Яго трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Андрэя затрымалі ў часе разгону акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня.
Справу вядзе пракуратура Цэнтральнага раёну Менску. Да суду Андрэй Кім мае заставацца пад вартай у менскім сьледчым ізалятары. 31 студзеня ён меў вочную стаўку з супрацоўнікам Дзяржаўтаінспэкцыі, які ў крымінальнай справе мае статус пацярпелага.
Андрэя Кіма абвінавачваюць у тым, што 21 студзеня, калі калёна дэманстрантаў выйшла на праезную частку і супрацоўнікі ДАІ пачалі выціскаць людзей на ходнікі, ён ударыў аднаго зь іх.
Андрэя затрымалі і арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адразу пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня, 31 студзеня, хлопца адвезьлі на допыт у пракуратуру Цэнтральнага раёна Менску.
Старшы памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў паведаміў “Свабодзе”:
“У цяперашні момант вядзецца расьсьледаваньне. Падазраваная асоба была спачатку затрыманая, а потым ёй прад’явілі абвінавачаньне. Органы пракуратуры абралі мерай стрыманьня арышт”.
Андрэй Кім вучыўся на гістарычным факультэце Белдзяржунівэрсытэту. У 2006 годзе яго адтуль адлічылі за палітычную дзейнасьць. Ён двойчы адбываў адміністрацыйны арышт – спачатку 7 сутак пасьля таго, як яго затрымалі разам з Аляксандрам Казуліным 2 сакавіка, а потым 12 сутак – пасьля ліквідацыі намётавага лягера 23 сакавіка.
Сябры Андрэя Кіма спадзяюцца, што на час сьледзтва яго адпусьцяць пад падпіску пра нявыезд. Гаворыць Валянцін Сакалоўскі:
“Ён заўсёды быў мірным пазытыўным чалавекам. Арганізоўваў раздачу кветак простым людзям на вуліцах разам зь сябрамі нашай арганізацыі. Андрэй арганізоўваў збор віншаваньняў для палітычных зьняволеных. Заўсёды ён быў вельмі выхаваны. Таму абвінавачаньне для нас прагучала вельмі-вельмі дзіўна. У мяне, вядома, ёсьць надзея, што сьледзтва як мае быць прааналізуе матэрыялы і дакажа, што ён не вінаваты. Але ў нашай краіне ў гэта верыць даволі складана”.
Калі крымінальная справа супраць Андрэя Кіма дойдзе да суду, яго могуць пакараць зьняволеньнем на тэрмін да 6 гадоў.