Напярэдадні ля амбасадаў стаялі вялікія чэргі людзей, якія імкнуліся пасьпець атрымаць нацыянальныя візы па старых коштах. Што адбываецца сёньня каля латыскай, літоўскай і польскай амбасадаў?
"Я задаволены, чэргаў няма"
Ля уваходу ў будынак амбасады Латвіі сёньня зранку ўвогуле нікога не было. А вось ля літоўскай амбасады — які дзясятак чалавек. Большасьць зь іх прышлі даведацца пра новыя ўмовы афармленьня візаў. Супрацоўніцы страхавых кампаній выглядалі разгубленымі.
“Менш людзей сёньня прыйшло. Дзе яны, мы ня ведаем. Самі бяз працы практычна засталіся. Можа, яшчэ прыйдуць. Чакаем...”
Людзі, якія прыйшлі сёньня ў амбасаду падаваць дакумэнты, па-рознаму ацэньваюць далучэньне Літвы да Шэнгенскага пагадненьня.
“Вядома, пасьля Шэнгену падаражэла. Але яшчэ неўрэгуляваных пытаньняў шмат”.
Карэспандэнтка: “Вы ўжо афармлялі шэнгенскую візу?”
Спадар: “Так, шэнгенскую візу. Я цяпер працую ў Літве”.
“Спадар: ”Вельмі добра, я задаволены, чэргаў няма. Прыемна проста падыйсьці”.
Карэспандэнтка: “А кошт вас задавальняе?”
Спадар: “Усё даражэе. На маю думку, гэта таксама нармальна. Усё акупляецца. Хто едзе туды, напэўна, ведае, дзеля чаго”.
"Наша краіна магла быць таксама ў Эўропе”
Ля консульскага аддзелу польскай амбасады людзей болей, чым каля літоўскай. Шмат хто зь іх запісаўся яшчэ некалькі дзён таму, калі былі вялікія чэргі, і зараз дакладна не ўяўляе новую працэдуру афармленьня візы.
Спадарыня: “Па трое сутак тут, і ня можам трапіць. І ўчора ўвечары ў амбасадзе самі ня ведалі, якія дакумэнты афармляць. Ад 6 гадзіны да ночы тут адстаялі”.
Спадарыня: “Далі ў аўторак анкету, пайшла запаўняць, а сёньня сказалі, што ўжо новыя патрэбныя”.
Спадар: “Перапісалі, як там трэба — шэнгенская ці не шэнгенская. Мне шэнгенская ня трэба, мне патрэбная польская віза. Але больш дакумэнтаў трэба, больш патрабаваньняў. Ніхто нічога ня ведае. Час пакажа, як будзе далей”.
Спадар: “Мы б вельмі хацелі, каб Эўропа адкрыла для нас дзьверы. Для простых людзей, якіх, на жаль, не пускаюць. Мы таксама грамадзяне гэтай Эўропы, грамадзяне той вялікай краіны, якая была тут — Вялікага княства Літоўскага. Сёньняшнія навіны праз “Euronews” мы глядзелі са сьлязьмі на вачах, бо наша краіна магла быць таксама ў Эўропе”.
"Павінна быць пацьверджаньне наяўнасьці фінансавых сродкаў"
Супрацоўніца польскай амбасады Моніка Садкоўска кажа, што пакуль яшчэ рана рабіць высновы пра тое, наколькі зьменіцца колькасьць ахвотных атрымаць візы ў дыпляматычным прадстаўніцтве Польшчы.
“Гэта можна будзе сказаць пасьля Новага году”.
Карэспандэнтка: “Якія асноўныя зьмены, акрамя коштаў, у афармленьні дакумэнтаў?”
Садкоўска: “Гэта тычыцца дакумэнтаў, якія патрэбныя, каб атрымаць візу. Патрабаваньне наконт фінансавых сродкаў, якія трэба мець падчас паездкі. Калі ў запрашэньні, пацьверджаным польскімі афіцыйнымі ўстановамі, гаворыцца, што забясьпечваецца пражываньне і харчаваньне, тады ня трэба даводзіць наяўнасьць фінансавых сродкаў. Калі такога запрашэньня няма, а ёсьць турыстычная пуцёўка ці нешта іншае, то павінна быць пацьверджаньне наяўнасьці фінансавых сродкаў на банкаўскім рахунку, ці дарожныя чэкі, ці іншае”.
Карэспандэнтка: “А ці захаваюцца бясплатныя візы для дзяцей?”
Садкоўска: “Да шасьці гадоў — дакладна бясплатна. Што да іншага ўзросту, пакуль складана сказаць. Што тычыцца нацыянальных візаў, то тут будуць пэўныя паслабленьні”.
Ад сёньня паміж Беларусьсю і Польшчай, а таксама паміж Беларусьсю і Літвой увойдуць у часовае дзеяньне новыя двухбаковыя дамовы аб узаемных паездках грамадзянаў. Пра гэта паведамляе МЗС Беларусі.
Новыя дамовы прадугледжваюць ільготны ў параўнаньні з шэнгенскім парадак атрыманьня візаў грамадзянамі Беларусі. Права на атрыманьне бясплатных візаў у Польшчу на парытэтнай аснове будуць мець удзельнікі культурных, навукова-тэхнічных і спартовых мерапрыемстваў. Да таго ж дамова з Польшчай прадугледжвае скарочаны тэрмін разгляду візавых хадайніцтваў — з 10 працоўных дзён ён скарачаецца да 5.
Дамова зь Літвой прадугледжвае магчымасьць афармленьня шматразовых візаў тэрмінам да 3 гадоў дзецям да 16, асобам ва ўзросьце 65 гадоў і старэйшым, а таксама інвалідам першай групы.
І Польшча, і Літва будуць выдаваць бясплатныя візы тым катэгорыям грамадзянаў, якія маюць на гэта права паводле шэнгенскага заканадаўства — дзецям да 6 гадоў, вучням, студэнтам, асьпірантам, а таксама навукоўцам, якія выяжджаюць за мяжу, каб весьці навуковыя дасьледаваньні.