Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГА беларускага інтэрнэту за 8 студзня


Агляд форумаў і блогаў беларускага сеціва.


На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць словы Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў: “Беларуская дзяржава лічыць праваслаўную царкву галоўным ідэолягам нацыі”. Камэнтары:

“Я меркаваў, што царква і дзяржава разьдзеленыя”;

“Неяк дзіўна аддаваць перавагу праваслаўю перад каталіцтвам -- аналягічныя дзеяньні прыводзілі да распаду краіны”;

“А па мне гэта наадварот добра, што каталікі ніякім бокам не адносяцца да ідэалёгіі лукашызму”.

“Засталося толькі сумясьціць пасаду ідэоляга і сьвятара на прадпрыемствах – на споведзь да ўладаў!”

На форумах сайту ”Наша Ніва” абмяркоўваюць навагоднюю перадачу тэлеканалу ОНТ «Паўлінка new». У фінальнай песьні гучаць словы “ты бульбаш і я бульбаш”. Камэнтары:

“Пачуцьцё гумару нельга блытаць з дурным густам і атрафіраванай нацыянальнай сьвядомасьцю”;

"Гэтае шоў ад пачатку да канца -- прымітыўнае і абразьлівае. Там жа проста гапата местачковая сабралася і зрабіла свой “бульбашскі канцэрт”, бо яны і сапраўдныя бульбашы”;

“Дык у гэтым фільме ўсе героі й ёсьць бульбашы, і размаўляюць на трасянцы. І большасьць насельніцтва, на якіх і разьлічаны фільм, -- бульбашы. Так што, усё правільна: ты бульбаш, і я бульбаш. Рэалізм”.

Музыкант Лявон Вольскі публікуе ў сваім дзёньніку элегічную замалёўку пра паездку напярэдадні Раства на завулак Сьнежны, што месьціцца ў Менску ў раёне вуліцы Харкаўскай: “Блукалі па прыватным сэктары гэтак з дваццаць хвілінаў. Бо Сьнежны завулак так проста ня знойдзеш, ён чароўны. Цікавы там дух, у гэтым раёне. Як у вершы вядомага беларускага паэта: "Але ёсьць яшчэ іншы, але ёсьць яшчэ той"...

Гэта мястэчка ў горадзе -- брукаваныя вулкі, ёсьць такія вузкія, што дзьве машыны не разьедуцца, на хатах -- старыя, яшчэ з майго дзяцінства, цёмна-сінія шыльды з нумарамі і назвамі вуліцаў... Але Мінск наступае. У канцы Сьнежнага завулку стаіць шматкватэрны навабуд, а наўкола па лябірынтах вузкіх вулак блукае новы чорны “мэрс”, і ягоны ўладальнік пытаецца: "Не знаете, что тут будет сноситься, что продаваться?" Камэнтар:

“У зьвязку з гэтым хачу яшчэ раз падзякаваць вам за песьню "Менск і Мінск". Мы яе на карпаратыве пад гітару сьпявалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG