Грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды ў спэцкамэндатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну за абразу менскага судзьдзі, абвясьціў 22 cтудзеня бестэрміновую галадоўку.
Адміністрацыя папраўчай установы пакуль ня чыніць перашкодаў для галадоўкі актывіста.
«Трымаю галадоўку другі дзень. Мне так сказалі: „Рабі што хочаш, калі кепска стане, выклічам хуткую дапамогу“. Сёньня начальніка турмы выклікалі ў Менск. Ці зьвязана гэта з галадоўкай, я ня ведаю», — сказаў Юры Рубцоў.
Спадар Рубцоў цяпер ужывае толькі ваду. Лічыць, што «сухая» галадоўка нанясе сур’ёзную шкоду здароўю:
«Я разумею, што пытаньні, зьвязаныя з маёй галадоўкай, не вырашаюцца хутка. Таму абвяшчаць „сухую“ галадоўку няма ніякага рэзону. Рызыкаваць сваім здароўем я б не хацеў».
Абвясьціўшы галадоўку, Юры Рубцоў выставіў патрабаваньне даць яму працу з заробкам, роўным дэкляраванаму ў краіне 600-даляраваму ў эквіваленце сярэдняму заробку, а таксама вылучыць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазыцыі, каб тая магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыцьцё ў краіне.
У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах.
Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў судзьдзі, назваў яго «падонкам». Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязьня.