Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбачоў: улада ўзяла два месяцы, каб нас затаптаць


Да заплянаванага ў Менску пратэсту прадпрымальнікаў застаўся адзін дзень. 10 студзеня а 12 гадзіне яны хочуць выйсьці на Кастрычніцкую плошчу.


У Барысаве ў аўторак міліцыянты затрымалі лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, аднак суд яго апраўдаў. Віктар Гарбачоў заявіў, што інцыдэнт быў сплянаваны ўладамі з мэтай ізаляваць яго ад удзелу ў акцыі 10 сьнежня. Спадар Гарбачоў мяркуе, што сыстэма дала збой:

“З майго боку было вельмі многа сьведак – жонка, сын, прадпрымальнікі. Гэта было сплянавана загадзя, каб усё гэта пракруціць, папалохаць, шум падняць. Але вельмі вялікая хваля імгненна пайшла. Журналісты і амбасады пачалі тэлефанаваць у міліцыю. Ну і былі праколы: думалі, што мяне вельмі лёгка справакаваць на бойку. Тое, што адбылося, наадварот дасьць яшчэ большы рэзананс. Прадпрымальнікі яшчэ больш раззлуюцца”.

Віктар Гарбачоў сказаў, што напярэдадні быў папярэджаны адным з супрацоўнікаў праваахоўных органаў аб плянаванай правакацыі:

“Я пра гэта ведаў і таму вёў сябе спакойна. І адразу папярэдзіў жонку: ні ў якія канфлікты не ўступаць. Сына папярэдзіў. Хто б ні скакаў. Незнаёмы, які правакаваў мяне на бойку, спачатку мяне біў у сьпіну, а потым пачаў прыставаць да майго 13-гадовага сына, потым да жонкі. Жонка мяне ўзяла за руку, і мы ішлі па пэрону. І ён яе штурхнуў пад электрычку. Тут жа ёсьць замах на забойства. Міліцыянты разглядаюць, як жа я рукамі махаў, жонку абараняў. А тут паслалі забойцу, мэтанакіравана. І яго адпусьціла міліцыя”.
Калі яны хочуць, каб сытуацыя выйшла з-пад кантролю – няма праблем! Няхай усё ідзе стыхійна...

Віктар Гарбачоў якраз накіроўваўся ў Менск на сустрэчу з прадстаўнікамі рынкаў вобласьці. Ён заяўляе, што ўлады зрабілі ўсё, каб не дапусьціць яго ўдзелу ў гэтай сустрэчы.

“Яны баяліся, што я буду агітаваць, жорстка выступлю, заяўлю свае патрабаваньні. Аднак прадпрымальнікі вельмі незадаволеныя сытуацыяй. Студзень і люты ўлада ўзяла сабе, каб прыдумаць, што зрабіць з актывістамі, з гарадамі, дзе найбольш моцныя пратэсты. Каб нас за два гэтыя месяцы затаптаць.

Ходзіць міліцыя па рынках, прадстаўнікі КДБ, адміністрацыі. Глядзяць, дзе якая ўлётка ці сабраліся па трое, зандаж поўны. Напужаныя яны. Калі яны хочуць, каб сытуацыя выйшла з-пад кантролю – няма праблем! Няхай усё ідзе стыхійна. Хочуць, каб ішлі перамовы, тады навошта нас тузаць, саджаць?”

Начальнік управы прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі ў размове з карэспандэнтам Свабоды заявіў:

“Мы заканадаўства выконваем і будзем гэтым займацца. Вы хочаце, каб я камэнтаваў словы прэзыдэнта? Я ня буду гэта рабіць! Ніякіх адменаў не плянуецца”.

Паводле лідэра аб’яднаньня “Пэрспэктыва”Анатоля Шумчанкі, адбылася сустрэча прадпрымальнікаў у Магілёўскім аблвыканкаме. Вэртыкальшчыкі сказалі, што пазыцыя прадпрымальнікаў адносна пераходу ва ўнітарныя прадпрыемствы палітычная і няправільная. Маўляў, прывыкайце працаваць у новых умовах.

“Мы хочам ім таксама сказаць, каб яны прывыкалі да новых умоваў. Няхай прывыкаюць, што цяпер на плошчах будуць зьбірацца прадпрымальнікі. Пакуль праблема ня будзе вырашана, ніхто ня скажа, што ён ня пойдзе на плошчу. І гэта рашэньне самога народу”, – сказаў А.Шумчанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG