Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Міхаіла Марыніча


У ліпені 2006-га і ў лютым 2007-га на хвалях “Свабоды” гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.


“Адносна мяне ўлада дзейнічала надзвычай жорстка і цынічна”

Алег Грузьдзіловіч:
“Вы вышлі на волю 14-га красавіка 2006-га году, фактычна праз два года пасьля таго, як Вас запрасілі ў КДБ і арыштавалі. Ці зьмянілася за гэты час Ваша стаўленьне ды тых падзеяў?”

Міхаіл Марыніч: “Сёньня, на волі, я магу даць больш глыбокую ацэнку таго, што са мной адбылося. Магу ўзважыць прычыны і наступствы тых падзей. Дарэчы, чым болей я пра іх думаю, тым больш эмацыйна іх успрымаю. Адносна мяне ўлада дзейнічала надзвычай жорстка і цынічна. Органы КДБ, пракуратура і міліцыя не лічыліся з законамі, калі пазбаўлялі мяне волі і здароўя. І ўсё гэта адбывалася на загад дыктатара.

Сьнежань 2004. У Менскім раённым судзе.
З тых часоў сыстэма не зьмянілася. Дыктатарская ўлада бесьперапынна працягвае кампанію супраць іншадумства, супраць людзей дэмакратычных поглядаў, яна працягвае насаджаць страх і пакорлівасьць.

Каб зламаць жаданьне змагацца за свае правы, за свабоду, незалежнасьць і прыстойнае жыцьцё ўлада адпраўляе за краты ўсё болей невінаватых людзей. Таму, як можа зьмяніцца маё стаўленьне да гэтай ўлады, калі няма праўды пра зьніклых Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага?

Калі і сёньня за кратамі знаходзяцца ні ў чым невінаватыя мае аднадумцы Казулін, Клімаў, Дашкевіч, Фінькевіч ды іншыя?”


Міхаіл Марыніч з жалезнай клеткі крычаў “Жыве Беларусь!”

У выпадку з Міхаілам Марынічам было відавочна: ўлада доўга не магла вызначыцца, за што ж пакараць былога высокапастаўленага чыноўніка, які адважыўся “выйсьці з калёны”? У афіцыйным паведамленьні адразу пасьля арышту пазначалася: паводле падазрэньняў у незаконным захоўваньні зброі. Дзеля гэтага на лецішчы правялі ператрус і знайшлі пісталет італьянскай вытворчасьці, вельмі папулярны сярод кілераў.

Марыніч лічыць, што пісталет яму падкінулі. Ягоных адбіткаў пальцаў на зброі сапраўды не знайшлі. Між тым некалькімі гадзінамі раней, калі Міхаіла Марыніча затрымалі ў будынку КДБ, яму сказалі, што сярод канфіскаваных у яго напярэдадні 90 тысяч даляраў аказаліся і фальшывыя. Дарэчы, даляры ў палітыка знайшлі падчас агляду ягонага аўтамабіля, які “выпадкова” спыніла ДАІ. Толькі чамусьці разам з “даішнікам” побач аказаўся і супрацоўнік КДБ. Ужо падчас сьледзтва ўзьнікла яшчэ адно абвінавачаньне – у крадзяжы кампутараў з арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую сам жа Марыніч і ўзначальваў. З-за праблем з офісам кампутары часова захоўваліся ў гаражы сына палітыка, а суд гэта не пераканала ў ягонай невінаватасьці. Як і тое, што ўладальнік кампутараў – амбасада ЗША – прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча ня мела. У выніку прысуд -- 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за крадзеж праз службовае злоўжываньне. Судовая заля і моладзь, якая сабралася каля суду, скандавалі “Ганьба!”. Міхаіл Марыніч з жалезнай клеткі крычаў “Жыве Беларусь!”

Сьнежань 2007-га.
Міхаіл Марыніч:
“Мяркую, мае праблемы з ўладай пачаліся раней, у 2001-м годзе, калі я выступіў разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі супраць дыктатуры, за свабоду, правы чалавека, дэмакратычныя каштоўнасьці. У той час я добраахвотна пакінуў дзяржаўную пасаду ( службу ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Рэспублікі Беларусь ў Латвіі і па сумяшчальніцтву ў Эстоніі і Фінляндыі) ды прыняў удзел у выбарах прэзыдэнта.

Краіна тады фактычна самаізалявалася, рэформы згарнулі, дыктатура квітнела. Мне, як грамадзяніну, быў неабыякавы лёс маёй краіны, таму я зрабіў выбар на карысьць дэмакратычных каштоўнасьцяў і рынкавых рэформаў.

Я перакананы, што пра аўтараў і выканаўцаў гэтых правакацый стане вядома грамадзтву, іх абавязкова будуць судзіць...
Паступова мая пазыцыя стала атрымліваць падтрымку ўнутры краіны і за мяжой, мая папулярнасьць павялічвалася. З аднадумцамі мы рыхтаваліся да парлямэнцкіх выбараў 2004 году і прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. А ва ўладзе ўсё гэта выклікала раздражнёнасьць. За мной арганізавалі татальнае сачэньне, праслухоўвалі тэлефоны, пачаліся правакацыі супроць арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую я узначальваў.

У маёй працы не было і не магло быць нейкага крыміналу, і таму я працягваў рабіць сваю справу. Аднак разумеў, што, не маючы сапраўдных фактаў, улада стане на шлях правакацыі, зоймецца шантажом, фальсыфікацыямі. Гэтак на самой справе і адбылося. 26-га красавіка 2004 года мяне арыштавалі.

Але я перакананы, што пра аўтараў і выканаўцаў гэтых правакацый стане вядома грамадзтву, іх абавязкова будуць судзіць”.

Грузьдзіловіч: “Вы маглі б праясьніць, што гэта былі за 90 тысяч даляраў і які іх далейшы лёс?”

Марыніч:
“Канечне. Гэта мае асабістыя сродкі і сродкі маёй сям’і. Раней я казаў, што за мной сачылі, зналі дакладна, якімі сродкамі я валодаю, дзе я іх захоўваю, што знаходзіцца ў маёй кватэры.

Тыя 90 тысяч я перавазіў ў аўтамабілі дамоў. А ўлада дзейнічала паводле сплянаванага сцэнару. Напярэдадні абрабавалі маю кватэру, ўзламалі аўтамабіль, праніклі на лецішча. З кватэры, мяркую, на замову ўлады, зьніклі 25 тысяч даляраў, якія належалі мне і маёй жонцы. Такім чынам мы зусім засталіся без сродкаў, і я павінен ы паехаць за грашыма, каб мець магчымасьць жыць. Гэтага як раз улады і чакалі. Я быў непадрыхтаваны да таго, што мяне нахабна спыніць міліцыя з КДБ, пачнуць без падставаў абшукваць ды яшчэ і забяруць мае сродкі. Калі чалавек не зрабіў нічога крымінальнага, у яго і ў думках няма рыхтавацца да сустрэчы з праваахоўнымі органамі. Тым больш я тады яшчэ знаходзіўся пад уражаньнем таго, што кватэру абрабавалі, што нам элемэнтарна патрэбны сродкі, каб адрамантаваць аўтамабіль, паставіць сыгналізацыю ў кватэру. Крыху пазьней я зразумеў, што гэта былі правакацыі, сплянаваныя ўладай.

Дарэчы, а тыя грошы мне дагэтуль не вярнулі. Сьцьвярджаюць, што яны патрапілі пад канфіскацыю, але я лічу, што іх забралі незаконна і працягваю гэта даказваць”.

З ліста Старшыні КДБ Леаніду Ерыну, Генэральнаму пракурору Віктару Шэйману ад Міхаіла Марыніча. .”...Чаму Вы так спужаліся і трымаеце мяне ў ізаляцыі любымі, ў тым ліку і незаконнымі сродкамі, зацягваеце сьледзтва, пазбаўляеце мяне свабоды, маіх канстытуцыйных правоў? Вы як і Вашы супрацоўнікі лепш іншых чыноўнікаў у краіне ведаеце, да чаго дыктатарская палітыка прывяла краіну...” 29.06.04 ( Марыніч).


“Палітзьняволеныя – байцы, якія ўжо гатовыя да выпрабаваньняў”


Грузьдзіловіч: “Вядома, што Вы перажылі ў турме шмат драматычных сытуацый: у Вас адабралі лекі, здарыўся інсульт, а дапамогі не было. Потым патрапілі ў шпіталь. Што Вас выратавала?”

Міхаіл Марыніч: “Такі прэсінг дзейнічаў яшчэ да турмы, ў сьледчым ізалятары КДБ “амэрыканцы”. Ужо там я зразумеў, што яны пойдуць на любыя фальсыфікацыі, каб толькі скампрамэтаваць мяне і пасадзіць. Не браліся да ўвагі ані твае чалавечыя якасьці, ані былыя заслугі, стан здароўя. Мае скаргі і скаргі маіх абаронца ігнаравалі, звароты паважаных людзей, дэпутатаў, юрыстаў, дыпляматаў, журналістаў адрасаваныя старшыні КДБ і генэральнаму пракурору заставаліся без адказу.

Вельмі істотна было не разгубіцца. Галоўнай падтрымкай было тое, што я быў не адзін, што за мяне змагаліся тысячы людзей ў Беларусі і за мяжой. Нават гэта давала фізычныя сілы вытрымаць усё бязьмежжа і цынізм супроць мяне.

Дзякуй маім сваякам, сынам, сябрам, аднадумцам, вядомым мне і невядомым людзям, якія выявілі адносна мяне душэўнасьць і цеплыню. Гэта застанецца ў маім сэрцы. Я заўсёды буду з вамі. Нізка вам кланяюся”.

Грузьдзіловіч: “Што бы Вы параілі палітычным вязьням і тым, хто яшчэ можа патрапіць ў турму за свае палітычныя перакананьні? Як трымацца? Якія адносіны падтрымліваць з іншымі вязьнямі, з адміністрацыяй?”

Мяркую, турмы перапоўненыя невінаватымі людзьмі ці тымі, хто зрабіў нязначнае адміністрацыйнае парушэньне...
Марыніч
: “Перакананы, што палітзьняволеныя ў маральным пляне – байцы, якія ўжо гатовыя да выпрабаваньняў, бо ўвязаліся ў гэтую барацьбу сьвядома. Ціск на палітычных большы, адносіны жорсткія, але і павага сярод вязьняў большая. Трэба адразу трымацца гэтага ўзроўню павагі, не зьніжаць патрабаваньняў да сябе, але і не дазваляць сябе крыўдзіць. Пры гэтым заставацца спакойным і ўпэўненым ў сваіх сілах, не рабіць імпульсіўных крокаў, якія адміністрацыя можа трактаваць як парушэньне рэжыму.

У турме шмат прыстойных людзей, дастаткова адукаваных. Мне давялося знаёміцца там з дактарамі, чыноўнікамі, бізнесоўцамі, людзьмі ў сваіх галінах дастаткова вядомымі. Па шчырасьці, за іх балела сэрца. Ня верылася, што яны ўсе вінаватыя. Мяркую, турмы перапоўненыя невінаватымі людзьмі ці тымі, хто зрабіў нязначнае адміністрацыйнае парушэньне. Шмат хто з вязьняў мне дапамагаў: парадай, ежай, лекамі, дапамагалі пераадолець хваробу. Хачу адзначыць, што і ад некаторых супрацоўнікаў адміністрацыі я таксама атрымліваў такую ўвагу. Не ад ўсіх, зразумела, але былі людзі, якія ставіліся да мяне са спачуваньнем. Сярод міліцыянтаў аказалася і шмат маіх аднадумцаў, якія падзяляюць дэмакратычныя погляды.

Турэмны досьвед даў мне пачуцьцё адказнасьці за іншых зьняволеных. Мяне прасілі перадаць на волю прывітаньне, злучыцца з роднымі, падтрымаць тых, хто разгубіўся. Як я выйшаў на волю, шмат кантактаваў са сваякамі вязьняў і працягваю гэтым займацца”.


“Рэгістрацыя шлюбу праходзіла ў маленькім пакойчыку мэдычнай часткі Аршанскай калёніі”

Разам з жонкай Тацьцянай
Грузьдзіловіч
: “Яшчэ адна гісторыя – пра Ваш турэмны шлюб. Улады паставілі пад сумнеў Вашу хваробу: маўляў, які інсульт, калі ён ў турме ажаніўся?!”

Марыніч: “У нас з Тацьцянай быў грамадзянскі шлюб, які мы плянавалі ўзаконіць. Канечне, не ў турме. Да суду, пакуль я знаходзіўся ў “амэрыканцы”, Тацяна, як грамадзянская жонка, мела права на спатканьні і перадачы. У калёніі правілы іншыя. Там без штампа ў пашпарце на доўгатэрміновае спатканьне разьлічваць немагчыма. Але раптам у мяне здарыўся інсульт, і ўзьнікла пагроза, што я надоўга застануся без падтрымкі. Марудзіць было нельга і мы вырашылі зарэгістравацца.

Вырашыць арганізацыйныя праблемы ўдалося дзякуючы верным сябрам, імёны якіх я, на жаль, пакуль не магу назваць. Сама рэгістрацыя праходзіла ў маленькім пакойчыку мэдычнай часткі Аршанскай калёніі. Акрамя нас былі два супрацоўнікі адміністрацыі і прадстаўнік ЗАГСу. Нам далі ўсяго 15 хвілін на кантакты, хаця паводле закону ў такіх умовах даюць тры дні. Потым ўлады зьдзекліва выкарысталі факт нашай рэгістрацыі ў калёніі, але хай гэта застаецца на іх сумленьні”.

Судзілі Міхаіла Мырыніча у апошнія дні 2004-га году. Па хуткасьці разгляду эпізодаў, апытаньня сьведак і іншых судовых дзеяньняў, магчыма, былі ўсталяваныя рэкорды. Усе тры дні маленькая заля Менскага раённага суду перапаўнялася: актывісты, праваабаронцы, журналісты, заўсёды прысутнічалі сыны Ігар і Павал, іх маці Людміла Марыніч-- першая жонка Міхаіла Марыніча.

Перад пачаткам першага паседжаньня бліжэйшае да жалезнай клеткі мейсца ў залі заняла маладая, добра апранутая жанчына. Калі журналісты папрасілі яе пасунуцца далей ад праходу-- маўляў, ім трэба быць найбліжэй, каб рабіць здымкі і аўдыёзапісы – жанчына рашуча адмовілася. Зьдзіўленьне зьнікла, калі ў “клетку” прывялі Міхаіла Марыніча, і прысутныя сталі сьведкамі сустрэчы з шэптам і пацісканьнем рук праз жалезныя пруты. Заля заціхла, як бывае толькі перад прысудам... Нават міліцыянты, насуперак інструкцыям, не пярэчылі спатканьню. Гэтак з Тацянай Марыніч, тады яшчэ Баранавай, пазнаёміліся і журналісты. Потым праз яе яны першымі будуць атрымоўваць самыя важныя зьвесткі пра турэмнае жыцьцё Марыніча, ў тым ліку і пра тое, што да яго ўжылі амністыю і хутка ён выйдзе на волю.


“На волі ў нас з Тацьцянай нарадзіўся сын. Назвалі яго Міхаілам”

У гэтым вогнішчы згарэла турэмная вопратка Міхаіла Марыніча
Марыніч:
“Наконт вызваленьня ў мяне былі дваістыя пачуцьці. Канешне, я быў шалёна шчасьлівы атрымаць волю, убачыць родных людзей. Якое сапраўды салодкае слова свабода!

І ўсё ж два года турмы не прайшлі бясьсьледна. Не, мае вера ды жаданьне змагацца за перамены не сталі меншымі, скарацца я не зьбіраўся. Але па-першае, адчуваў сваю адарванасьць ад рэальнага жыцьця, ад апазыцыйнай барацьбы. Нездарма першыя інтэрвію даваліся з цяжкасьцю. А таксама выхад на волю азмрочыла хвароба. У мяне ж пасьля інсульту была часткова паралізаваная палова тулава і на волі гэта працягвалася. Таму ў першую чаргу вырашыў заняцца здароўем, бо толькі здаровым змагу быць карысным грамадзтву. Пачаўся пэрыяд аздараўленьня, які ў пэўнай ступень працягваецца і цяпер. І ён дае вынік, адчуваю я сябе значна лепей. І яшчэ за гэты час на волі ў нас з Тацьцянай нарадзіўся сын. Мы назвалі яго Міхаілам.”


Міхаіл Мырыніч нарадзіўся ў 1940-ым годзе ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці. Закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моваў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў у будаўніцтве, у тым ліку каля трох гадоў ва Аўганістане.

З 1990 па 1991 гады – мэр Менска. Ад 1990- 1994 гады – дэпутат Вярхоўнага Савету. У 1994 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Чэхіі, Славакіі і Угоршчыны па сумяшчальніцтву. З 1994 па 1998 гады – міністар замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. З 1999 па 2001 гады – Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі па сумяшчальніцтву.

У 2001 годзе напісаў заяву б адстаўцы і выставіў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Не быў зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта. Узначаліў грамадзкую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”.

З красавіку 2004 года да красавіку 2006-га – вязень спэцтурмы КДБ “амэрыканкі”, потым Аршанскай і Менскай калёній. Вызвалены датэрмінова паводле амністыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG