“Белгазета”. У надзвычай неадназначных абставінах праходзіла абмеркаваньне “беларускага пытаньня” на зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры, піша Віктар Марціновіч у артыкуле “Рыгоні ў ролі Хрыста”:
“Я зьвяртаю ўвагу на паводзіны Андрэа Рыгоні, спэцдакладчыка па Беларусі. Ён выступаў у ролі адваката рэжыму. Гэта новы для ПАРЭ падыход. Задача, якая была ў афіцыйнай беларускай дэлегацыі, даволі складаная: журналіста Зьдзьвіжкова пасадзілі на 3 гады, само паседжаньне праходзіла, калі больш як 40 чалавек знаходзілася за кратамі. Але ж бакі знайшлі магчымасьць паразумецца. ПАРЭ заняло такую памяркоўную пазыцыю па Беларусі”.
Інтэрнэт-газэта “Салідарнасць”. Крымская аўтаномія можа ініцыяваць падпісаньне саюзнай дамовы з Расеяй і Беларусьсю ў адказ на палітыку ўкраінізацыі, якая стала набіраць абароты пасьля таго, як да ўлады прыйшоў прэзыдэнт Віктар Юшчанка. У прыватнасьці, абурэньне выклікала рашэньне цэнтральных уладаў аб дубляваньні ўсяго замежнага кінапракату на ўкраінскую мову. Артыкул называецца “Крымскія камуністы гатовыя далучыць паўвыспу да саюзу Беларусі і Расеі”.
“Наша слова”. Значная частка нумару прысьвечаная 170-годзьдзю з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага. Газэта друкуе рэдкія здымкі з радзімы Каліноўскага – Мастаўлянаў.
Міністэрства юстыцыі ўрэшце дало згоду на прысваеньне новым вуліцам у мікрараёне Міхалова імёнаў Янкі Брылі і Льва Сапегі. А вось перайменаваньне вуліцы Берсана ў вуліцу імя заснавальніка касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча не прайшло, але грамадзкасьць усё адно мае намер за гэта змагацца, кажа галоўны рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік:
“Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў не запытаўся ў народу, ці хоча ён вуліцу Берсана перайменаваць у вуліцу імя Вайніловіча. Аказалася, што мэханізму гэтага апытаньня таксама няма. Берсан – гэта бальшавіцкі камісар. І цяпер за Вайніловіча ідзе збор подпісаў”.
“Каму неабходна ісьці ў падатковую?” Да 1 сакавіка ў Беларусі падаюць дэклярацыі аб сукупным даходзе за мінулы год. Ці трэба падаваць дэклярацыю, калі чалавек працаваў у некалькіх месцах? Як зрабіць справаздачу за пасылку з-за мяжы, як за савецкія грошы цяпер купіць кватэру – чытайце ў сьвежым нумары газэты “Комсомольская правда в Белоруссии”.