Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донарам могуць пакінуць бясплатны праезд


У Магілёве ганаровым донарам пакінулі права бясплатнага праезду, але толькі да 1 студзеня 2008 году. Канчатковае рашэньне пры канцы сьнежня мае прыняць Магілёўскі гарсавет на чарговай сэсіі.


Ад 27 студзеня 1998 году, згодна з пастановай Магілёўскага гарвыканкаму, ганаровыя донары мелі ў Магілёве права бясплатнага праезду, а проста донары — 50% зьніжку на квіткі.

Галоўны спэцыяліст Магілёўскага гарсавету Васіль Міхневіч кажа, што дэпутаты гарсавету схільныя пакінуць гэтую палёгку донарам, аднак ня ўсім:

“Гэта ня ўсе донары, а толькі ганаровыя донары, якія маюць такі знак — “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Калі верыць афіцыйным зьвесткам, іх у нас недзе тысячы паўтары, напэўна, ганаровых”, — мяркуе Васіль Міхневіч.

На ўліку ў Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві — каля 5000 донараў, сярод іх ганаровых — 1800.

На станцыі пераліваньня крыві прызнаюць, што людзі ня хочуць здаваць кроў. За апошнія чатыры гады колькасьць донараў скарачаецца штогод на восем працэнтаў.

Старшыня аргкамітэту для стварэньня фонду донараў “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка будзе намагацца патрапіць на сэсію гарсавету:

“Тое, што яны схіляюцца да таго, каб ганаровым донарам пакінуць бясплатны праезд, гэта добра. Гэта паказвае, што дэпутаты разумеюць, што донары — асобная катэгорыя насельніцтва, ад якой залежыць жыцьцё людзей”, — лічыць Ігар Каваленка.

Пасьля сёлетняга папераджальнага страйку донараў супраць скасаваньня льготаў улады прынялі рашэньне захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі. У Магілёве донары будуць таксама атрымліваць дадаткова рэчавую і харчовую дапамогу. Дзяржаўны прафсаюз абяцае ўключыць у калектыўныя дамовы пункт пра абавязковае прэміяваньне донараў у Сусьветны дзень донарства ды іншыя льготы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG