Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў маўчыць Андрэй Клімаў?


“Маўчаньне Андрэя нагадвае сытуацыю ў верасьні мінулага году, калі яго прывезьлі ў Мазырскую турму і забралі харчы, абмежавалі ў ліставаньні, а ўсім казалі, што зь ім усё было добра".


Гэтак пракамэнтавала Тацяна Клімава той факт, што ўжо амаль тры тыдні няма лістоў ад яе мужа, палітвязьня Андрэя Клімава. Пасьля раптоўнага выхаду на волю Мікалая Аўтуховіча і Зьмітра Дашкевіча Тацяна не выключала, што гэтак жа без папярэджаньня выпусьцяць і яе Андрэя, але пакуль гэтага не адбылося.

“Радая за ўсіх, хто выйшаў на волю. Меркавала, што гэта тэндэнцыя, але, відаць, памылялася. Але паглядзім. Магчыма яшчэ сёньня ўвечары ён зьявіцца?”

Дзяжурны Мазырскай калёніі, да якога ўдалося датэлефанавацца, адказаў: “Калі ня піша – спытайце яго, чаму”.

Аляксандар Казулін скрытыкаваў рашэньне ўладаў аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

“Гэта амаральнае рашэньне, прынятае без шырокага абмеркаваньня грамадзтвам”, – цытуе словы Аляксандра Казуліна ягоны былы адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле Ігара Рынкевіча Аляксандр Казулін найперш занепакоены пагрозай здароўю беларусаў, а таксама кабалой, у якую патрапіць Беларусь, калі возьме яшчэ некалькі мільярдаў даляраў у крэдыт для пабудовы АЭС. Пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі адносна будаўніцтва АЭС Аляксандр Казулін камэнтуе гэтак:

“Праз АЭС ён імкнецца атрымаць моцны палітычны інструмэнт узьдзеяньня на сытуацыю ў сьвеце”, цытуе палітыка Ігар Рынкевіч.

Аляксандар Казулін зноў заклікаў “вырашаць праблему энэргазабясьпячэньня праз ўдзел разам з Літвой, Латвіяй і Польшчай ў праекце будаўніцтва пад міжнародным кантролем новай Ігналінскай АЭС”.

Прызначаны дзень, калі ў Магілёўскім абласным судзе будзе разгледжана скарга Артура Фінькевіча на прысуд, вынесены Магілёўскім гарадзкім судом летась у сьнежні. Нагадаем, маладзёвага актывіста прызналі вінаватым ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня і асудзілі на паўтара года зьняволеньня. Раней Артур Фінькевіч адбываў “хімію” ў Магілёўскай спэцкамэндатуры. Да заканчэньня двухгадовага тэрміну яму заставаўся месяц. Пра дзень разгляду скаргі стала вядома ад маці актывіста Марыі Фінькевіч.

“5-га чысла скаргу разгледзяць, а 10-ай раніцы пачнецца паседжаньне. Яго бачыла адвакат, казала, што ўсё добра. Больш зьвестак няма”.

Былы намесьнік рэдактара “Згода” Аляксандр Зьдзьвіжкоў абскардзіў прысуд, паводле якога журналіста пакаралі на тры гады зьняволеньня за публікацыю карыкатур на прарока Мухамэда.

Пра гэта паведаміла адвакат журналіста Мая Аляксандрава. “З прысудам мы нязгодны і просім яго адмяніць. Больш падрабязна пра нашы аргумэнты паведаміць не магу, бо працэс быў закрыты”, – сказала адвакат для “Радыё Свабода”. Паводле зьвестак Маі Аляксандравай, скаргу Аляксандра Зьдзьвіжкова Вярхоўны суд разгледзіць у другой палове лютага, дакладны час яшчэ ня вызначаны. Тым часам журналіста перавялі з ізалятару КДБ у менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG