Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны пратэставалі супраць скасаваньня ільготаў


Амаль у пяцідзесяці гарадах Беларусі грамадзкія актывісты інфармавалі насельніцтва пра прычыны скасаваньня сацыяльных ільготаў.


Сёньня супрацоўнікі Пухавіцкага раённага аддзелу міліцыі затрымалі сябра Партыі камуністаў беларускай Сяргея Абразоўскага. Адбылося гэта на грамадзкім мітынгу ў пасёлку Дружны.
Людзі добрыя! Заўтра ільготаў няма! Улада забараніла ільготы, але нішто не можа нам забараніць канстытуцыйнае права дэманстраваць вам паперу на забарону пікета і заклікаць вас да працягу супраціву гэтай уладзе

“На мяне склалі пратакол. Абвінавацілі, што я нібыта парушыў парадак у арганізацыі і правядзеньні мітынгу. На гэта я даў аргумэнтаваны адказ: “Я прысутнічаў на стыхійным сходзе групы грамадзянаў. Адказваў на іх звароты”, - патлумачыў спадар Абразоўскі.

Напярэдадні пісьмовыя папярэджаньні ад міліцыі атрымалі і актывісты апазыцыі на Віцебшчыне.

“Ад самага ранку ўсе нашы актывісты дэмакратычных сіл у аўтобусах і маршрутных таксі зьвярталіся да пасажыраў: “Людзі добрыя! Заўтра ільготаў няма! Улада забараніла ільготы, але нішто не можа нам забараніць канстытуцыйнае права дэманстраваць вам паперу на забарону пікета і заклікаць вас да працягу супраціву гэтай уладзе”, - паведаміў Мікалай Петрушэнка з Талочына.

У Берасьці было забаронена 45 пікетаў. Людзей не пусьцілі нават на стадыён “Лякаматыў”. Апазыцыянэрам паведамілі, што тут быццам бы футбольны турнір.

“Актывісты БСДП (Грамада) і ПКБ (усяго 10 чалавек) прыехалі на стадыён “Лякаматыў”. Тэрыторыя стадыёну – вольная! Мы зафіксавалі гэта на фота і відэа. Цяпер будзем рабіць заявы ў пракуратуру і суд”, - гаворыць Ігар Маслоўскі.
Можна рабіць высновы, што ліквідацыя ільготаў не прымаецца насельніцтвам. А ўлада баіцца нават мірных пікетаў

Вынікі сёньняшніх акцыяў, як заявіў “Свабодзе” сябра Палітрады дэмсілаў Валеры Ўхналёў, будуць падсумаваныя ў Менску:

“Мы шмат будзем накіроўваць заяў у пракуратуру і суды. Напачатку тыдня – у панядзелак і аўторак – зьбяром усе афіцыйныя адмовы і большасьць зь іх будзем абскарджваць. Можна рабіць высновы, што ліквідацыя ільготаў не прымаецца насельніцтвам. А ўлада баіцца нават мірных пікетаў, каб людзі выйшлі і выказаліся на тое, што не згодныя з той палітыкай, якую праводзіць улада”.

Валеры Ўхналёў таксама паведаміў, што сёньня ў рэгіёнах у акцыях супраць ліквідацыі ільготаў прынялі ўдзел каля адной тысячы чалавек.

Даведка Радыё Свабода:

У панядзелак 17 сьнежня ў Беларусі перастануць дзейнічаць ільготныя праязныя квіткі, вэтэранскія кніжкі і карткі на бясплатнае атрыманьне лекаў. Паменее і асобаў, на якія распаўсюджваюцца льготы па аплаце жыльлёва-камунальных, мэдычных паслугаў і паслугаў сувязі. У прыватнасьці:

— былыя вязьні фашысцкіх лягераў і іншых месцаў прымусовага ўтрыманьня страцяць права на бясплатныя лекі, бясплатны рамонт і выраб зубных пратэзаў;

— у навучэнцаў і студэнтаў забяруць 50-працэнтныя зьніжкі на праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце, а таксама 50-працэнтную зьніжку на праезд па краіне з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня ў суботы, нядзелі і сьвяты;.

— дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца права на бясплатныя лекі;

— дзеці-інваліды — 50-працэнтнай зьніжкі на праезд па краіне;

— дзеці ў канчатковай стадыі хранічнай ныркавай недастатковасьці — штогадовай грашовай кампэнсацыі выдаткаў на транспарт;

— людзі, якія сталі інвалідамі І—ІІ групаў з-за прамянёвай хваробы ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пазбаўленыя: бясплатных лекаў паводле рэцэпту; бясплатнага праезду ад месца жыхарства да месца лячэньня; 50-працэнтнай зьніжкі на аплату паслугаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі; беспрацэнтнага крэдыту на будаўніцтва жыльля з пагашэньнем 50 працэнтаў за кошт бюджэту.

Сацыяльныя ільготы захоўваюцца для герояў, поўных кавалераў ордэна Славы, працоўнай Славы, узнагароджаных ордэнам Айчыны трох ступеняў, для ўдзельнікаў вайны і далучаных да іх асобаў, для бацькоў ваенаслужачых, якія загінулі пры выкананьні службовага абавязку, для інвалідаў І і ІІ групаў, для непаўналетніх, якія пражываюць у зоне радыяцыйнага забруджваньня і для грамадзянаў, якія захварэлі промнявай хваробай у выніку чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG