Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: хто адкліча Зьмітра Жалезьнічэнку з войска?


Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля адбылася гутарка ў справе пазову Алы Жалезьнічэнкі да прызыўной камісіі ваекамату наконт неправамернага прызыву ў войска яе сына Зьмітра Жалезьнічэнкі, студэнта-выдатніка, паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны.


Ніхто з прадстаўнікоў гарадзкога ваенкамату ў суд не прыйшоў.

Фота сына ў пакоі ягонай маці Алы Жалезьнічэнкі

Судзьдзя Юрый Жораў пацьвердзіў, што сваёй пастановай прыпыніў выкананьне рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі. Пастанова накіраваная ў гарадзкі ваенкамат. Вайсковае камандаваньне павінна адпусьціць Зьмітра з войска дадому на час судовага разбору.

Гаворыць маці Зьмітра Ала Жалезьнічэнка:

Яму не далі магчымасьці сябе абараніць, значыць, даводзіцца гэта рабіць мне...
“Чалавека загналі фактычна ў кут. Не далі па-сапраўднаму аднавіцца ва ўнівэрсытэце. Палічылі за лепшае яшчэ раз адлічыць. Потым за два дні забралі ў войска, хворага, без дастатковых падставаў. Яму не далі магчымасьці сябе абараніць, значыць, даводзіцца гэта рабіць мне”.

Судзьдзя выдаў Але Жалезьнічэнцы прынятую ім пастанову наконт прыпыненьня службы ў войску яе сына.

Спадарыня Жалезьнічэнка адразу ж зьвязалася праз тэлефон з камандзірам вайсковай часткі 83469 у Жлобіне, дзе служыць сын. Аднак падпалкоўнік Войшаль паведаміў, што ня можа адпусьціць Зьмітра дадому на падставе пастановы судзьдзі. Патрэбна, каб прызыўная камісія адмяніла рашэньне пра накіраваньне Зьмітра Жалезьнічэнкі на тэрміновую службу.

Але камісія ўжо распушчана, прызыў скончыўся. І атрымліваецца, што пастанову суду няма каму выконваць.


"Сёньня вайсковы камісарыят да прызыўніка Жалезьнічэнкі ніякіх адносінаў ужо ня мае"


Гаворыць старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага Камітэту Гары Паганяйла:

Пытаньне вырашана: Зьміцер павінен пакуль быць дома...
“Паводле гэтай пастановы судзьдзі камандаваньне часьці павінна вызваліць Жалезьнічэнку ад вайсковай службы, і да рашэння суду гэта ня можа быць прадметам нейкіх абмеркаваньняў. Усё! Пытаньне вырашана: Зьміцер павінен пакуль быць дома. Я думаю, тут, магчыма, дапусьціў нейкую памылку судзьдзя, накіраваўшы гэтую пастанову не ў вайсковую часьць, дзе служыць Зьміцер, а ў вайсковы камісарыят, які прыняў рашэньне. Сёньня вайсковы камісарыят да прызыўніка Жалезьнічэнкі ніякіх адносінаў ужо ня мае. Ён салдат, на яго распаўсюджваюцца толькі загады камандаваньня вайсковай часьці й вышэйшых камандзіраў. А вайсковы камісарыят сваю працу зрабіў”.

Па сутнасьці справа наконт правамернасьці прызыву ў войска Зьмітра Жалезьнічэнкі будзе вырашацца ў сярэдзіне лютага.

Тым часам 9 лютага ў вайсковай часьці 83469, дзе служыць Зьміцер, навабранцы маюць прымаць прысягу.

Радыё Свабода зьвязалася з камандзірам часткі чыгуначных войскаў у Жлобіне падпалкоўнікам Валеры Войшалем На пытаньне, як будзе выконвацца рашэньне суду аб вызваленьні ад службы ў войску Зьмітра Жалезьнічэнкі, ён адказаў:

Войшаль: “Без камэнтару! Ёсьць Міністэрства абароны. Калі ласка, тэлефануйце туды”.

Шматлікія спробы атрымаць меркаваньне кіраўніка прэсавай службы Мінабароны Вячаслава Раменьчыка посьпеху ня мелі. Маўчаў ня толькі службовы тэлефон палкоўніка, але і асабісты мабільны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG