На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра хакерскую атаку, ад якой пацярпелі дзесяткі тысяч прыватных карыстальнікаў і тысячы беларускіх прадпрыемстваў.
У зьвязку з гэтай падзеяй прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, якому належыць партал Tut.by, скіравала афіцыйную заяву ў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакараньне за “Злачынствы супраць інфармацыйнай бясьпекі” -- пазбаўленьне волі ад 3 да 10 гадоў. Камэнтары:
“Слабыя па магутнасьці сэрвэры, не выкарыстоўваецца сучаснае абсталяваньне”.
“Каму трэба было класьці сэрвэры, ды яшчэ такія вялікія магутнасьці выкарыстоўваць?”.
“Адмінам парада: заўжды трэба быць падрыхтаванымі да такіх атакаў”.
На сайце рэйтынгу беларускіх блогаў галасаваньнем абраны лепшым допіс году. Ім стаўся допіс аднаго з аўтараў “Начной аблогі” – Севярына Квяткоўскага.
Допіс прысьвечаны аднаму зь беларусаў-герояў бітвы пры Монтэ-Касына Аляксандру Шакулю. Таксама допіс патрапіў у дзясятку топу расейскага рэсурсу “Яндэкс”, які сярод іншага адсочвае найбольш папулярныя допісы кірылічнага сэгмэнту “Жывога Журналу”. У нядзелю допіс літаратаркі Марыйкі Мартысэвіч патрапіў на першае месца топу, а літаратара Віталя Воранава -- у пяцёрку. На 7 студзеня пазыцыі нязначна зьмяніліся, але сярод трыццаці лепшых допісаў заставаліся 7 беларусаў.
Факт выклікаў увагу беларускіх блогераў, бо разам у кірылічным сэгмэнце “Жывога Журналу” сотні тысяч блогаў, сярод якіх лідзіруюць расейскія. Але некаторыя беларускія блогеры паставіліся скептычна да радасьці тых, хто “сьвяткаваў перамогу”. Так slaver-be піша: “Бессэнсоўныя рэйтынгі, мары стаць тысячнікамі, дурныя піары і сачэньні за топамі. Эўфарыя непаўнавартаснага народу”. Адказ: “Не успрымай ты ўсё так сур'ёзна. Ну зразумела, што ня трэба надаваць таму топу столькі ўвагі, але назіраючы за больш-менш нармальным піарам ...і спрэчкай ўсё ж зьяўляецца пачуцьцё што нас не так і мала, як падавалася раней”.
Блогер andorac ладзіць у сваім дзёньніку апытанку:
“Хто мусіць прыносіць беларускім дзеткам падарункі на Каляды?” Варыянты:
1. Дзед Мароз
2. Санта-Клаўс
3. Сьвяты Мікола
4. Зюзя
5. Нехта іншы
Адзін з камэнтароў: “Бацькі :) Ну і дзядзькі/цёткі/хросныя...”