Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да страйку


Лідэры прадпрымальніцкага руху заявілі пра гатоўнасьць правесьці агульнанацыянальны страйк з 1 па 15 студзеня.


Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў, які нядаўна выйшаў на волю пасьля 15-суткавага арышту, заявіў:

“Нізкі паклон заяўнікам мітынгу 10 сьнежня, якія не зламаліся, не адмовіліся ад Кастрычніцкай плошчы. Больш з боку прадпрымальнікаў ніякіх заяўнікаў ня будзе. Людзі проста будуць выходзіць на плошчу. Будуць абіраць па меры неабходнасьці час і месца. Гэта наша краіна, гэта нашы плошчы. І мы будзем зьбірацца і гаварыць на тых плошчах пра тое, што нам набалела. Бязь нейкага ўзгадненьня, каб не было ў далейшым гэтых арыштаў”.

Прэсавая канфэрэнцыя папярэднічала сустрэчы прадпрымальнікаў з кіраўніком адмысловай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатолем Паўловічам і чыноўнікамі міністэрства эканомікі. Паводле спадара Гарбачова, на гэтай сустрэчы прадпрымальнікі выставяць ультыматум уладам, патрабуючы неадкладнага маратору на ўказ № 760, які дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Калі ўлады адмовяцца, то прадпрымальнікі абвесьцяць агульнанацыянальны страйк з 1 па 15 студзеня.

Паводле прадстаўніка Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Анатоля Зьмітровіча, згаданы ўказ прыняты з грубым парушэньнем генэральнага пагадненьня паміж урадам і аб’яднаньнямі наймальнікаў, прафсаюзамі. Прадпрымальнікаў у Беларусі каля 200 тысячаў, і яны даюць бюджэту больш за мільярд даляраў у год.

“І калі сюды прыяжджаюць замежныя бізнэсмэны і праводзяць сустрэчу з прэзыдэнтам, і вырашаецца пытаньне пра ўкладаньне ў эканоміку на 30 мільёнаў даляраў, то тут паўтара мільярда даляраў. І з намі ніхто не размаўляе. Гэта проста выклікае заклапочанасьць”.

Спадар Зьмітровіч мяркуе, што ў 2009 годзе індывідуальных прадпрымальнікаў фактычна ня будзе:

“Ёсьць інфармацыя, што ў першым квартале ў прадпрымальнікаў забяруць, выведуць з-пад дзеяньня адзінага падатку акцызныя віды тавару – цыгарэты, піва. У другім квартале гэта будзе гарбата, кава, абутак. І да канца году індывідуальным прадпрымальнікам нельга будзе імпартаваць тавар. Гэтым будуць займацца толькі юрыдычныя асобы”.

Прадстаўніца прафсаюзу малога і сярэдняга бізнэсу “Разам” Ірына Яскевіч лічыць, што дзякуючы ўказу № 760 павялічыцца колькасьць беспрацоўных:

“Са студзеня кожны з нас, нават калі ён выйдзе на працу, ня зможа працаваць з той простай прычыны, што мы будзем парушальнікамі рэжыму працы. Паколькі ты працуеш адзін, то паездкі па тавар, бальнічныя лісты альбо нейкія іншыя абставіны прывядуць да таго, што ў нас ва ўсіх можна забіраць ліцэнзію”.

Алесь Таўстыка, Алесь Макаеў і Сяргей Парсюкевіч
Сябра Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў лічыць, што сіла прадпрымальнікаў у еднасьці:

“Разам, салідарна, мы атрымаем перамогу. Будзем разам, мы пераможам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG