Цягам тыдня ў ранішніх эфірах – гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Сёньня размова пра жаночае прадстаўніцтва ў палітычных арганізацыях.
Уліцёнак: “Што такое жаночы дэмакратычны рух Беларусі?”
Стужынская: “Адны лічаць, што ён ёсьць, разьвіваецца. Іншыя кажуць – у якасьці цэльнай зьявы яго няма”.
Уліцёнак: “А вашая думка...”
Стужынская: “Усё ж такі ёсьць. Як ёсьць таксама імкненьне да аб’яднаньня, салідарнай дзейнасьці. Адзін з такіх крокаў – нараджэньне Жаночай сеткі Беларусі”.
Уліцёнак: “Колькі людзей туды ўваходзяць?”
Стужынская: “Прыкладна дзьве-тры тысячы чалавек”.
Уліцёнак: “Якія полавыя суадносіны ў дэмакратычным руху краіны?”
Стужынская: “40-50 працэнтаў сяброў АГП, Партыі БНФ, “Народнай Грамады”, “Грамады” складаюць менавіта жанчыны”.
Уліцёнак: “Але ў кіраўніцтве…”
Стужынская: “Некаторыя партыі робяць выгляд праэўрапейскіх, таму ў намесьніках у іх ёсьць жанчыны”.
Уліцёнак: “У камуністаў, напрыклад, Алена Скрыган…”
Стужынская: “…А ў Аб’яднанай грамадзянскай – Людміла Гразнова”.
Уліцёнак: “У афіцыйным партыйна-палітычным асяродку жанчына традыцыйна выконвае дэкаратыўную ролю. Атрымліваецца, не пайшлі далей і дэмакраты?”
Стужынская: “Амаль праўда, і гэта мяне так зьдзіўляла…”
Уліцёнак: “Ці нават горш, калі ўлічыць, што Аляксандар Лукашэнка ўвёў 30-працэнтную жаночую квоту ў парлямэнт?”
Стужынская: “Ён нейкія тэндэнцыі ўсё ж улічвае. Дастаткова непрыгожа тое робіцца, аднак палітычна правільна. Разумееце, тыя жанчыны, якія прыходзяць у палітыку з дапамогай мужчынаў, яны вельмі ўдзячныя. Для яго гэта самая моцная апора”.
Уліцёнак: “А калі ўзяць дэмакратычны асяродак: Іна Кулей і Аляксандар Мілінкевіч, напрыклад...”
Стужынская: “Чым быў мне сымпатычны гэты кандыдат у прэзыдэнты, дык менавіта прысутнасьцю побач зь ім моцнай жанчыны, яркай пэрсоны, якая сама магла прэтэндаваць на першы пост у дзяржаве. Магу згадаць і Міхаіла Чыгіра, побач зь якім была і ёсьць Юлія Чыгір.
Гэта правіла такое: калі жанчына сама моцная, то яна выбірае мужчыну, які дамінуе”.