Дасьледчы цэнтар “Freedom House” у глябальным рэйтынгу свабоды друку ставіць Беларусь у канец сьпісу – на 181-е месца са 195-ці, у лік краінаў, дзе свабода слова жорстка ўціскаецца, а журналістаў перасьледуюць. У параўнаньні з 2006 годам сытуацыя крыху палепшылася – тады Беларусь была на 185-м месцы.
Усясьветны банк у сваім дасьледаваньні ўмоваў вядзеньня бізнэсу паставіў Беларусь дзесьці паміж сярэдзінай і канцом сьпісу: 110-е месца са 178-ці. У параўнаньні зь мінулым годам паводле гэтага паказьніка краіна прадэманстравала прыкметны прагрэс: у 2006 годзе Беларусь займала 123-е месца са 175-ці.
“Transparency International” ужо шмат гадоў вымярае індэкс успрыманьня карупцыі насельніцтвам розных краінаў сьвету. Дасьледаваньні гэтай арганізацыі сьведчаць пра тое, што карупцыя ў Беларусі ва ўспрыманьні беларусаў за апошнія гады рэзка вырасла: пры канцы 1990-х краіна была сярод 50 дзяржаваў, найменш карумпаваных з пункту гледжаньня грамадзянаў. Летась яна была на 151-м месцы са 163-х, сёлета – на 150-м месцы са 180-ці.
Рэйтынг, падрыхтаваны амэрыканскім часопісам “Foreign Affairs” і Фондам міру, вымярае ступень дзеяздольнасьці дзяржаваў, устойлівасьць іх дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, здольнасьць разьвівацца без катаклізмаў і забурэньняў.
І сёлета, і летась экспэрты ацанілі стан Беларусі паводле гэтага паказьніка як некрытычны, але сур'ёзны: 51-е месца са 177-мі сёлета і 50-е месца са 146-ці летась.
![](http://gdb.rferl.org/DE4F43B0-CD5B-405F-ABBC-3AC00FABB23A_w250_s.gif )
![](http://gdb.rferl.org/F5C40DAE-9399-4FFD-9C98-1AA1D8D03CDA_w250_s.gif )
![](http://gdb.rferl.org/A9BA44AD-8CDD-457B-8507-7CC3131F6E99_w250_s.gif )
![](http://gdb.rferl.org/4D6BB0E7-4263-4AD2-9CAA-5209789B706B_w250_s.gif )