На форумах парталу TUT.by ідзе абмеркаваньне заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што будаўніцтва АЭС – гэта стратэгічная задача для Беларусі. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:
“Нам неабходна яшчэ раз прааналізаваць усе “за” і “супраць”. Аналізаваць павінен і народ таксама. Таксама павінны выступіць навукоўцы, розныя, але спэцыялісты ў гэтай галіне! Трэба разгарнуць дыскусію ў прэсе, радыё, ТБ... Таксама жыхароў адселеных тэрыторыяў трэба запытацца, тых, хто быў ліквідатарам у Чарнобылі. Вось пасьля гэтага ўжо трэба прымаць рашэньне”.
“Як толькі такі геній пачне будаўніцтва АЭС, дык адразу ж трапіць у зону шчыльнай увагі ЗША (на Іран паглядзіце)”.
“Ня выключана, што ядзернае паліва на момант завяршэньня будаўніцтва нашай роднай АЭС значна падаражэе. Бо за апошнія 7-8 год кошт уранавага канцэнтрату ўзрос амаль у 10 разоў! Прагнозы МАГАТЭ ідуць да таго, што да 2010 году на рынак паступіць на 5,7 тон урану меней, чым трэба для забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці рэактараў”.
“У лякарнях ляжаць у калідорах, і туды ня трапіць. А ў нас спадарожнікі і рэактары з палацамі, ура!”
Блогер Яўген Ліпковіч абураецца заявай міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які не выключае магчымасьці выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу, каб абмежаваць колькасьць навучэнцаў, якія пасьля базавых 10 клясаў працягнуць навучаньне ў 11 і 12 клясе. Заяву спадар Радзькоў зрабіў на мінулым тыдні.
“Дзе нашыя службы бясьпекі, якія стаяць на варце нашай Канстытуцыі? Што там сказана: “Грамадзяне Беларусі маюць права на адукацыю” – гэта пусты гук? – піша Ліпковіч. – Адміністрацыйныя рэсурсы, якія перашкаджаюць ажыцьцяўленьню канстытуцыйных правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, павінны быць зьнішчаныя. Радзькоў павінен ісьці ў адстаўку. Дзе нашыя дэпутаты, дзе нашыя партыі, якія павінны патрабаваць ацэнкі дзеяньняў Радзькова ва ўсіх дзяржаўных службаў без усялякай згадкі пра гэта грамадзянаў РБ? Урэшце рэшт, дзе прэзыдэнт, які прапанаваў народу Беларусі той варыянт Канстытуцыі, паводле якога мы маем права на адукацыю, і які мы ўхвалілі большасьцю галасоў і даверылі яму стаяць на варце нашай Канстытуцыі больш за два тэрміны?”
Чытачы сайту “Нашай нівы” рэагуюць на выказваньні расейскага палітыка Ўладзіміра Жырыноўскага, які прапанаваў аддаць Вільню Беларусі.
“Граюцца з агнём, як той дурань у сьцірце. Ганьба такім правакатарам!”
“Мо яшчэ і Смаленск нам аддадуць?”
“Навошта нам Вільня, калі мы й на гэтай зямлі ўправіцца па-гаспадарску ня можам?! Каб потым болей вобласцяў адыйшло да Расеі?”
“...калі ў 1991 годзе ў Маскве ішлі перамовы пра ўмовы выхаду Літвы з СССР, то літоўцы былі гатовыя нават да таго, каб у скрайнім выпадку аддаць Беларусі (СССР) Вільню й Віленскі край, і атрымаць сабе даваенную Літву са сталіцаю ў Коўне. Гэтыя зьвесткі мне расказваў удзельнік тых перамоваў, які потым быў членам Канстытуцыйнага суду Беларусі. "Пасеклі край наш папалам...". Гэта быў апошні шанец, і больш нам Вільні ня бачыць, як сваіх вушэй. Бо заўсёды лёс Беларусі вырашалі бязь яе ўдзелу”.
Літаратарка Аксана Бязьлепкіна ў сваім блогу цытуе ўрывак са студэнцкага сачыненьня: “Да паэзіі я, шчыра кажучы, стаўлюся адназначна. З аднаго боку – гэта вельмі эстэтычная зьява, адлюстроўвае глыбокія ўнутраныя пачуцьці аўтара, дае магчымасьць да яго патаемных частак душы дакрануцца. З другога боку – навошта мне нечы ўнутраны сьвет, я ніколі не ведаў гэтага чалавека, чаму мне яму ў душу лезьці і капашыцца там!? Такім чынам адбываецца, што мне паэзія "ніяк".