Летась у чэрвені на ўстаноўчай канфэрэнцыі ў Кіеве з удзелам прадстаўніцаў 16 жаночых арганізацыяў і ініцыятыў Беларусі яе абралі каардынатарам Жаночай сеткі Беларусі.
- У чым сэнс навастворанай структуры?
- У пашырэньні нашага ўплыву на краіну. Зараз сетка пакрывае крыху больш за 30 раёнаў, гэта малавата. Формула працы – “57 плюс”. То бок, зьявіцца бліжэйшым часам вось у такой колькасьці раёнаў - гэта больш за палову ад усіх, што ёсьць у рэспубліцы.
- Вы актыўна ўдзельнічалі і ў партыйным будаўніцтве?
- Шэсьць гадоў была намесьнікам старшыні БСДП (Народная Грамада). Аднак пасьля расколу ў партыі прынцыпова засталася ў ёй шарагоўцам.
- Вы пісалі доктарскую дысэртацыю?
- Так. Аднак у 1999-м не дазволілі абараніцца: не падабалася тэма - антысавецкі супраціў у 1920-1950 гадах.
- Чым ганарыцеся?
- У прыватнасьці, прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу “Беларусь мяцежная”.
- Вы доўгі час працавалі ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук…
- У 2003 годзе мне паставілі ультыматум: або удзел у мясцовых выбарах – я ішла ў Менскі гарсавет, – або звальненьне. Выбрала апошняе.
- Вашая мара?
- Каб у мастацкай прозе ўвасобіліся адкрытыя мною героі Слуцкага збройнага чыну ды падпольнай сялянскай партыі “Зялёны Дуб”.