Пра тое, што Зьміцер Жалезьнічэнка зноў апынуўся на бальнічным ложку, стала вядома сёньня ад ягонай маці Алы Жалезьнічэнкі. Жанчына спасылаецца на кароткі званок сына з мэдычнага пункту вайсковай часткі ў Жлобіне.
“Пагаварыла зь ім крыху. Сказаў, што як прывезьлі ў Жлобін, хутка паклалі ў мэдчастку, у яго запаленьне нейкае. Магчыма, сёньня вечарам яшчэ патэлефануе і падрабязьней раскажа. Колькі яго там пратрымаюць, ня кажа. Пэўна, сам ня ведае, бо яму і ў Менску ў шпіталі казалі, што будуць дасьледаваць некалькі дзён, а пратрымалі адны суткі, і ўсё”.
Нагадаем, у сярэдзіне студзеня актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, як мяркуюць беларускія праваабаронцы, за палітычныя погляды. Ужо празь дзень былога студэнта прызвалі ў войска і накіравалі на службу ў частку чыгуначных войскаў у Жлобіне. Зьміцер абвясьціў галадоўку пратэсту, падчас якой яго паклалі на абсьледаваньне ў Менскі вайсковы шпіталь. Там салдата пратрымалі толькі адзін дзень і вярнулі ў Жлобін. “Дактары лічаць яго цалкам здаровым”, — заявілі ўчора ў прэсавай службе Мінабароны.
Між тым сам Зьміцер у шпіталі казаў, што адчувае сябе блага. Вось фрагмэнт ягонага інтэрвію, запісанага пазаўчора, 29 студзеня:
“Цяпер у мяне ўвесь час моцна баліць галава. Як мне патлумачылі ў паліклініцы, гэта зьвязана з высокім ціскам і стрэсамі. Магчыма, і так”.
Сёньня Зьміцер Жалезьнічэнка пацьвердзіў маці, што спыніў галадоўку, якая цягнулася пяць дзён.