Адно з патрабаваньняў прадпрымальнікаў – адмена пункту 1.1 прэзыдэнцкага указу №760, які ад 1 студзеня забараніў наймаць на працу кагосьці, апроч блізкіх сваякоў. Старшыня прадпрымальніцкага прафсаюзу “Разам” Ірына Яскевіч сказала, што некаторыя віцебскія прадпрымальнікі прыедуць ў Менск на плошчу:
“Частка людзей проста зачыніцца. І будзе падтрымліваць тым, што зачыніць свае гандлёвыя кропкі тут, дэманструючы, што мы салідарныя. Людзі настроеныя так, што не разумеюць як ім працаваць далей. Яны звольнілі ўжо сваіх найманых асобаў. У найгоршым стане ў нас жанчыны, якія маюць маленькіх дзяцей. Частка людзей проста перастала разумець, як расьціць дзяцей? Зараз пытаньняў больш, чым адказаў на іх”.
Паводле актывіста аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктара Чайкоўскага, у Берасьці міліцыянты папярэдзілі некаторых прадпрымальнікаў, якія зьбіраюцца ў Менск, што акцыя несанкцыянаваная:
“Настроі баявыя. Актывісты зьбіраюцца ехаць у Менск. Але ўжо міліцыя працуе. У нас сытуацыя такая, што вельмі многа шапікаў зачынена. На продаж выстаўлены крамы, шапікі. Не працуе многа гандлёвых цэнтраў, рынкаў. Сытуацыя вельмі дрэнная”.
У Магілёве бальшыня прадпрымальнікаў зьбіраецца выйсьці на плошчу ў цэнтры гораду, каб прадэманстраваць салідарнасьць.
“Я і мае людзі, якія працавалі ў мяне таксама пойдуць, бо іншага выйсьця няма, – кажа прадпрымальнік Валер Вярбіцкі. – Гэта мусіць зрабіць кожны чалавек, які займаецца дробным бізнэсам, бо адзінае, што мы можам цяпер зрабіць – такі пратэст. І паказаць уладзе, што тыя крокі, якія яны зрабілі дачынна малога бізнэсу – памылковыя.
На сёньняшні момант настрой прадпрымальнікаў больш рашучы, акцыя будзе больш прадстаўнічая. Улада плянуе забраць тое, што мае чалавек. Шмат людзей ведаюць, што яны губляюць”.
Паводле аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, некаторыя актывісты з Горадні ўжо знаходзяцца ў Менску. Ён сказаў, што найбліжэйшым часам прадпрымальнікі плянуюць яшчэ шэраг акцый:
“Частка людзей настроена рашуча. Рынак “Южны” ўчора практычна не працаваў, там працавала ўсяго пару месцаў. Гэта самы вялікі рынак у Горадні. У людзей настрой баявы, яны хочуць адстойваць свае правы ўсімі даступнымі спосабамі. Людзі засталіся бяз працы, бяз сродкаў існаваньня, і пэрспэктывы ніякай”.
Паводле актывіста “Пэрспэктывы” Аляксандра Рубчэні, некаторыя прадпрымальнікі з Гомеля прыедуць у Менск на плошчу.
“Хто ня едзе ў Менск, каля 70% ня выйдуць на працу. Людзі настроены рашуча, бо губляць ім няма чаго”.