Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярнуць на радзіму


Марыя Мартысевіч, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Вярнуць на радзіму – значыць аддаць гаспадару пазычаную рэч, аднесьці што-небудзь на месца.

У дзіцячым садку ты яшчэ ня быў здольны на гэткі патрыятызм адносна сваіх цацак і таму проста крычаў: “Аддай!” Але вось школа, і ты зьвяртаесься да аднаклясьніка: “Ты браў маю сьцірку? Дык вярні на радзіму”. “Трэці курс, хто не вярнуў на радзіму мэтадычкі па граматыцы, тэрмінова занясіце на катэдру!” – чытаеш ты ва ўнівэрсытэце цыдулку, прычэпленую да раскладу маладой выкладчыцай. І далей па жыцьці ты то сам вяртаеш на радзіму, то патрабуеш ад калегаў “рэпатрыяцыі” папераў, кубачкаў для кавы ды канцылярскай дробязі.

Асабліва часта даводзіцца чуць гэтае хоць жартаўлівае, але ўсё ж такі патрабаваньне, калі ты пазычыў у сябра якую-небудзь патрэбную ці дарагую яму рэч і, нячысьцік, доўга не вяртаеш. Аглядаю свой пакой: цяпер тут у працяглай эміграцыі знаходзіцца 17 чужых кніжак, 3 часопісы, 2 відэакасэты і каля тузіна дыскаў.

“Чалавек носіць сваё неба з сабою”, – пісаў Уладзімер Караткевіч. Выраз вярнуць на радзіму пацьвярджае шматкроць чутае мною назіраньне: беларускае разуменьне радзімы не глябальнае, а вельмі камэрнае, інтымнае. Радзіма – гэта найперш парта ці працоўны стол, за якім бавіш дзень, пакой, у якім любімыя цацкі і кніжкі, поўны родных рэчаў заплечнік на сьпіне.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG