Тыповыя аб'явы
Учора ўвечары ў гандлёвым цэнтры “Купалаўскі” у Менску працавалі некалькі шапікаў, нягледзячы на тое, што іншыя былі зачынены. На дзьвярах адных віселі аб’явы “У зьвязку з кароткачасовым адпачынкам стэнд адновіць працу 15 студзеня” альбо “Зачынена на канікулы да 15 студзеня”. А ў іншых ішоў гандаль. Чаму ж асобныя гандляры выйшлі на працу?
Гандлярка: “Арэнду бяруць. Штрафныя санкцыі да тых, хто не выходзіць на працу з боку адміністрацыі”.
Гандлярка: “А дзе страйк? Ніхто ня ведае пра гэта. Мы чулі, што ён будзе 10 студзеня”.
Гандлярка: “Мы распрадаёмся, мы ня проста працуем. Мы ня можам працаваць на гэтых умовах і ўсё”.
Гандлярка: “Мы ведаем, што страйк будзе 10 чысла, а так мы ня ў курсе. Проста арганізацыя дрэнная”.
У адных страйк, а ў іншых праца
Гандляр: “Страйку пакуль няма, ён будзе 10 чысла. Я індывідуальны прадпрымальнік, я магу працаваць, а яны ня могуць працаваць, бо найманыя асобы адменены”.
Гандлярка: “Мы зачыняемся, бо ў нас няма каму працаваць”.
Крама абутку зачыняецца
Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху Аляксандра Цацуры з Салігорску, гандляры выходзяць на працу ў парушэньне заканадаўства, што можа карацца вялікім штрафам і канфіскацыяй выручкі:
“Асабліва ў шапіках стаяць гандляры альбо, калі сядзіць прадпрымальнік, усё роўна працуе гандляр. Паводле ўказу №760 нельга мець найманых работнікаў. Напэўна, паступіла такое распараджэньне да 10-га нікога не чапаць, каб зьбіць напал страйку. Я хадзіў і ў нашу падатковую, і іншыя прадпрымальнікі тэлефанавалі. Чаму мы мусім выконваць умовы, а іншыя ня выконваюць? У нашай падатковай сказалі, што на гэты конт не было ніякіх указаньняў”.
Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, прадпрымальнікі, якія не страйкуюць дрэнна прагназуюць сытуацыю. А часам і ня вераць у магчымасьць ліквідацыі.
“Жывуць адным днём. Гэта рыса нашага насельніцтва. Злыя, незадаволеныя, але спрабуюць яшчэ нешта захапіць у гэтыя астатнія дні. А потым, хоць трава не расьці.
Пэўная частка прадпрымальнікаў усё ж мае пэўны “дах” ад райвыканкамаў ці гарвыканкамаў. Хто ад каго. Спадзеючыся, што іх выратуюць, прыкрыюць. Таму ім дадзена каманда працаваць, іх чапаць пакуль ня будуць. Ідзе моцная інфармацыйная праца з боку чыноўнікаў. Зьбіраюць саветы, запужваюць. Спрабуюць першыя дні не чапаць”.