Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: “Лёс саюзнай дзяржавы цяпер на валаску”


Пераемнікам Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі абвешчаны цяперашні першы віцэ-прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў. Якой можа стаць вонкавая палітыка Расеі? Якую пэрспэктывы чакаць беларуска-расейскія дачыненьні?


На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар Часопіса “Архэ” Валер Булгакаў.

Цыганкоў: “Пра што кажа выбар Пуціна, якой можа стаць палітыка Расеі ў найбліжэйшыя гады? У якой ступені менавіта Дзьмітры Мядзьведзеў будзе яе вызначаць?”

Булгакаў: “На паведамленьне пра Мядзьведзева ўжо імгненна адрэагавала біржа, каціроўкі акцыяў “Газпрому” адразу павялічыліся на 3 працэнты, і таму найперш напрошваецца эканамісцкае тлумачэньне. Фігура Мядзьведзева пакліканая ўмацоўваць статус Расеі як рэгіянальнай звышдзяржавы пра дапамозе эканамічнага росту.

Асоба Мядзьведзева на чале Расеі, відавочна, ня будзе палохаць заходніх інвэстараў – магчыма, наадварот, будзе прыцягваць глыбейшую інтэграцыю Расеі з заходняй эканамічнай супольнасьцю.

Што тычыцца другога пытаньня – наколькі гэтая фігура самастойная і ці валодае патэнцыялам для ўласнай палітычнай гульні, то досьвед расейскай палітыкі паказвае, што немагчыма гарантаваць, што чалавек, стаўшы першай асобай у дзяржаве, не пачне гуляць уласную гульню і больш за тое, ня будзе імкнуцца легітымізаваць свой статус праз збэшчваньне іншых былых кіраўнікоў”.

Цыганкоў: “Якой можа быць палітыка Мядзьведзева ў дачыненьні да Беларусі? Якую лінію можа праводзіць чалавек з ягонай біяграфіяй, адукацыяй, палітычным “бэкграўндам”?

Булгакаў:
“Я б сказаў, што лёс саюзнай дзяржавы цяпер на валаску. Спадара Лукашэнку і ўсю палітычную адміністрацыю Беларусі чакаюць цяжкія часіны. Бо існуе вялікая верагоднасьць таго, што дагэтулешнія правілы гульні і ўзаемаадносінаў будуць досыць радыкальна перагледжаныя. Магу меркаваць, што Мядзьведзеву ня будзе патрэбна так званая “саюзная дзяржава” для легітымацыі ці ўмацаваньня свайго статусу на расейскай палітычнай сцэне.

Статус-кво, якое больш пажаданае беларускаму закасьцянеламу палітычнаму рэжыму, будзе парушанае. Якім чынам, якія праявы парушэньня гэтага статус-кво мы будзем назіраць, -- гэта пытаньне адкрытае. Але я думаю, ня будзе таго, “што раньш было”. Таму пэўныя неспадзяванкі, правісаньні у так званых “саюзных адносінах” нас чакаюць наперадзе.

Расея ў адносінах будзе прэтэндаваць на статус вядучага і ставіць Беларусь у статус вядзёнага, будзе спрабаваць паставіць Лукашэнку на тое месца, якое бачыцца аналітыкам і палітыкам з Крамля”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG