Судзьдзя Мікалай Кананчук адмовіў міліцыянтам, якія пераконвалі, нібыта Віктар Гарбачоў распачаў бойку на канцавым прыпынку электрычкі Крупкі — Барысаў. Паводле сьведчаньняў у судзе, інцыдэнт быў справакаваны знарок.
Адразу пасьля суду першае інтэрвію Віктара Гарбачова — для “Свабоды”:
“Я мяркую, што сыстэма дала збой, бо апэратыўна спрацавалі незалежныя СМІ. Таксама была добрая падтрымка. У суд прыйшлі ўсе лідэры. І, па-трэцяе, жонка і сын праўдзіва сьведчылі ў судзе. Таксама, дзякуючы таму, што мяне людзі ведаюць, зьявіліся і іншыя сьведкі”.
Нагадаю, што сёньня Віктар Гарбачоў, яго жонка Сьвятлана і 13-гадовы сын Мікалай вярталіся з райцэнтру Крупкі дахаты ў Барысаў. Сьвятлана Гарбачова кажа, што калі сям’я выходзіла з вагону, нейкі мужчына ўчыніў правакацыю:
“Пачаў штурхаць мяне і сына. Было відаць, што ён мэтанакіравана, як кажуць, па наводцы ішоў на Віктара. Я ўзяла мужа пад руку, каб не адбылася бойка. Мы накіраваліся да міліцэйскай дзяжуркі. Калі падышлі, то той мужчына ўцёк”.
Пра намеры міліцыі затрымаць сёньня Віктара Гарбачова прагаварыўся дзяжурны Барысаўскага РАУС:
“Пакуль яго няма яшчэ ў дзяжурнай частцы. Віктар Гарбачоў знаходзіцца ў аддзеле. Ім займаецца старшы інспэктар аддзелу прафіляктыкі Павал Пятровіч Ліхачэўскі. Зараз яны размаўляюць. Пасьля начальнік РАУС накладзе рэзалюцыю. І тады будзе рашэньне”.
Таксама ў першай палове дня ўдалося зьвязацца з Віктарам Гарбачовым. Паводле ягоных словаў, на справядлівасьць ён не спадзяваўся:
“Я заявіў, што ў адносінах да мяне была ўчыненая спроба справакаваць бойку. Але правакатара няма, а мяне затрымліваюць. Міліцыянты ня ведаюць, што казаць. Чакаюць каманды зьверху”.
А 13 гадзіне Віктара Гарбачова перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А 14 гадзіне ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы. Але неспадзявана судзьдзя Юрый Кобец узяў самаадвод. Камэнтуе палітык Леў Марголін:
“Мяркую, што ён проста выкарыстаў магчымасьць зваліць гэтую справу на іншых. Усё было настолькі ясна і зразумела”.
Пасьля вымушанага перапынку паседжаньне суду прадоўжыў Мікалай Кананчук. Ён і агучыў апраўдальны прысуд.
Віктару Гарбачову — 43 гады. Ён скончыў Вышэйшую ваенную памежную вучэльню і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Зьяўляецца старшынём аргкамітэту дзеля стварэньня рэспубліканскага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.