Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Паўла Шарамета


Летась у ліпені і сёлета ў лютым на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.


Кайданкі замкнуліся на руках Паўла Шарамета 26 ліпеня 1997 году ў міжнародным аэрапорце “Менск-2”. Вядомага ўжо на той час журналіста зьвінавацілі ў “незаконным, наўмысным, зробленым па папярэдняй змове з групай асобаў паўторна” пераходзе дзяржаўнай мяжы. Дазнавальнікам арыштаванага стаўся падпалкоўнік з прозьвішчам Страх.


“За турму ў мяне няма аніякага жаданьня помсьціць”

Праз 10 гадоў Павал Шарамет рэдка ўзгадвае турму. А калі трэба прыпамінаць, дык перад вачыма паўстае самы пачатак.

“Першы момант, калі мяне прывезьлі ў турму ўначы. Я адчуваў шок, натуральна шок, ад таго, што мяне вядуць па гэтых калідорах, ад таго, што мяне даглядаюць, ад таго, што мне трэба ўвайсьці ў камэру, я ня ведаю як у ёй трэба размаўляць зь вязьнямі, і мне было вельмі страшна. За маёй сьпіной ішоў наглядчык, які быў начальнікам корпусу, дзядок такі, ён мне шаптаў на вуха: “Усё будзе нармальна, трэба трымацца”. У гэтай турме апроч нягоднікаў у форме былі і нармальныя людзі ў форме”. * (тут і далей цытаты з дакумэнтальнай кнігі Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета «Случайный президент».)

Павал Шарамет узгадвае пастаянны голад, падсадных качак у камэры, павагу з боку зэкаў, жах нявызначанасьці, і, вядома, першыя хвіліны вызваленьня. Празь 10 гадоў Павал Шарамет гаворыць пра зьняволеньне безь вялікіх эмоцый:

“За турму ў мяне няма аніякага жаданьня помсьціць: на вайне як на вайне. Лукашэнка і ягоныя людзі зрабілі на шмат больш сур’ёзныя злачынствы. У прыватнасьці выкраданьне і забойства майго таварыша апэратара Дзьмітрыя Завадзкага. Гэта сур’ёзная падстава для размовы. А турма... Я ведаў на што іду, ведаў пра магчымыя наступствы, а таму стаўлюся спакойна”, -- кажа Павал.


“Нельга ісьці на зьдзелку зь беларускім правасудзьдзем”

Павал Шарамет мяркуе, што ня варта даваць агульныя парады сёньняшнім маладым змагарам за свабоду:

“Кожны ў сваім жыцьці робіць выбар самастойна. І кожны сьвядома ідзе на тую ці іншую рызыку. Нават цяпер пасьля 10 гадоў са свайго першага арышту ў прынцыпе я не пра што не шкадую. Галоўнае, што маё сумленьне чыстае. Я як 10 гадоў таму займаўся тым, што лічыў патрэбным і важным, гэтак і цяпер займаюся тым жа самым. Што да ўнутранай сілы, вы мусіце вырашыць перад тым, як пойдзеце на мітынг, дэманстрацыю, зьбіраецеся клеіць улёткі і г.д”, -- гаворыць журналіст.

Зрэшты, былы палітвязень нагадвае пра правілы выжываньня ў турме:

“Катэгарычна нельга верыць аніякаму сьледчаму. Нельга ісьці на зьдзелку зь беларускім правасудзьдзем. У турме нельга анікому верыць, бо кожны можа стацца падсадной качкай”, -- перакананы Павал Шарамет.

«Менавіта ў першыя дні, разьлічаныя на стрэс, сьледзтва цісьне не чалавека маральна і фізычна. Менавіта ў часе ўтрыманьня ў ізалятары сьледчыя выбіваюць паказаньні і ламаюць людзей. Менавіта ў першыя дні атрымліваюць паказаньні, якія лягуць у аснову абвінавачаньня. Калі чалавеку хопіць сілаў пратрымацца 3-7-10 дзён да пераводу ў сьледчы ізалятар альбо сьледчую турму, то шанцы выйсьці зь мінімальнымі стратамі прыкметна ўзрастаюць».


“Падрыхтавацца да турмы немагчыма”

“Турма анікога не выхоўвае, анікога не перавыхоўвае. Гэта проста выпрабаваньне ў жыцьці. Падрыхтавацца да гэтага выпрабаваньня практычна немагчыма. Бо ўнутраная сіла чалавека не набываецца трэніроўкамі. Адзінае, чаму можна навучыцца, не дапускаць элемэнтарных тэхнічных памылак у паводзінах. Практычная парада вельмі простая. Яна нічым не адрозьніваецца ад парадаў, якія даюцца тым, хто змагаецца з дыктатурай у іншых краінах. Калі ты ня ўпэўнены ў сабе, не ідзі на барыкады, знойдуцца іншыя рэвалюцыянэры. А калі адчуваеш ў сабе сілы – ідзі, і не азірайся.

“Ня вер, ня бойся. Не прасі” – клясычныя прынцыпы савецкай турмы, беларускай турмы. Калі ня будзеш прасіць улады, баяцца выпрабаваньняў, разьлічваць на ўласны сілы, і на салідарнасьць сваіх сяброў, то пройдзеш усе цяжкія выпрабаваньні. Насамрэч турма нікога нічому ня вучыць. Дужыя людзі праз турму праходзяць спакойна. Слабыя людзі ў турме ламаюцца!” – лічыць Шарамет.

«Камэра ў ізалятары часовага ўтрыманьня крыху большая за сабачую кануру паўтара на два з паловай мэтры. Дзьверы абабітыя жалезам, адчыняюцца толькі для невялікага праходу. У ёй на ўзроўні 1,5 мэтра ад падлогі зробленае маленькае вакенца-кармушка і ўрэзанае «вочка». Першыя дні пасьля арышту мінаюць менавіта ў такіх ізалятарах, і гэта самы цяжкі час»


“На мяне, на апэратара Дзьмітрыя Завадзкага арышт зрабіў цяжкое ўражаньне”

“Асабіста я сабе ўсьвядоміў, зь кім мы маем справу, і хто такі беларускі прэзыдэнт. Але ня думаў на колькі далёка яны пойдуць. Цяпер толькі ідыёты і правакатары могуць казаць пра магчымасьць дамовіцца з Лукашэнкам, кажуць пра гуманнасьць. А тады яшчэ былі нейкія спадзевы, але яны досыць хутка зьніклі.

Арышт здымачнай групы ОРТ быў адным зь першых арыштаў у Беларусі, якія мелі рэзананс. Падобныя арышты тады ўспрымаліся як штосьці незвычайнае. Адпаведна, на мяне, на апэратара Дзьмітрыя Завадзкага, на кіроўцу Славу арышт зрабіў цяжкое ўражаньне”, --згадвае Шарамет.

Паводле журналіста, адна з асаблівасьцяў беларускіх турмаў – гэта абмежаваньне на атрыманьне інфармацыі.

“Аднойчы я спаў сабе, пахропваў і ня ведаў, што ў гэты самы дзень Барыс Ельцын заявіў пра тое, што хоча праз СМІ зьвярнуцца да Лукашэнкі і перадаць яму сваё абурэньне”, -- расказвае Павал.

“Дзіўнае адчуваньне ўзьнікае, калі едзеш па родным горадзе ўначы пасьля некалькіх турэмных месяцаў. Горад, які сьпіць, пужае сваёю пустэчай і толькі павялічвае трывогу. Здаеца, людзі не адпачываюць, а павымёрлі”. ... Чэкісты аддаюць два цэляфанавыя мяхі з рэчамі і зьяжджаюць бязь лішніх словаў”.

Павал Шарамет быў за кратамі ня поўныя тры месяцы:

“Гэта занадта маленькі тэрмін, каб рабіць нейкія філязоўскія высновы пра людзей, пра жыцьцё і г.д. Наогул да гэтай сваёй турэмнай гісторыі я стаўлюся бязь лішняга патасу, абалютна спакойна. Бо калі вы будзеце ставіцца да выпрабаваньняў празьмерна патасна, то вы звар’яцееце, згубіце адэкватнае ўспрыняцьцё навакольнай рэчаіснасьці....”




Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў Інстытут народнай гаспадаркі ў спэцыяльнасьці міжнародных эканамічных адносінаў. Да 1992 году працаваў у аддзеле валютных апэрацый у адным з банкаў. Быў кансультантам эканамічных праграмаў і вядоўцам аналітычнай праграмы “Праспэкт” беларускай ТВ.

Быў галоўным рэдактарам "Белорусской деловой газеты". Ад 1996 па 1998 – дырэктар беларускага бюро, уласны карэспандэнт “ОРТ” (Грамадзкая расейская тэлевізія) ў Рэспубліцы Беларусь.

У 1997 быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за нібыта незаконнае перасячэньне беларуска-літоўскай і літоўска-беларускай мяжы. Разам правёў за кратамі амаль тры месяцы.

У 1998 працаваў спэцыяльным карэспандэнтам праграмы “"Новости" і "Время" каналу “ОРТ”. Уганараваны Міжнароднай прэміяй Камітэту абароны журналістаў. Аўтар дакумэнтальных фільмаў “Чачэнскі дзёньнік”, “Дзікае паляваньне”, “Апошні год імпэрыі”. У 2002 годзе атрымаў прэмію АБСЭ за журналістыку і дэмакратыю

Цяпер Павал Шарамет -- камэнтатар Першага каналу расейскага тэлебачаньня. Кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў Першага каналу.

Жанаты, мае сына і дачку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG