У дакладзе узровень палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў ацэньваюцца па сямібальных шкалах: ацэнка ў 1 бал – самы высокі ўзровень свабоды, у 7 балаў – самы нізкі. Беларусь атрымала ацэнку 7 паводле палітычных правоў і 6 паводле грамадзянскіх свабодаў.
У параўнаньні з мінулым годам колькасьць краінаў, якія “Freedom House” ацэньвае, як свабодныя , засталася ранейшай – 90, колькасьць часткова свабодных павялічылася на дзьве. Разам з тым сытуацыя ў шэрагу краінаў у мінулым годзе істотна пагоршылася, паменела палітычнай свабоды ў такіх краінах, як Кітай, Вэнэсуэла, Іран і Расея. У справаздачы адзначаецца пэўнае пагаршэньне сытуацыі ў Грузіі, якая аднак засталася ў катэгорыі часткова свабодных краінаў.
Рэгіянальныя лідэры несвабоды
За апошнія гады зьявіліся ўплывовыя рэгіянальныя аўтарытарныя лідэры, якія распаўсюджваюць ці спрыяюць аўтарытарным тэндэнцыям у сваім рэгіёне. Ваенная дыктатура ў Бірме трымаецца падтрымкай Кітаю, несвабодная Расея падтрымлівае рэпрэсіўны рэжым у Беларусі, вэнэсуэльскі прэзыдэнт Чавэс спрыяе аўтарытарызму ў Лацінскай Амэрыцы, Іран і Сырыя сеюць дэстабілізацыю ў часткова свабодным Лібане.
Характарыстыку сытуацыі на пастсавецкай прасторы даў у інтэрвію нашаму радыё кіраўнік “Freedom House” Крыстафэр Валкер.
Валкэр: “Гэты рэгіён уключае тры найгоршых у сэнсе свабоды краін – гэта Беларусь, Туркмэністан і Узбэкістан. Яны найгоршыя сярод усіх 193-х кран, якія мы вывучалі. Ёсьць у рэгіёне адна свабодная краіна, якія дасягае посьпехаў нягледзячы ні на што – гэта Ўкраіна. У ёй ў “пасьляаранжавы” пэрыяд некалькі разоў адбыліся выбары, якія былі канкурэнтнымі, мірнымі, вынікі якіх былі прызнаныя ўдзельнікамі , што ёсьць рэдкасьцю ў небалтыйскім рэгіёне былога СССР.
У Расеі 2007 год стаў годам аўтарытарнай кансалідацыі. Часткова з-за кіраваных парлямэнцкіх выбараў, а часткова з прычыны працэсу перадачы ўлады, калі напрыканцы году стала зразумела, што расейцы ня будуць мець магчымасьць адкрыта і справядліва выбраць наступнага прэзыдэнта”.
Яшчэ трое суседзяў Беларусі – Літва, Латвія і Польшча, аднесеныя ў справаздачы да катэгорыі свабодных.