Цяпер у будынку на плошчы Парыскай Камуны ідзе рэканструкцыя, якая пачалася ў 2005 годзе. Але часткова тэатар ужо адрамантавалі.
Маім гідам у экскурсіі па тэатры стаў заслужаны артыст Беларусі, кіраўнік “Беларускай капэлы” і рэжысэр опэры Віктар Скарабагатаў. Дарэчы, гэта быў ягоны першы візыт у тэатар пасьля рэканструкцыі. І спадар Скарабагатаў дзяліўся са мной сваімі першымі ўражаньнямі.
Ну прыгожа, што скажаш! Адзінае – ня ведаю, ці трэба да такой ступені мармурам выкладваць падлогу
Мы ўвайшлі ў будынак празь сёмы пад’езд – сьцены ля гэтага ўваходу пасьля рамонту сталі сьветлымі, дзьверы на ўваход навесілі дубовыя. У будынку – стандартны эўрарамонт. У калідорах цяпер не стае прасторы, адразу адзначыў мой гід. Затое ліфт зрабілі новы, сучасны. На гэтым ліфце мы ўзьняліся адразу на чацьвёрты паверх.
Скарабагатаў: “Тут быў камбінат на чацьвёртым паверсе. Ну а цяпер... Пакуль зразумела, што толькі палова офісу працуе. І таму тут, як я бачу, нейкія кабінэты. Але геаграфія тая ж”.
На чацьвёртым паверсе некалі месьціўся офіс “Беларускай капэлы”. Цяпер тут білетны стол. Памяшканьні, якія былі опэрнымі клясамі, сталі проста грымёркамі. Клясы ж пакуль што не гатовыя, яны будуць знаходзіцца ў іншай частцы будынку. Дарэчы, у кожнай грымёрцы для салістаў цяпер будзе ня толькі ракавіна для ўмываньня, але яшчэ й прыбіральня з ваннаю – гэта міжнародны стандарт для сучаснага опэрнага тэатру.
Скарабагатаў: “Ну прыгожа, што скажаш! Адзінае – ня ведаю, ці трэба да такой ступені мармурам выкладваць падлогу”.
Падлога й лесьвіцы сапраўды ўсе выкладзеныя мармурам, і гэта не зусім бясьпечна, бо на іх коўзка. У калідорах на ўсіх паверхах столі зрабіліся нізкімі – падлогу паднялі недзе на паўмэтра, а столі наадварот апусьцілі сантымэтраў на 60. Цяпер нават ня дужа высокі чалавек лёгка дастае столь рукою. Артысты балету перад спэктаклем цяпер ня змогуць тут скакаць і разьмінацца, адзначае Віктар Скарабагатаў.
Мы падымаемся на пяты паверх.
Скарабагатаў: “Вось у гэтым месцы была нашая рэпэтыцыйная опэрная кляса. А цяпер тут месьцяцца офісы. Хутчэй за усё таму, што паколькі будзе другая сцэна рэпэтыцыйная, дык ужо такая маленькая (а яна была самай вялікай!) кляса не спатрэбіцца”.
Калі мы прыйшлі на пяты паверх, у адрамантаванай балетнай клясе займаліся артысты кардэбалету. Балет рэпэтаваў у гэтай частцы будынку нават калі тут ішоў рамонт, і танцоры вымушаныя былі дыхаць будаўнічым пылам. Балетная рэпэтыцыйная заля пасьля рамонту стала крыху меншай.
Мы пачуваліся прыкладна так, як салдаты ў доме Паўлава ў Сталінградзе
Мы вяртаемся на ніжнія паверхі, ходзім на другім і першым паверсе.
Скарабагатаў: “Усё, што там – гэта аркестравы пакой. Так было прынамсі. А вось гэты, пакуль замураваны, – уваход у аркестравую яму”.
Дзьверы, якія вядуць на сцэну, не замураваныя, але зачыненыя на замок. Там цяпер ідуць будаўнічыя работы, і трапіць туды немагчыма. Таму экскурсію мы працягваем вакол тэатру – на дварэ. Часам нам замінае размаўляць шум будаўнічай тэхнікі.
Скарабагатаў: “Не, пачатак успрымаўся як зьява жахлівая. Мы яшчэ тут месьціліся, ішлі яшчэ тут рэпэтыцыі. І мы пачуваліся прыкладна так, як салдаты ў доме Паўлава ў Сталінградзе”.
У адрозьненьне ад балету, трупа опэрнага тэатру ўсе рэпэтыцыі цяпер праводзіць ня ў гэтым будынку – опэру выселілі ў ДК “Сукно” і ў будынак на вуліцы Фрунзэ. Віктар Скарабагатаў апавядае, што пасьля рамонту ў тэатры зьявіцца яшчэ адна сцэна:
“Вось у той “шклянцы”, якая ніколі не выкарыстоўвалася, – 18 мэтраў вышыні. Там нічога не было ніколі, а цяпер там будзе другая рэпэтыцыйная сцэна і адпаведна заля месцаў на сто. Там будзе адпаведна аркестравая яма – поўны паўтор асноўнай сцэны”.
Нашую экскурсію мы завяршаем ля помніка Максіму Багдановічу – насупраць галоўнага уваходу. Адзнака гісторыі: пляцоўка ля тэатру па-ранейшаму выкладзеная цэглай, якую пасьля II усясьветнай вайны прывезьлі зь Нямеччыны ў якасьці трафэю. Калі рэканструкцыя цалкам скончыцца, гэты брук таксама прыбяруць...