Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Моўчан падаў у суд на гурт Naka за песьню «Малітва»


Вярхоўны суд Беларусі распачаў справу па зыску кампазытара Алега Моўчана ў дачыненьні да сьпявачкі Насты Шпакоўскай.

Сьпявачка атрымала судовую позву ў Вярхоўны суд, якая датуецца 9 лютым разам з копіяй заявы кампазытара, у якой ён заяўляе пра парушэньне ягонага выключнага права на аб’ект аўтарскага права. Гаворка ідзе пра кампазыцыю «Малітва» на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, уласную вэрсію якой гурт Naka падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры», які ладзіў партал Tuzin.fm да 45-годзьдзя ансамблю «Песьняры».

Сутнасьць канфлікту ў тым, што сп.Моўчан не прыняў варыянт гурта Naka і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песьня не ўвайшла ў фінальную складанку, але была выкананая на канцэрце-прэзэнтацыі ў клюбе «Re:Public» 12 верасьня 2014. Сьпявачка перад яе выкананьнем патлумачыла сытуацыю і сказала, што сьпяе яе ўсяго адзін раз – на знак павагі да творчасьці «Песьняроў» і Янкі Купалы. Арганізатар таго канцэрту і прадусар праекту «Re:Песьняры» Сяргей Будкін сплаціў праз Цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасьці вызначанае законам аўтарскае ўзнагароджаньне за публічнае выкананьне гэтага ды іншых твораў, якія прагучалі ў той вечар. Але сп. Моўчан усё адно абвесьціў пра свой намер падаваць у суд. Першапачаткова прэтэнзіі прад’яўляліся да арганізатара канцэрту. Моўчан адмовіўся ад прапанаванай яму сумы ў 2,5 мільёны беларускіх рублёў (гэтулькі склаў чысты прыбытак з канцэрту) і вызначыў памер шкоды, нанесенай яму ў выніку выкананьня «Малітвы», у 57 мільёнаў беларускіх рублёў. Пасьля абмену прапановамі аб добраахвотным урэгуляваньні спрэчкі, бакі не сышліся ні на чым і сытуацыя на некаторы час папросту завісла ў паветры.​

Як цяпер апынулася, Моўчан рыхтаваў новую заяву – цяпер ужо на адрас непасрэдна Насты Шпакоўскай. Ад падачы ў суд на арганізатараў праекту «Re:Песьняры» ён адмовіўся. Кампазытар сьцвярджае, што музыканты сказілі яго мастацкую задуму, парушылі ягоныя аўтарскія правы і патрабуе кампэнсацыі ў памеры 18 млн. рублёў. Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суда запрашае кампазытара і сьпявачку на размову, якая прызначаная на 19 лютага. Cправу вядзе суддзьдзя Іна Цысік. ​

Паводле tuzin.fm

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG