Мастак Рыгор Кійко – першы палітычны “хімік”
Cкрозь краты камэры нумар 306 на Валадарцы праглядваўся кавалачак неба, далікатна разрэзанага крыжамі Чырвонага касьцёлу. Калі 46-гадовы Рыгор падыходзіў да акна і бачыў крыжы, яму станавілася лягчэй дыхаць, нібыта глыток сьвежага паветра разганяў смурод душнай камэры. Вялікай Боскай ласкай лічыў Рыгор Кійко вяртаньне беларусам дзяржаўнай незалежнасьці. А яе трэба было бараніць, за што сатанінская ўлада, так называў яе Рыгор, кідала людзей за краты.
Сьнежань 2007-гаПершы раз патрапіў за краты ўвесну 1996-га, празь некалькі дзён пасьля крывавага Чарнобыльскага шляху. Шмат людзей выйшла тады на пікет ля сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску ў падтрымку зьняволеных там украінскіх сяброў, якія прыехалі на Чарнобыльскі шлях падтрымаць беларусаў. Пікет жорстка разагналі, а ля будынкаў ГУМу і Нацбанку Рыгора Кійка і яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек закінулі ў аўтазак. Тады Рыгор упершыню атрымаў дубінкай па галаве і пазнаёміўся зь вязьніцай на Акрэсьціна.
На ўсё жыцьцё запомніў цёмную камэру, смурод нямытых целаў, лыжку-чарпачок з адрэзанай ручкай, хлебныя катлеты і нейкае цеста, якое называлі хлебам. Інакш як катаваньнем і сёньня тыя ўмовы Кійко не называе. Празь некалькі дзён адбыўся суд. Усім затрыманым давалі па 4-5 сутак, мастака ж упяклі на восем, як ён лічыць, напэўна, за тое, што адказваў у судзе на беларускай мове. Зрабілі здымкі і адбіткі пальцаў...
У сьледчы ізалятар на Валадарцы патрапіў Кійко праз год. Сьвяткаваньне Дня Волі 23 сакавіка 1997 году вылілася ў жорсткае супрацьстаяньне міліцыі, спэцназу і апазыцыйнай грамадзкасьці. Міліцыя не прапускала калёну на плошчу Якуба Коласа, некалькі разоў спыняла шэсьце. Рыгор Кійко і яшчэ некалькі чалавек, зь якімі ён пазнаёміцца толькі ў судзе, далі адпор міліцыі. Кійко абвінавацяць сярод іншага ў тым, што ён ударыў некалькі разоў амапаўца Бухаўца дрэўкам ад сьцяга. Увечары Рыгора затрымалі, завезьлі ў пастарунак, склалі пратакол і адпусьцілі.
У Валадарцы зь відам на крыжы Чырвонага касьцёла...
А арыштавалі яго толькі 1 красавіка людзі ў цывільным. Тады ж быў арыштаваны яшчэ адзін удзельнік тых падзеяў Алесь Бондараў. Некалькі дзён правялі ў турме-разьмеркавальніку. А затым іх, абвінавачаных у хуліганскіх дзеяньнях, перавялі на Валадарку. Так мастак і сябра БНФ Рыгор Кійко патрапіў у гэтую 306 камэру зь відам на крыжы Чырвонага касьцёла...
З жонкай Аленай, дочкамі Аленай і Натальляй у часе пілігрымкі ў БудслаўПразь месяц пачалі цягаць на допыты. Калі вялі да сьледчага, перакрывалі калідоры, каб крый Божа, зь кім не сустрэўся, успамінае мастак. Па ўнутранай турэмнай пошце даведаўся, што на Валадарку даставілі і іншых удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі – Уладзімера Лыска, Анатоля Сароку, Алеся Коваля. Раней ужо сядзеў там Алесь Бондараў. Неўзабаве справу перакваліфікавалі. Цяпер яго ўжо абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў актыўным удзеле ў іх.
Суд у Дзень палітзьняволеных
Праз тры месяцы выйшаў на волю з падпіскай пра нявыезд. Суд адклалі на восень. Толькі ў судзе пазнаёміўся Рыгор Кійко з тымі, зь кім праходзіў па адной справе. Ім прызначылі дзяржаўных адвакатаў (на момант суду ўжо быў ліквідаваны інстытут прыватных адвакатаў), ад якіх падсудныя адмовіліся.
У часе сьледзтва падсудны Кійко занатоўваў прозьвішчы сьледчых і судзьдзяўНа зоне мастак Кійко кідаў гной...
На пачатку зімы Рыгор Кійко прыехаў на хімію у Зэмбінскую камэндатуру, што недалёка ад Барысава. Яго паслалі працаваць у суседні калгас. У першы працоўны дзень мастак Кійко кідаў гной... Тры месяцы ён пражыў разам зь яшчэ 50 “хімікамі” ў старой школе. А затым на просьбу Барысаўскага мастацкага камбінату яму дазволілі працаваць і жыць там. Аднак, штотыдзень трэба было ехаць у Зэмбін адзначацца ў камэндатуры і штодня адзначацца ў барысаўскай міліцыі.
Пазьней часам дазвалялі езьдзіць у Менск да сям’і таксама з абавязковым адзначэньнем у міліцыі. А ў дні масавых апазыцыйных акцыяў у Менску Кійко кідаўся ў самаволку.
Самым цяжкім у няволі было жыцьцё безь сям’і. Жонка Алена (таксама мастачка) разумела мужа, падтрымлівала яго. Старэйшая дачка Натальля пайшла сьлядамі бацькі ня толькі ў выбары прафэсіі. Студэнтка мастацкага факультэту Беларускай акадэміі мастацтва яна была адной з актывістак “Маладога фронту”. Натальля брала ўдзел у апазыцыйных акцыях моладзі, аздабляла іх плякатамі і транспарантамі, ладзіла выставы альтэрнатыўнага мастацтва. Натуральна, адчувала ціск з боку кіраўніцтва навучальнай установы.
Крыжы ў Курапатах
Цяпер у Акадэміі мастацтваў, дзе колісь Рыгор Кійко гады акрамя прафэсіі атрымліваў урокі нацыянальнай сьвядомасьці ад знанага выкладчыка Міхася Раманюка, вучыцца і ягоная малодшая дачка Алена. Моцна перажывала за сына і маці Рыгора. Цяжка хворая, яна баялася, што не дачакаецца вызваленьня сына. Дачакалася. Гэта адбылося пры канцы 1999 году, незадоўга да яе сьмерці.
Нейкі спэцназавец яго груба падняў зь зямлі і моцна ткнуў дубінкай наўпрост у тое месца, дзе знаходзіцца сэрца...
І ў 2001 годзе, калі ўлады вырашылі пашырыць Менскую кальцавую дарогу, і на тэрыторыю ўрочышча Курапаты, Рыгор Кійко разам са сваімі паплечнікам з партыі КХП-БНФ браў удзел у абароне нацыянальнага нэкропалю.
Позна ўвечары 8 лістапада спэцназаўцы напалі на лягер абаронцаў Курапатаў. Рыгор дагэтуль памятае, як яго зьбілі з ног, кінулі тварам у разьмяклы ад восеньскіх дажджоў жвір. Зь ягоных вуснаў вырваўся стогн: “Божа, дапамажы, гіну!” Нейкі спэцназавец яго груба падняў зь зямлі і моцна ткнуў дубінкай наўпрост у тое месца, дзе знаходзіцца сэрца.
Дзікі боль працяў цела, ачуняў Рыгор толькі ў пастарунку. Але яшчэ зь месяц на грудзях заставалася чорная гематома, балелі рэбры. Рыгор Кійко зьвяртаўся са скаргай у пракуратуру. Дарэмна. “Гэтая ўлада сваіх ня судзіць“, -- кажа мастак.
Курапаты, Дзяды-2004Мастак ганарыцца тым, што талакою за кароткі прамежак часу яны стварылі па-сутнасьці Народны мэмарыял -- мэмарыял крыжоў ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў.
Вэтэрану беларускага нацыянальна-вызвольнага руху канца 20 -- пачатку 21 стагодзьдзя -- 57 гадоў. Ён не згубіў рамантычнай веры ў дэмакратычную будучыню незалежнай Беларускай дзяржавы, толькі крыху стаў большым рэалістам. Ён цьвёрда перакананы, што калі б не было тых вулічных змаганьняў, мітынгаў, шэсьцяў, не было б сёньня і Беларусі.
Рыгор Кійко не шкадуе, што на алтар перамогі клаў і сваё здароўе, і дабрабыт сям’і. Пэрспэктыву краіны ён зьвязвае з моладзьдзю, якая ідзе тым жа шляхам, якім ішло ягонае пакаленьне ў 1990-я гады. Таму разам зь сям’ёй у сакавіку 2006-га прыходзіў Рыгор Кійко на Плошчу Каліноўскага падтрымаць юных змагароў. Прыходзіць маральна падтрымаць іх і тады, калі яны на лавах падсудных. І натуральна майструе, усталёўвае, рамантуе Крыжы памяці ў Курапатах.
Рыгор Кійко нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 году ў вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласьці Ўкраіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я Кійко пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Мастак-кераміст. Сябра Беларускага саюзу мастакоў, удзельнічае ў працы суполкі “Пагоня”. Жанаты, мае дваіх дачок.
У Беларускім Народным Фронце ад моманту ўтварэньня руху і партыі. Пасьля расколу БНФ у 1999 годзе – сябра КХП-БНФ. Удзельнік шматлікіх вулічных акцыяў. Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй.
У 1997 годзе асуджаны Менскім гарадзкім судом на два гады пазбаўленьня волі з прымусовымі працамі, гэтак званая хіміі. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў касацыйнай скаргі. Адбываў пакараньне ў Зэмбінскай спэцкамэндатуры.
Цяпер займаецца творчай і выкладчыцкай працай.