Пісьменьнік, выдавец, мастак Адам Глёбус заклікаў падтрымаць сьпявачку Насту Шпакоўскую, супраць якой Вярхоўны суд распачаў справу па зыску кампазытара Алега Моўчана. Нагодай стала выкананьне гуртом Naka кампазыцыі «Малітва» на верш Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана ў клюбе «Re:Public» летась 12 верасьня.
Адам Глобус прапанаваў паэтам публічна прачытаць верш «Малітва» Янкі Купалы, а музыкам — стварыць новыя песьні на гэтыя словы.
Свае аўдыё- і відэаролікі прапануецца зьмяшчаць у суполках Tuzin.fm у Facebook, УКантакце альбо дасылаць на рэдакцыйную скрыную 12tuzin@gmail.com.
«Калі кампазытар замінае выконваць песьні на вершы Янкі Купалы, яго паводзіны можна назваць шкоднымі, таму варта напісаць іншую музыку на вершы клясыка. Мы любім Купалу, мы любім яго словы і яго мову. Яго творчасьць — узор для ўсіх беларусаў. І вельмі добра, калі яе кладуць на музыку. Але і бяз музыкі творы Паэта застаюцца геніяльнымі. Таму ў канфлікце, які ўзьнік вакол Купалавай „Малітвы“ я адназначна стаю на пазыцыі Купалы і выканаўцы яго верша Насты Шпакоўскай і заклікаю ўсіх беларускіх паэтаў прачытаць верш „Малітва“ і выкласьці ў сеціва ў аўдыё- ці відэаварыянце, а кампазытараў — напісаць новую музыку да гэтага цудоўнага твора», — зазначыў Адам Глобус.
Кампазытар Моўчан ня першы раз забараняе іншым артыстам выконваць «Малітву». Гэтую песьню ён напісаў у 1994 годзе на задуму Ўладзімера Мулявіна, калі працаваў у штаце дзяржаўнага ансамбля «Песьняры». Кампазытар аформіў выключныя правы на гэты твор, пасьля чаго неаднаразова забараняў іншым выканаўцам яго сьпяваць, у тым ліку Пятру Яўфімаву, украінскаму гурту «Тінь Сонця» і гурту Naka, пагражаў падаць у суд на тэлеканал АНТ і партал Tuzin.fm. Цяпер Алег Моўчан судзіцца зь сьпявачкай і акторкай Нацыянальнага драматычнага тэатру Настай Шпакоўскай.