Тыя адмаўляюцца плаціць, як яны лічаць, завышаную арэндную плату, а іх абвінавачваюць у беспадстаўным абагачэньні. Усяго ў суд накіравана восем аналягічных пазоваў.
Гаворыць дырэктар рынку “Прудкоўскі” Мікалай Гаўрычэнка:
“У нас стаіць 800 прадпрымальнікаў. Мы хочам, каб людзі проста плацілі ўсталяваную арэндную стаўку і добра ажыцьцяўлялі свой бізнэс. Але яны ня згодныя з узроўнем арэнднай платы. Лічаць, што арэндная плата не павінна быць такая высокая, яе трэба зьменшыць”.
Не заплаціў — беспадстаўна абагаціўся
Каля сямідзесяці прадпрымальнікаў рынку “Прудкоўскі” адмовіліся плаціць арэндную плату, якая сёлета павышалася двойчы. Яны лічаць, што гэта супярэчыць патрабаваньням Указу № 142. Паводле яго, арэндадаўцы ня маюць права нематывавана падвышаць арэндную плату двойчы на год.
У адказ адміністрацыя рынку “Прудкоўскі” ад імя замежнага гандлёвага прадпрыемства “Сабіна”, якому належыць рынак, імкнецца спагнаць плату за арэнду гандлёвых месцаў праз суд. Не сплаціў прадпрымальнік 28 эўра за квадратны мэтр — значыць, беспадстаўна абагаціўся. У Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь утрымліваецца менавіта такая фармулёўка – беспадстаўнае абагачэньне.
Заадно рынак праз гаспадарчы суд намагаецца выселіць незгаворлівых прадпрымальнікаў з арандаваных месцаў.
Прычыну падвышэньня арэнднай платы з 21,25 да 28 эўра прадпрымальнікі бачаць у жаданьні гандлёвага прадпрыемства “Сабіна” навязаць ім выкуп гандлёвых месцаў на аўкцыёне.
З-за таго, што ім на аўкцыёне не ўдалося забраць грошы, яны павысілі арэндную плату.
Гаворыць прадпрымальніца Тацяна:
“Хацелі зрабіць аўкцыён, мы адбілі гэты аўкцыён, хоць на другіх рынках такія аўкцыёны адбыліся. З-за таго, што ім на аўкцыёне не ўдалося забраць грошы, яны павысілі арэндную плату. Зімой у ралетах халадней, чым на вуліцы. Летам вельмі горача, тэмпэратура даходзіць да 45—50 градусаў. Людзі страчвалі прытомнасьць, шмат разоў “хуткую дапамогу” выклікалі. Нават расьліны не выжываюць, ня тое што людзі”.
Улады на баку “Сабіны”
Надзею Айвазаву суд першай інстанцыі пастанавіў выселіць з гандлёвага месца, якое яна арандуе на рынку. Рашэньне гэтае прадпрымальніца і адвакат абскарджваюць у вышэйшай інстанцыі.
Урэгуляваць сытуацыю з двухразовым падвышэньнем арэнды мог бы Гомельскі аблвыканкам. Прынамсі, ён абавязаны гэта рабіць паводле згаданага ўказу № 142, калі арэндадаўца павялічвае арэндную плату больш як адзін раз на год.
Як распавёў кіраўнік рады прадпрымальнікаў рынку “Прудкоўскі” Міхаіл Васільеў, сёлета яны двойчы дамагаліся сустрэчы са старшынём Гомельскага аблвыканкаму Аляксандрам Якабсонам. Аднак чыноўнікі накіроўвалі іх ва ўправу прадпрымальніцтва, дзе ім, як зазвычай, казалі: арэндную плату рынак падвысіў правільна.