У сталічным мэтро спакойна. Побач зь дзяжурнай па станцыі — міліцыянты, але іхняя дапамога супрацоўнікам мэтрапалітэну не патрэбна, усе законапаслухмяна аплачваюць праезд цалкам. Гутару са студэнтамі:
Карэспандэнтка: “Сёньня скасавалі льготы. Ці адчуваеце вы гэта на сваёй студэнцкай кішэні?”
Дзяўчына: “Вельмі. На вельмі істотную суму павялічыўся праезд, а каму трэба на двух відах транспарту — наагул адчувальна”.
Карэспандэнтка: “А вы зь Менску ці іншагароднія?”
Дзяўчына: “Іншагароднія. Са Слоніму”.
Карэспандэнтка: “А да бацькоў як будзеце езьдзіць?”
Дзяўчына: “А ўжо ніяк, будзем эканоміць”.
Хлопец: “Вельмі дрэнна, што плаціць давядзецца больш. Але што рабіць?”
Карэспандэнтка: “А вы родам зь Менску?”
Хлопец: “Не, з Гомелю”.
Карэспандэнтка: “І ў колькі абыдзецца візыт да бацькоў?”
Хлопец: “10 тысяч у адзін бок без ільготаў”.
Студэнт: “Будзем зайцамі езьдзіць. Праўда, у мэтро і сотым аўтобусе не атрымаецца”.
Хлопец: “А што рабіць? Краіне трэба ж неяк папаўняць казну”.
Дзяўчына: “Як мы можам ставіцца? Канечне, адмоўна. Мне трэба ехаць спачатку на аўтобусе, а потым на мэтро”.
Карэспандэнтка: “А стыпэндыю паднялі?”
Дзяўчына: “Не, нічога наагул ня чула”.
Купка 13-гадовых падлеткаў са спартовымі сумкамі едзе на трэніроўку:
Карэспандэнтка: “Колькі вам зараз каштуе даехаць да спартовай школы?”
Галасы: “Дорага. 2400 рублёў. Спачатку ў школу, потым на трэніроўку і зноў дадому. 2400 — гэта дорага”.
Карэспандэнтка: “Як ставіцеся да таго, што льготы адмянілі?”
Галасы: “Дрэнна, Вельмі кепска. Вярніце назад”.
Пэнсіянэраў пазбавілі льготнага праезду і зьніжкі на лекі. Жанчына сталага веку абураецца:
“Вельмі дрэнна гэта. У мяне інваліднасьць трэцяй групы, плаціла 50% за лекі. А цяпер трэба плаціць цалкам. З пэнсіяй 350 тысяч не пражывеш. А праезд... Што зараз з лецішчам рабіць? Прыйдзецца прадаваць. Да лецішча даехаць проста нявыгадна. Бэнзін даражэе — і на машыне нявыгадна, і на электрычцы нявыгадна. Жах!”
Карэспандэнтка: “Але абяцалі адрасную дапамогу...”
Спадарыня: “Мне яна ня сьвеціць, бо ў мяне пэнсія 350 тысяч. А там трэба 160 тысяч. Так што ніякай сацыяльнай дапамогі ня будзе”.
У аптэцы на праспэкце Незалежнасьці чэргаў, як на мінулым тыдні, няма. Але стаяць яшчэ людзі па старой звычцы з льготнымі карткамі:
Карэспандэнтка: “Вось ад сёньня адмянілі льготы на лекі. Вас гэта закранула?”
Дзядуля: “Канечне, закранула. Я наагул бясплатна атрымліваў лекі як вязень канцлягеру. А цяпер ільготаў няма. Што ж, паводле Някрасава будзем жыць: “Вынесем всё, что Господь ни пошлёт”. А што зробіш?
Гутару з бабулькай, якая стаіць з льготнай карткай.
Карэспандэнтка: “У вас льготы засталіся ці адмянілі?”
Бабуля: “Не, не засталіся, адабралі”.
Карэспандэнтка: “І гэта істотна на кішэні пэнсіянэрскай адаб'ецца?”
Бабуля: “Канечне. Вельмі дрэнна, асабліва для нас, людзей такога сталага веку, якія вайну перажылі”.
Карэспандэнтка: “Але ж давядзецца за поўны кошт купляць. Ці будзеце эканоміць?”
Бабуля: “Не, канечне, на леках не зэканоміш”.