Чытачы сайту Хартыі’97 абмяркоўваюць прысуды моладзевым актывістам, якіх затрымалі ўчора ў Менску. Зараз у турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзіцца чатыры дзясяткі чалавек. Амаль усіх іх пакаралі пятнаццацю суткамі арыштаў.
“Дзіўныя гэтыя міліцыянты і судзьдзі. Гатовыя за кавалак хлеба з боку рэжыму асуджаць свабодных, адкрытых людзей. З кожным днём усё болей нягегла выглядае. Неўзабаве ім самім спатрэбяцца асабістыя целаахоўнікі”.
“Улада яўна напужаная і нэрвуецца. Менавіта таму і было паседжаньне гэтак званага саўбеза”.
“Улада папросту карае, помсьціць і пужае – усё адначасова, але... мы ўдзельнічалі і будзем удзельнічаць у акцыях. Як казаў Віктар Шэндэровіч, “ужо ўсе прыстойныя людзі адседзелі 15 сутак за свае палітычныя погляды”... А мы вельмі сабе прыстойныя людзі, некаторым лепяць і лепяць гэтыя суткі”.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што ў Беларусі вярнулі льготы на праезд для вэтэранаў і аўганцаў:
“Як і чакалася, у прынцыпе... Зрабі чалавеку кепска, а потым як было – і яму будзе добра”.
“Няўжо перш чым прыняць закон (указ, дэкрэт) нельга правесьці аналіз нарматыўна-прававых актаў! І так ва ўсім!”
“Гэта не яны вярнулі, а Кебіч. Атрымліваецца, што цяперашняя апазыцыя абараніла народ ад лукашэнкавага бязладзьдзя”.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч паведамляе ў сваім сеткавым дзёньніку пра тое, што будзе судзіцца з газэтай “Советская Белоруссия” і зьмяшчае там тэкст судовага пазову аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды. Спадар Міхалевіч лічыць, што артыкул “Круты міраж”, апублікаваны ў газэце, ганьбіць ягоны гонар і патрабуе кампэнсацыі ў 6160 рублёў. Камэнтары чытачоў блогу:
“З памерам кампэнсацыі ня згодны, а ў астатнім падтрымліваю”.
“Так... цяпер па БТ будуць казаць, што дзелавая рэпутацыя Міхалевіча каштуе ўсяго 6160 рублёў”.
“Неяк даволі мала ў параўнаньні з тым, што патрабуюць зь недзяржаўнай прэсы”.
"Прыкольны, а галоўнае – стыльны ўчынак :) удала падабраны памер кампэнсацыі для адпаведнай газэты".
У сеціве зьявіўся беларускамоўны сайт адзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску. Тут можна знайсьці ня толькі інфармацыю пра дзейнасьць амбасады ў Маскве, правілы падачы дакумэнтаў на візу і блянкі анкетаў, але і навіны, датычныя швэдзка-беларускіх культурніцкіх праектаў.