Учора спадар Мартынаў выступіў з дакладам, у якім “даў ацэнку сучасным міжнародным высілкам па барацьбе з гандлем людзьмі і прадставіў стратэгічнае бачаньне гэтай праблемы ў кантэксьце існуючых выклікаў і пагрозаў”, — паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Ні ў дакладзе міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава на Венскім форуме, ні на сайце МУС няма сьвежай статыстыкі наконт таго, колькі ў Беларусі ахвяраў гандлю людзьмі, колькі злачынцаў за гэта пакарана. На сайце – дадзеныя за 2000-2005 гг.
Летась у справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША пра гандаль людзьмі Беларусь перамясьцілася з групы краінаў, дзе сытуацыя пад жорсткім кантролем, у так званы “watch list”, — Дзярждэпартамэнт прызнаў, што сытуацыя з гандлем людзьмі ў краіне пагоршылася і патрабуе пільнейшай увагі.
Міжнародная няўрадавая праграма “Ля Страда” дапамагае ахвярам гандлю людзьмі, іх родным. Каардынатар праграмы па Беларусі Ірына Альхоўка кажа:
“Я б не сказала, што нешта карэнным чынам зьмянілася. Прынялі новую Дзяржаўную праграму па барацьбе з гандлем людзьмі на 2008—2010 гады. Праўда, працэс распрацоўкі гэтага дакумэнту ня быў празрыстым ні для грамадзкасьці, ні для міжнародных арганізацыяў, што таксама выклікае калі ня боязь, то насьцярожанасьць”.
На “гарачую лінію” “Ля Страды” па бясьпечнай міграцыі за 7 гадоў існаваньня паступіла каля 15 тысяч званкоў, у 2007 годзе на гарачую лінію зьвярнулася 1374 чалавекі. Але статыстыкі пра тое, колькі, да прыкладу, злачынцаў прыцягнута да адказнасьці, “Ля Страда” ня мае, кажа Ірына Альхоўка:
“Мы, на жаль, ня маем статыстыкі, колькі чалавек пакарана. Але мы, дарэчы, атрымліваем лісты ад людзей, якія пакараныя, альбо ад іх родных з просьбай разабрацца, бо шмат хто ня згодны з тым рашэньнем, якое вынес суд. Але гэта ў нашу кампэтэнцыю не ўваходзіць, таму максымум, што мы можам зрабіць, — гэта накіраваць такі запыт ў кампэтэнтныя органы на разгляд”.
Летась у Беларусі адбыўся закрыты судовы працэс над кіраўнікамі 10 мадэльных агенцыяў, якіх прызналі вінаватымі ў вывазе беларусак за мяжу для заняткаў прастытуцыяй. Толькі ў Арабскіх Эміратах пабывала 500 беларускіх мадэляў. Днямі інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць” апублікавала прызнаньне адной з “ахвяраў”, якая распавяла, чым насамрэч займаліся так званыя “райскія птушкі”. Артыкул называецца “За ноч з шэйхам можна было зарабіць тысячу даляраў і больш”. А кіраўнікі агенцыяў “Зара”, “Мэдысон”, “Грацыя” атрымалі тэрміны ад 8 да 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.
Што да згаданай Дзяржпраграмы па барацьбе з гандлем людзьмі на 2008-2010 гады, каардынатарка “Ля Страды” па Беларусі Ірына Альхоўка заўважае:
“Разглядаецца пытаньне пра тое, каб стварыць адмысловы фонд для ахвяраў. Гэты фонд будзе складацца з канфіскаваных грошай, сродкаў, маёмасьці, якія потым будуць ісьці на рэабілітацыйную дапамогу ахвярам. Але ў праграме і даволі шмат агульных фармулёвак, а хацелася б бачыць больш канкрэтныя захады, якія б мелі свае індыкатары, каб ацэньваць эфэктыўнасьць выкананьня праграмы”.