Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Аўтуховіч: “Мінулую амністыю зона назвала “курынай”


Сёньня мы завяршаем сэрыю ранішніх інтэрвію з грамадзкім рэдактарам Свободы гэтага тыдня – прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам.

Мікалай Аўтуховіч, былы вязень, якому замянілі зьняволеньне ў турме на папраўчыя работы па месцы жыхарства. Гэтым разам ён расказвае пра тое, як змагаюцца за справядлівасьць вязьні, якія лічаць сябе незаконна асуджанымі.
Уліцёнак: “Калёнія і турма, калі меркаваць па водгуках вязьняў, – гэта месца, дзе сабралі безь віны вінаватых…”
Аўтуховіч: “У гарадзенскай турме я сустракаўся зь вельмі многімі людзьмі, пра якіх магу сказаць: каб яны не баяліся, давалі інфармацыі пра сябе агалоску, падключалі прэсу, то былі б гучныя справы. Аднак людзі баяліся”.
Уліцёнак: “Што вымушае іх трымаць язык за зубамі нават за кратамі?”
Аўтуховіч: “Сытуацыя, у якой апынулася ўсё грамадзтва. Непакояцца за дзяцей, жанок, бацькоў… Бо шмат прыкладаў, калі ні за што церпяць дадаткова і родныя”.
Уліцёнак: “І ўсё ж, пэўна, ёсьць людзі, якія нягледзячы ні на што спрабуюць адстаяць справядлівасьць. Якім чынам?”
Аўтуховіч: “Кожны дзень пісалі, пісалі, пісалі…Аднак тое напісанае далей калёніі не выходзіла”.
Уліцёнак: “То бок падобная перапіска блякіруецца на месцах?”
Аўтуховіч: “Што яны ні рабілі, каб было інакш, у адказ чулі: ня пніся, адсюль твая папера ня выйдзе!”
Уліцёнак: “Кіраўніцтва калёніі мела адпаведную негалоснае указаньне загад зьверху?”
Аўтуховіч: “Хутчэй за ўсё ад тых, хто “вялі” гэтых вязьняў, садзілі іх – каб усё было шыта-крыта”.
Уліцёнак: “Мікалай, давайце згадаем людзей, якія змагаюцца за сябе?”
Аўтуховіч: “Павел Капчэўскі – прадпрымальнік. Целех Алег – цудоўны чалавек з Браслаўшчыны. Мікалай Жывушка – старшыня калгасу, які мае чатыры ордэны за працу: 36 год прарабіў, аддаў гаспадарцы здароўе, усю душу. 10 студзеня яму было 60 гадоў. Справа там вельмі нацягнутая. Ведаю дакладна, што ўсё пачалося з сутычкі з кіраўніком Гарадзенскага аблвыканкаму спадаром Саўчанкам. З гарадзенскіх жа былі людзі з такімі самымі зламанымі лёсамі нехта Паплаўскі, Крушнік – яго больш за год трымалі па адной справе, а пасадзілі па іншай. Сярод маіх суседзяў быў чалавек, якому прыпісалі гандаль людзьмі – хлопец зь Міністэрства культуры, які нічога падобнага не рабіў, але восем гадоў атрымаў і сядзіць. Шмат такіх…”
Уліцёнак: “У якім сэнсе паўплывала на жаданьне змагацца ці не змагацца за сябе апошняя амністыя?”
Аўтуховіч: “Зона чула выступленьне прэзыдэнта, які казаў: зраблю такую амністыю – Эўропа ахне! Людзі верылі і спадзяваліся. А як даведаліся, што тое папросту гучныя словы, усе сталі нэрвовымі, злымі… Чакалі, што яна выйдзе зранку 3 ліпеня, на сьвята. Аднак радыё маўчала, тэлебачаньне таксама, і ў нас у калёніі чалавек перарэзаў сабе горла на гэтай глебе. У 12 гадзінаў дня”.
Уліцёнак: “То бок зона ўспрыняла амністыю пустым мерапрыемствам?”
Аўтуховіч: “У нас яшчэ называлі яе “курынай”: маўляў, дадому ідуць тыя, хто ўкралі пару курыц… За гады адсідкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG