Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова



Пачнем з добрай навіны. Нямецкі клясык Вэрнэр Хэрцаг пасьля працяглай паўзы зноў робіць кіно. Кожны, хто памятае ягоныя стужкі «Войцек», «Носфэрату-крывасмок» альбо «Фіцкаральда», дакладна ведае: Хэрцага больш за ўсё цікавіць супрацьстаяньне асобы і недарэчных абставінаў. Вось і ў сваім найноўшым фільме «Выратавальны ранак» ён распавядае тую самую гісторыю. Але з новым акцэнтам: гэтым разам падзеі адбываюцца падчас в’етнамскай вайны. Дзіцер, амэрыканскі лётчык нямецкага паходжаньня, трапляе ў палон да партызанаў. І ўпарта рыхтуе пабег.

Акрамя выбітнай апэратарскай працы і моцна адбудаванага сцэнару, галоўны атракцыён стужкі – бязумоўна, выканаўца галоўнай ролі Крысьціян Бэйл. Раней ён пасьпеў выдатна папрацаваць ў апошняй стужцы пра Бэтмана і шыкоўным вэстэрне «Цягнік да Юмы». А зараз пераканальна грае вязьня ў пошуках свабоды. Цікавы характар, якасная акторская праца. Хэрцаг зрабіў свае першае амэрыканскае кіно – але ані на крок не саступіў з уластнага творчага маршруту. У свой час ён працягнуў карабель праз джунглі Амазонкі. Паразумецца з Галівудам было відавочна лягчэй.


Галоўнае адмоўнае ўражаньне – расейская стужка «Нулявы кіламетар». Рэжысэр і сцэнарыст Павал Санаеў зрабіў чарговае глямурнае кіно пра спакусы вялікага гораду. Сюжэт просты як расейскі попс: два хлапцы з Мурманску зьбіраюцца ў Маскву па славу ды грошы.

Гэта кіно, наскрозь штучнае і пралічанае. Можна адразу здагадацца, што аматар лёгкіх грошаў сур’езна заляціць у крымінал, сумленны кліпмэйкер атрымае ва ўзнагароду чыстае каханьне, бандзёры сядуць, а канкурэнты – лягуць. І што далей? Дзіўны мікс расейскіх сэрыялаў і ганконгскіх фільмаў пра рэальных пацаноў. Лепш паглядзець арыгіналы.


А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Чарговая прапанова на калядныя дні. Калі суседзі ў чарговы раз сядуць глядзець «Іронію лёсу», сьмела адкажыце ім францускай стужкай «8 жанчын». Вось дзе і іронія, і лёс, і каханьне. А да таго – залатая калекцыя францускіх зорак. І кожная – са сваёй песенькай.

Сьвяточнае кіно ад Франсуа Азона выглядае прывабным як Клава Шыфер і салодкім, як цукеркі фабрыкі «Камунарка». І калі не атрымаецца здабыць першую альбо другіх – можна сьмела суцяшацца жанчынкамі Азона. А там можа яшчэ й пашанцуе!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG