«Сегодня как раз на совместном заседании президиума районного Совета и исполкома с участием многих депутатов, мне было поручено провести это заседание, мы обсуждали план на этот год по производству и районный бюджет. Депутаты присутствующие увидели очень много „белых пятен“ и проблем, которые сегодня существуют. И это не потому, что наше правительство не хочет работать, хотя я ещё раз подчёркиваю: много и много вопросов к ним, очень много. А потому, что мы развалили, ничего не построив, развалили старое. Я имею ввиду Союз. Мы нарушили связи между предприятиями. Сейчас ни одно предприятие гарантированно не может заявить о том, что его смежники поставят ему сырьё и материалы. Возьмите фабрику „Спартак“ нашу. Она на грани остановки. На грани остановки потому, что нет сырья, нет целлюлозы. И она не может сегодня производить эту бумагу. Разве такие вопросы так остро стояли раньше, когда существовал этот Союз, который был развален просто-напросто?»

На шклоўскіх тэмах аратар засяродзіўся ненадоўга і хутка перайшоў да міжнародных:

«И я должен прямо сказать, вы помните, наша беседа последняя закончилась тем, что я заявил, что я за СНГ не голосовал. Я высказал свои сомнения в этом плане. К сожалению, они подтвердились. СНГ практически нам кроме драки президентов на высшем уровне в Минске поочерёдно и в Москве, потом в Казахстане в Алма-Ате, ничего не даёт. Мы в экономике ни на шаг не продвинулись. Мы начали заниматься там фехтованием, Кравчук уколол Ельцина, Ельцин Кравчука, и пошло, и поехало, и наш Шушкевич туда ввязался, и втянул в это парламент. Поэтому развал на союзном уровне, развал этого Союза, который мы очень успешно развалили, привёл к развалу экономики и ухудшению жизни простого человека».

Тут Лукашэнка (ці не ўпершыню публічна) выказаў тэзіс, што пагаршэньне жыцьця — вынік распаду імпэрыі. Але сувэрэнітэт — не адзіная прычына катастрофы, ёсьць яшчэ як мінімум адна:

«Всё больше и больше сейчас звучат вопросы, что человек брошен в стихию рынка. На последнем заседании Верховного Совета, выступая по вопросам экономики, по вопросам бюджета, я заявил прямо, может быть, и несколько резко, особенно в интервью в „Радиофакте“, другим редакциям нашим, нашего радио, я заявил, что цивилизованные и разумные люди в такой ситуации действительно уже подумывают о диктатуре. Мы сами своими действиями в экономике пришли к диктатуре. Что я имею в виду? Мы пришли к тому, что нужно сегодня доводить жёсткие планы, что за эти планы нужно спрашивать, что надо регулировать цены, надо отказаться от свободного ценообразования. Вот эти вот... подъём цен, он убивает людей. Люди больше не вынесут повышения цен. Поэтому нам надо ограничить цены. И предложение было, оно принято на заседании глав государств, на заседании СНГ, ограничить рентабельность 50% этих цен».

Пакуль што Лукашэнка вымушаны апраўдваць слова «дыктатура» — але яно ўжо прагучала.

«По пути из Китая мы очень долго разговаривали с премьер-министром о том, что же быть с ценами», — працягваў аратар, і ў слухача павінна было скласьціся ўражаньне, што кіраўнік ураду ня мог прыняць гэтае няпростае рашэньне, не параіўшыся з дырэктарам саўгасу «Гарадзец». Цэнаўтварэньне — тэма нават для Лукашэнкі складаная, але выйсьце было прэм’еру падказанае (тым больш, што час быў, дарога з Пэкіну да Менску і на самалёце няхуткая).

«Ну ладно, я согласен с тем, что нелегко даётся нам хлеб, молоко, мясо. Тут цены, может быть, стоит и оставить на этом уровне. Но совершенно недопустимо, и мировой опыт об этом говорит, когда поднимаются цены на промышленные товары. Ведь за границей наручные часы, одежда, обувь, они же стоят копейки! А у нас — дикие деньги. Поэтому нам, стремясь к мировым ценам на продукты питания, к чему мы уже пришли, нам надо стремиться к тому, чтобы понизить цены на эти товары. Только так, а не иначе. И премьер-министр со мной согласился. И мы договорились, что вот в ближайшее время мы сядем и обсудим эти проблемы. Но должен предупредить своих избирателей, что цены ещё поднимутся, административно поднимутся, на мясо. Это нужно ожидать. Но в то же время, мы будем бороться с монополизмом цен в промышленности. Вот такая ситуация сегодня складывается в экономике».

Дарэчы, даволі разумны аратарскі прыём: вяскоўцам (а менавіта яны складалі большасьць аўдыторыі) былі выгодныя высокія цэны на іх прадукцыю, і такі падыход ім павінен быў спадабацца. А вось тое, што выпускаюць у гарадах, можа каштаваць і капейкі.

«Лукашенко — не руководящий работник районного звена»

Далей журналіст зьвярнуўся да тэмы, якая, магчыма, і была нагодай выступу Лукашэнкі па раённым радыё — зьяўленьне ўлёткі, у якой выкрываліся камэрцыйныя інтарэсы мясцовага начальства:

«У горадзе Шклове зьявіліся лістоўкі аб тым, што некаторыя кіруючыя работнікі раёну, у якіх ёсьць улада, добра зарыентаваліся ў цяперашніх умовах. Пачалі браць зямлю пад фэрмэрскія гаспадаркі. Там жа, сярод іншых, прыгадваецца і ваша прозьвішча».

Абарону Лукашэнка пачынае з нападу на, як ён мяркуе, аўтара ўлёткі.

«Да, Володя, ты прав — в числе этих фамилий, моё прозвишча, як ты тут уже... ужо сказал. Но я очень сожалею, здесь очень большой подтекст, и люди удивляются, почему человек, который возле ног у тебя постоянно крутился, который якобы поддерживал тебя на выборах, который вхож был к тебе во все твои вопросы, который знал о тебе практически всё, вот так вот за спиной действуя, подбрасывает подлость такую. Я иначе этого и называть не могу. Потому что я знаком... вот, по возвращению из Китая, мне принесли эту листовку, я её почитал. Там тонкий намёк, что тут Лукашенко уже батраков будет нанимать, и на него они будут работать. Но как может заявлять человек, у которого нет в руках этих фактов? Это самая настоящая клевета, клевета на народного депутата, и я думаю, это тема для судебного разбирательства, что мы, наверное, и сделаем.

Но коль уж я затронул этот больной вопрос по этому человеку, я должен прояснить ситуацию. Не кто иной, как избиратели мои, настаивали на том, чтобы Щербак не был у меня помощником из-за того, что он не умеет работать с людьми. Я вынужден был его освободить от этой должности. Но по просьбе моих товарищей, которые вели борьбу предвыборную со мной, меня просто попросили быть инициатором, чтобы он работал в совхозе на профсоюзной работе. И надо сказать, я сам здесь виноват, что я настоятельно рекомендовал своим рабочим избрать его председателем профсоюзного комитета. Кстати, на первом заседании, на первом собрании его кандидатура не прошла, а только со второго раза уже по моему настоянию мы его избрали туда. К сожалению, и там этот человек не отличался своей честностью, принципиальностью. Вот он сейчас многих критикует, что что-то украли там, что-то взяли, дачу построили, а я приведу только несколько фактов. Совсем недавно по чужой доверенности он получает шины для своих собственных «жигулей», через раз, по чужой доверенности, и забывает внести, заплатить деньги. Нарушает, во-первых, финансовую дисциплину, получая по чужой доверенности, во-вторых, не платит деньги. Совсем недавно этот человек по доверенности совхоза приобретает три телевизора, два из которых оказываются у него дома. И когда я ему поставил принципиально вопрос, он мне заявляет: «А мы думали, голосуя за тебя, что ты будешь поддерживать нашу демократическую партию!»«

Няцяжка заўважыць несупастаўнасьць выстаўленых абвінавачаньняў: з аднаго боку, зямля, якую Лукашэнка сапраўды атрымаў, і нейкія недаказаныя парушэньні з афармленьнем набыцьця аўтамабільных шынаў і тэлевізараў. Але яшчэ больш уражвае схема, ужытая з мэтай дыскрэдытацыі апанэнтаў: маўляў, дэмакратыя для дэмакратаў — усяго толькі спосаб скрасьці. Такія самыя мэтады ў сьнежні 1993-га Лукашэнка скарыстае ў сваім «антыкарупцыйным» выступе, калі пераключыць увагу з найбліжэйшага атачэньня Кебіча на адносна невысокіх чыноўнікаў і абвінаваціць дэпутатаў апазыцыі ў тым, у чым яны ўвогуле былі не вінаватыя.

А крыху пазьней, ужо будучы прэзыдэнтам, будзе гэтак жа зьневажальна казаць пра тых, каму шмат у чым быў абавязаны пасадай, што ня ён ім, а яны яму абавязаныя.

Арэнду зямлі Лукашэнка патлумачыў наступным чынам:

«Что касается же принципиального вопроса, то сегодня Лукашенко — не руководящий работник районного звена. И по закону он имеет право иметь землю. Но цель моя была совсем в другом. Не столько мне нужна была эта земля, сколько дать толчок к развитию этого процесса. Ведь меня избиратели избирали и знали мои подходы. Знали вот мою нацеленность на перестройку в сельском хозяйстве, я всё больше и больше в этом убеждаюсь. Но если сегодня избиратели потребуют от меня, чтобы я не работал на земле, чтобы я не извлекал доходы из земли, я подчинюсь воле своих избирателей и не буду работать на этой земле, до тех пор, пока люди мне доверяют, до тех пор, пока я народный депутат. И я всё чаще и чаще подумываю о том, что мне всё-таки придётся, наверное, отказаться от этого участка земли, наверное, для того, чтобы своих детей научить, мне хватит трёх или пяти гектаров. Хотя дети уже взрослые и могли бы обрабатывать. Я так же как любой гражданин имею право на этот клочок земли...»

Сам па сабе гэты ўчынак Лукашэнкі — арэнда вялікага зямельнага ўчастку — на мой погляд, была станоўчым крокам, бо фэрмэрства сапраўды зьяўлялася добрай альтэрнатывай збанкрутаванаму калгасна-саўгаснаму ладу. Менавіта падтрымка фэрмэрства ў канцы 1980-ых і зрабіла Лукашэнку вядомым, і ўласны прыклад сьведчыў бы толькі на ягоную карысьць. Калі б не адна істотная акалічнасьць: Лукашэнка пасьлядоўна выступаў супраць увядзеньня прыватнай уласнасьці на зямлю, чаго настойліва патрабавалі мы, дэпутаты апазыцыі, і без чаго ніякія кардынальныя зьмены ў сельскай гаспадарцы не ўяўляюцца магчымымі.

«Я в списке под номером один»

«И самое главное, ты вот в самом начале сказал о том, что партии объединились и борются против других лидеров, против партий. Смею доложить своим избирателям, что в списке под номером один, против кого развернулась такая вот борьба за его позицию, за человеческую позицию в Верховном Совете, за популярность, которая существует, извините за нескромность, в республике — в списке этом под номером один значится моя фамилия».

Тут, зразумела, Лукашэнка меў на ўвазе адзіную пазыцыю дэмакратычных партый адносна рэфэрэндуму. Натуральна, ніякага «сьпісу» «іншых лідэраў» (а Лукашэнка аднёс сябе да іх ліку, хаця ніякую партыю ці арганізацыю не ўзначальваў) — не было.

Але галоўнае — у пачатку 1992-га Лукашэнка не разглядаўся дэмакратычнымі партыямі як апанэнт «нумар адзін».

Калі паспрабаваць расчысьціць напластаваньні, якія ва ўспрыманьні асобы Лукашэнкі назапасіліся за наступныя гады і дзесяцігодзьдзі, і прыгадаць, якім ён бачыўся нам у той час, мы ўбачым наступнае.

Лукашэнка ўжо выразна вызначыўся супраць дэмакратычных каштоўнасьцяў, супраць незалежнасьці Беларусі, за аўтарытарныя мэтады і ў палітыцы, і ў эканоміцы. Але гэта была пазыцыя большасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету, тут ён нічым асаблівым не вылучаўся. Арыгінальны ён быў хіба што ў стылі паводзінаў, калі выступаў па якіх заўгодна пытаньнях і вельмі часта з супярэчлівымі прамовамі, у якіх адны тэзісы маглі не сумяшчацца з другімі. Таксама ў ім выразна адчувалася вельмі хваравітае ўспрыманьне стаўленьня да ўласнай пэрсоны — нават самая дробная крытыка імгненна вымушала яго выходзіць да мікрафона і накідацца на «крыўдзіцеля». У значнай часткі дэпутатаў — прычым як у апазыцыянэраў, гэтак і ў намэнклятуры — ён меў рэпутацыю блазна, чалавека ненадзейнага.

І калі б уявіць, што ў тым самым студзені 1992-га Лукашэнка заявіў на сэсіі, што прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта (хаця такой пасады яшчэ не было) — я перакананы, што Авальную залю скалануў бы сьмех. Пры тым, што ў некаторых дзяржаўных выданьнях сустракаліся публікацыі «лістоў чытачоў», дзе яго называлі патэнцыйным кандыдатам на найвышэйшую ў краіне пасаду, такія меркаваньні таксама ўспрымаліся як несур’ёзныя (іншых палітыкаў — Ганчара ці Карпенку, называлі непараўнальна часьцей, ня кажучы ўжо пра Кебіча, Пазьняка ці Шушкевіча).

Таму вылучыць Лукашэнку асобна, назваць яго «нумарам адзін» і сканцэнтравацца на барацьбе супраць яго — у тых умовах азначала б толькі ўзьняць ягоны рэйтынг. Чаго Лукашэнка відавочна і дамагаўся, што бачна нават у гэтай ягонай заяве. Тым ня менш, у 1993 годзе дэпутаты Апазыцыі БНФ паставілі пытаньне перад Вярхоўным Саветам аб пазбаўленьні дэпутацкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі ў ліку іншых дэпутатаў, якія выступілі супраць дзяржаўнасьці Беларусі (прапанова не знайшла падтрымкі Шушкевіча і не была нават унесеная ў парадак дня сэсіі).

«Я сегодня советник правительства нашего»

А завяршыў свой радыёвыступ Лукашэнка незвычайна.

«... если кто-то поддерживает дикие настроения, развернув какую-то борьбу против меня, не доверяет, я просто... очень-очень мне грустно просто становится за таких людей. Ведь вы меня подняли, вы меня растили, и вы знаете, что я сегодня советник правительства нашего. Всё, что я сегодня имею — от вас. Я бы вас просил: не надо людей, которых вы когда-то подняли, сегодня давить и выступать против них. Давайте всё-таки спокойно, с трезвой головой, разберёмся во всех вопросах. И посмотрим, кто же прав, а кто виноват. Видимо, очень невыгодно в нашем Шкловском районе, многим невыгодно, та позиция, которую сегодня занимает ваш народный депутат. Я же служил вам и буду служить до тех пор, пока я буду народным депутатом».

Незвычайнасьць — не ў заяве пра тое, што ён «дарадца ўраду нашага». Кебіч сапраўды прапанаваў Лукашэнку быць сваім дарадцам па аграрных пытаньнях, але быў ім Лукашэнка не на сталай аснове, ні ў якіх даведніках у такім статусе не фігураваў, і што прыкметна — ніколі не прадстаўляўся дарадцам Кебіча на сэсіях Вярхоўнага Савету і, наколькі мне вядома, у інтэрвію агульнанацыянальным СМІ. Ён ня будзе згадваць пра гэты эпізод сваёй палітычнай біяграфіі і падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, бо тады прыйшлося б і на сябе браць долю адказнасьці. Але для мясцовага ўжываньня пасада дарадцы вельмі пасавала — як і тоны кітайскага цукру ці абмеркаваньне з прэм’ерам лёсу эканомікі.

Незвычайнасьць тут у іншым. Я ніколі ня чуў, каб дэпутат у кантактах з выбаршчыкамі прыбягаў да гэткіх аргумэнтаў. Звычайна ў выпадку прэтэнзій дэпутаты казалі пра тое, што яны зрабілі для акругі (заасфальтавалі вуліцу ці дамагліся рамонту школы), якія законы распрацавалі. Тут жа — даволі прыніжальная просьба з адзіным аргумэнтам: вы павінны мяне падтрымліваць, бо вы мяне ўзьнялі. Тут ужо нешта такое, што палягае ня ў плоскасьці палітыкі і нават не ў катэгорыі міжасабовых адносінаў — а ў сфэры псыхалёгіі ці псыхіятрыі.

Таму я зьвярнуўся да прафэсійнага псыхоляга Юліі Гурневіч і папрасіў зрабіць аналіз гэтых словаў, не называючы таго, каму яны належаць.

Вось яе вэрдыкт: ««Ведь вы меня подняли, вы меня растили, и вы знаете, что я сегодня советник правительства нашего. Всё, что я сегодня имею — от вас» — гэта гучыць як падзяка («Всё, что я сегодня имею — от вас»), але адначасова як маніпуляцыя і перакладаньне адказнасьці зь сябе, кшталту, «гэтаму навучылі мяне вы (а цяпер я вам не падабаюся?)». «... и вы знаете, что я сегодня советник правительства нашего» — выразнае падкрэсьліваньне сваёй пасады, каб тыя, да каго прамоўца зьвяртаецца, выразна гэта адчулі. Гэта выяўляе такія рысы характару, як лідэрства і самаўпэўненасьць. «Я же служил вам и буду служить до тех пор, пока я буду народным депутатом» — гэта можа сьведчыць пра вернасьць сваім прынцыпам і гатовасьць ісьці дзеля іх насуперак сваім «настаўнікам». Рысы характару — вытрымка, упартасьць, мэтанакіраванасьць».

Патрапляньне, як гаворыцца, «у яблычак». Могуць сказаць, што ў Лукашэнкі ніколі не было прынцыпаў, ён быў гатовы іх мяняць у залежнасьці ад сытуацыі — але зноў жа паўтару, што, я перакананы, ён ніколі і ня быў дэмакратам, нават у пачатку 1991-га, калі стварыў фракцыю «Камуністы за дэмакратыю» (якую я называў «Канібалы за вэгетарыянства»). Галоўнаму свайму прынцыпу — дамагацца ўлады — ён якраз быў верны заўсёды, ажыцьцяўляў яго сапраўды мэтанакіравана, упарта і часьцей за ўсё — з вытрымкай. Самаўпэўненасьці ў яго было празьмерна, а перакладаньне адказнасьці на іншых асабліва выявіцца, калі ад яго будзе залежаць лёс амаль дзесяцімільённай краіны.

І выступ Лукашэнкі супраць рэфэрэндуму па раённым радыё ў самым пачатку кампаніі выглядаў цалкам лягічным з пункту гледжаньня стварэньня ўмоваў, пры якіх і зрабіўся магчымым ягоны прыход да ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG