Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Гэтым разам мой сьпіс стужак, вартых і ня вартых нашае ўвагі, складзены выключна са знаёмых імёнаў. І прадказальных вынікаў.


Сярод пазытыўных здабыткаў – фільм Ніла Джордана «Адважная». Джордан заўсёды ахвотна перапрацоўваў клясычныя сюжэты. Таму шмат чаго ў ягонай новай стужцы падаецца вельмі знаёмым. Пара каханкаў трапляе ў кіпцюры вулічных бандзюкоў. Вынікі ўражваюць: хлопец забіты, а зьбітая на горкі яблык дзяўчына купляе зброю і пачынае пошукі забойцаў. Калісьці нешта падобнае рабіў Чарлз Бронсан у «Празе сьмерці». Зараз на людзей апантана палюе Джодзі Фостэр.

Цікава глядзець, як пад уплывам абставінаў чалавек ператвараецца ў зусім іншую асобу. Джодзі Фостэр нечакана гуляе не драму помсты, а разбурэньне чалавечай тоеснасьці. Замест памяркоўнай журналісткі ў чорны горад адгэтуль выходзіць хударлявая машына сьмерці. Адказная грамадзянка зь ліцэнзіяй на забойства. Фільм Джордана – бездакорны трылер. Але перадусім «Адважная» ёсьць расповедам пра летуценнасьць шчасьця і ўмоўнасьць праваахоўнай дзейнасьці. Сумна, але за трыццаць гадоў пасьля ўзгаданай «Прагі сьмерці» тут нічога не зьмянілася. «Адважная» ставіць дыягназ. Але ня ведае лекаў.

- Галоўнае адмоўнае ўражаньне – ганконгская стужка «Пажада». Шмат хто з калегаў-кінакрытыкаў быў ад яе ў захапленьні. Але, як на мяне, новы фільм славутага Энга Лі – гэта вытанчаная падробка пад насамрэч эпахальныя стужкі накшталт «Імпэрыі пачуцьцяў». Эратычныя рэтра-паштоўкі з краю бездані.

«Пажада» – дзіўны гібрыд «Маладой гвардыі» і «Начнога парцье». Кітайскія маладзёны 1940-х гадоў рыхтуюць тэракт супраць ворага. А вораг захапляецца пераапранутай тэрарысткай. Сэкс змагаецца з ідэялёгіямі. Як вы лічыце: хто мае больш шанцаў? Разбэшчаныя эўрапейцы адкажуць без ваганьняў. А Ўсход прамаўчыць. І ўсё зробіць наадварот.

- А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. «Параноід-парк», чарговы фільм амэрыканскага героя Гаса ван Сэнта. Узорнае незалежнае кіно: заблытаны, амаль крымінальны сюжэт, дэпрэсіўныя героі, вынаходніцкія здымкі. А за ўсімі гэтымі фішкамі – кранальная гісторыя самотнага тынэйджэра. Нібыта забойцы. Нібыта літаратара.

Ван Сэнт нечакана зрабіў пранізьлівы фільм пра тое, як жыцьцё забівае мары. Пра тое, як цяжка існаваць паміж радкоў чужога сцэнару. І як часам няма моцы, каб напісаць свой. Калі гэта маладзёвае кіно, тады мы ўсе – маладзёны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG