Пяты дзень працягвае галадоўку пратэсту грамадзкі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, якога нядаўна адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны і тэрмінова прызвалі ў чыгуначныя войскі. Зараз Зьміцер знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў Менску.
Ад сёньня ў Менскім вайсковым шпіталі карантын, але да палаты, дзе ляжыць навабранец Жалезьнічэнка, усё ж удалося прарвацца. У палаце Зьмітра не было, і толькі двухтамовік Васіля Быкава на шпітальнай тумбачцы падказваў — гэта ложак былога студэнта. Праз гадзіну салдата прывёў пасьля абсьледаваньня ў палату старшы лейтэнант. “Ён з маёй часткі, быццам і не ахоўнік, але кантакты забараняе і тэлефанаваць не дае”, — патлумачыў пазьней Зьміцер. Праз хвіліну, употай, я ўключыў дыктафон і запытаўся пра самаадчуваньне падчас галадоўкі.
“Зараз увесь час у мяне моцна баліць галава. Як мне патлумачылі, гэта зьвязана з высокім ціскам і са стрэсамі. Хутчэй за ўсё, так і ёсьць. Пятыя суткі я трымаю галадоўку, і, магчыма, таму мне прызначылі прайсьці вайсковую мэдычную камісію, цалкам усіх дактароў. Пра аб’ектыўнасьць гэтай камісіі цяжка што сказаць, але мне вядома, што маёй справай займаецца асабіста галоўны доктар шпіталя. Чаму такая сьпешка, я ня ведаю”.
Зьміцер Жалезьнічэнка распавёў, што ўжо прайшоў абсьледаваньне ў псыхіятра, які прызнаў яго цалкам здаровым. Таксама ў навабранца абсьледавалі сэрца і зрабілі некалькі рэнтген-абсьледаваньняў. Спачатку на адзін дзень прызначылі былі ажно восем рэнтген-здымкаў, але салдат запратэставаў, і некаторыя дасьледаваньні перанесьлі на заўтра. Зьміцер не выключае, што 30 студзеня яго адправяць назад у вайсковую частку.
Што вядома Зьмітру пра крымінальную справу аб наўмыснай шкодзе здароўю, якая яму пагражае? Зьміцер сказаў, што яму ніхто такіх абвінавачаньняў пакуль не выстаўляў, ён чуў пра гэта толькі ад журналістаў. Паводле салдата, ціск на яго не спыніўся і ў шпіталі.
“Мяне палохаюць зараз кожны дзень. Кожны дзень са мной размаўляюць “асабісты” з часткі, размаўляў галоўны псыхіятр. Гэты трымаў учора ажно тры гадзіны, задаваў розныя пытаньні, увесь час перабіваў мяне. Хацеў мяне зь сябе вывесьці, ці што? Я трымаюся, кажу ім як ёсьць, але чым гэта скончыцца, ня ведаю”.
Далей нашая размова была перапыненая — у палату ўварваўся дзяжурны афіцэр і заявіў, што інтэрвію са Зьмітром забароненыя. А па камэнтары трэба зьвяртацца ў прэсавую службу Міністэрства абароны.
Кіраўнік прэсавай службы Вячаслаў Раменчык гэтак пракамэнтаваў сытуацыю з галадоўкай Зьмітра Жалезьнічэнкі:
“Ён парушае закон. Ён пісьмова пацьвердзіў, што абвяшчае галадоўку з мэтай быць камісаваным з войска. Яго дзеяньні кваліфікуюцца артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад вайсковай службы праз наўмыснае калецтва ці іншым спосабам. Камандзір вайсковай часткі можа завесьці супроць яго справу. Што і было яму патлумачана”.
Карэспандэнт: “Але справу яшчэ не завялі?”