Субота, 29 кастрычніка
Пасьля значнай для мяне падзеі, Кангрэсу дэмакратычных сілаў, ізноў навярнулася шэрая будзённасьць. Ужо не чакаю сустрэчаў са сваімі студэнтамі, якія неяк раптоўна перайшлі ў стан прафэсійных актораў, таму што ўнівэрсытэт культуры, а цяпер яшчэ і мастацтваў, ня будзе болей набіраць акторскіх курсаў. Так гэта ці не, але са мной кантракту не працягнулі. Ну што ж, трэба цяпер сваю энэргетыку вучыцца перанакіроўваць. А таму для мяне гэты тыдзень пачынаецца не з панядзелка, а яшчэ з суботы.
У гэты дзень са сваім сябрам і паплечнікам Уладзімерам Кішкурнам мы знайшлі сябе на Курапатах. Мы накіраваліся паўз “гонар тутэйшай улады” — акружную дарогу — у лясок, дзе заўсёды адчуваеш сябе дома, прынамсі, не ў эміграцыі.
Насьцярожваў нейкі рух, нязвыклы для гэтай мясьціны. Рэзка гучалі бэнзапілы, людзі ў зялёным шнуравалі паўз дрэвы і кустоўе. Вайскоўцы вычышчалі Курапаты ад паваленых бураю дрэваў. А адзін зь міліцыянтаў, мы іх ужо ведаем нават калі яны ў цывільным, падбег да Івашкевіча зь Вячоркам і самым сур’ёзным чынам адрапартаваў аб зробленай працы. Можна сабе ўявіць, што закруцілася ў нашых галовах.
Агледзеўшыся наўкол і не заўважыўшы ніякіх сацыяльна-палітычных зьменаў, мы зразумелі, што ўлада ўсё ж мусіла паклапаціцца пра тых, хто езьдзіць па яе асабістым гонары і вочы яе вялікасьці могуць убачыць вялікую сілу ветру. А мажліва, ёй стала вядома, што сюды прыедзе і адзіны наш кандыдат, і амбасадары, замежнікі. Так яно і сталася.
Сыходзілі мы не апошнімі. Апошнімі, як заўсёды, пакідалі Курапаты людзі ў цывільным.
На гэтым дзень для мяне ня скончыўся. Я мусіў наведаць яшчэ Палац культуры МАЗу, куды мяне каторы ўжо дзень клікала мая былая студэнтка Анюта Южакова. Першае, што мяне ўразіла, — паўнюткая заля маладых гледачоў. Ды яшчэ за грошы. Я пацягнуўся да праграмкі, якая ляжала на падлакотніку. “Героі Рэфармацыі. Тэатральна-канцэртнае шоў”. Тое, што я бачыў і чуў са сцэны, грэла маю ўжо немаладую душу і раз-пораз прымушала сьціскацца ад болю сэрца. Дарэчы, тут я ня ўбачыў ніводнага знаёмага твару, акрамя былых сваіх студэнтаў, ды спадарыні Горцавай. Нас многа, вельмі многа, тых, хто адчувае задуху, і гэта абнадзейвае.
Ня хочацца лішні раз казаць, што ўвесь вечар са сцэны гучала прыгожае, менавіта прыгожае беларускае слова. Я ўдзячны ўсім музыкам, якія так адчайна ірваліся, стукаліся ў душы сваёй публікі. І яна адгукалася. Шчырая і ўдзячная.
Нядзеля, 30 кастрычніка
З раніцы на Румянцава рэгістрацыя. Мусіць адбыцца чарговы зьезд ТБМ, а дзе? Гэта ўжо стала традыцыяй — дзе? Я б згадзіўся на Курапатах. А што? Наша тэрыторыя. Тым больш там сёньня дзядоўскія хаджэньні. Спалучымся-злучымся ўсе разам, а то ж ходзім рознымі вуліцамі ды касавурымся адзін на аднаго.
Накіроўваемся на сядзібу фронту. Ну, хоць тут. Нічога, што цесна, затое вымагае пазьбягаць залішняй фармальнасьці. Дэлегаты, госьці, запрошаныя. Амэрыканскі пасол прыткнуўся каля праходу. Ізноў павітае нас, ізноў па-беларуску. Іншым разам адчуваю, што ён ужо дазваляе сабе нават імправізаваць нашымі словамі. Ён насамрэч стаў моцным прапагандыстам беларускай мовы. Мікола Савіцкі, заўсёды шчыры і адважны. Як сапраўдны эканаміст, усё падсумаваў і зрабіў вельмі ганебную выснову. З усяе тэбээмаўскае грамады — толькі 860 падпісчыкаў “Нашага слова”. А гэта статутны абавязак і для большасьці, відаць, — адзіны. Правільна робіць спадарыня Марачкіна, калі нагадвае пра падпіску, строга гледзячы ў вочы.
Я мусіў нагадаць шаноўнаму сходу пра ўчорашні канцэрт. Вернікі-пратэстанты аб’ядналіся моваю! І якая гэта была сіла! Не, нездарма замаскаленыя манкурты так зь ёю змагаюцца. Ведаюць: зьнішчаць яе — перамогуць!
Панядзелак, 31 кастрычніка
Дзень ізноў сьветлы, сонечны. Ці не таму ён ператвараецца зь цяжкага ў дзень надзеі і спадзяваньня.
Сустрэўся з нашым адзіным кандыдатам. У прыватных сустрэчах бачыш чалавека наўпрост. А ён цяпер для ўсіх — як пад павелічальным шклом. Тут усё: і абаяльнасьць, бо шчыры і не хавае сваіх сумненьняў, моцны і адчайны — калі гаворка ідзе пра лёс краіны. Каманда — вось у чым яго сіла. Каманда, сутнасьць якой мусіць складацца не зь дзяльбы будучай перамогі, а са збалелых сэрцаў за Беларусь. Я з задавальненьнем буду яму дапамагаць сваім досьведам, ды й ня толькі…
Аўторак, мой самы цяжкі дзень
Час кур’ера. Цяпер ужо лягчэй. Не пазнаюць. Раней многія ведалі мяне па тэатры. З другога боку, пашыраецца мой досьвед сёньняшніх настрояў. Якія-ніякія, а ўсё ж кантакты зь людзьмі. Няма! Няма задаволеных сёньняшняй атмасфэрай. Ні дзелавой. Ні псыхалягічнай. Добра толькі дворнікам і дворнічыхам ды пэнсіянэрам, якія цягнуць пустую шклатару на піўзавод. У пункт абмену яе на грошы. Праўда, і тыя зачыняюць, як на Варвашэні.
Ніяк не магу прызвычаіцца. Працую на Варвашэні — цяпер Машэрава, а жыву на Машэрава — цяпер Пабядзіцелей. Так і кажу — жыву на Пабядзіцелях Машэрава.
Серада, 2 лістапада
Гэтага дня чакаў зь нецярпеньнем, бо была ўжо папярэдняя дамоўленасьць з Уладзем Кішкурнам, што ён мяне возьме на Пастаўшчыну, на адкрыцьцё капліцы-брамы ў гонар палеглых хрысьціянаў на старадаўнім могільніку-кургане ў вёсцы Радута.
Выехалі яшчэ ў аўторак увечары. Узялі з сабою вядомага “дылетанта-падарожніка” Юрася Жыгамонта. Нашая, так бы мовіць, база — лецішча Алеся Цыркунова, які і ёсьць рухавіком-завадатарам ва ўзьвядзеньні шматлікіх помнікаў-абярэгаў, што ўжо стаяць на вясковых скрыжаваньнях.
Асоба Алеся патрабуе асобай увагі і часу, таму я вырашыў зрабіць пра яго фільм, бо словы сказаныя ці напісаныя ня могуць вызначыць яго сутнасьці ўпартага рупліўцы, змагара зь бяспамяцтвам.
Алесь нас чакаў. Чакала нас і лазьня. Пасьля добрага духу мы сядзелі ў ціхай вясковай хаце, успаміналі сваіх дзядоў, бацькоў і вакол у падстылай ад першых маразоў начы нізка-нізка гарэлі велізарныя зоркі, нібы хацелі дацягнуцца да тых шматлікіх сьвечак, запаленых людзьмі на могілках, што так часта сустракаліся на нашым шляху.
Уладзя Кішкурна падымаецца зь першымі пеўнямі, якіх у Менску не пачуеш. А тут усё спраўдзілася. Па дарозе заехалі яшчэ на адны вясковыя могілкі, каб паказаць Юрасю Жыгамонту помнік яшчэ аднаму нашаму слаўнаму суайчыньніку Фларыяну Даноўскаму.
Не даяжджаючы да Лынтупаў мы зьвярнулі да вёскі Радута. Некалі добра брукаваная дарога цяпер ляжала, як калека, зь ямінамі, выбоінамі, але зацята ўтрымліваючы парэшткі былой сілы. Зь дзясятак хацін нічым асаблівым не вызначаліся, хіба што некалькімі паўразбуранымі пабудовамі. Але затое справа на вышыні, пад сонцам, якое ўзышло, гарэла бел-чырвона-белая брама з высока адарваным у неба крыжом.
Недзе апоўдні сталі падыходзіць, пад’яжджаць на павозках людзі. Заляскаталі старэнькія матацыклы, пасунуліся легкавушкі. Там-сям ляжалі ровары. Зьбіраўся народ, бо напярэдадні мясцовы ксёндз Паўла давёў усім важнасьць падзеі. Праўда, казалі, што нехта зь мясцовых шапнуў сьвятару, што, відаць, на капліцы будуць вешаць герб, то ён спалохаўся і не пусьціў дзіцячы хор. Мусіў быць толькі сам. Магчыма, да яго радасьці герба ня вешалі, а прымацавалі прыгожую шыльду, на якой напісана лацінкаю, што гэта брама-капліца пабудаваная ў гонар усіх памерлых тут хрысьціянаў.
Сапраўды, гэта было сьвята! Трэба было бачыць усіх гэтых хлопцаў і жанчынак, якія так ці інакш спрычыніліся да гэтай будоўлі. Ініцыятарам называлі ўсе Міхася Гіля — мажнага беларусіна. Вось з такіх, відаць, і пісаў Караткевіч Выліваху. Уладак Іваньковіч з жонкай Кацярынаю ды сынам Стасем, які з такім задавальненьнем дапамагаў Цыркунову. Юрась Фурс, чыё кавальства тут так спадобілася. Я даўно хацеў пабачыцца-пазнаёміцца са старымі Фурсамі — Антосем і яго такой прыгожай Алесяй. Нават іхныя імёны ніяк не стасуюцца зь іхным узростам. Яны нібы праз усё жыцьцё нясуць маладосьць, якую так жорстка, па-барбарску губіла, зьнішчала савецка-энкавэдоўская машына. Не задушыла, не расьцерла. Вунь які сын-каваль! І яшчэ ўнук, які, узяўшы слова, выгукнуў: “І мне наліце ў шклянку!” І падняўшы сваю газіроўку, прамовіў слова. Як належыць! Як Фурс! Нельга было не заўважыць і краязнаўцу Алеся Гарбуля — яшчэ адзін адважны чалавек, сапраўдны патрыёт.
Тут, побач са Стафанам Казлоўскім, зь якім мяне пазнаёміў Казімер Бабіч — мой калега па здымках, я адчуваў сябе, як ніколі, у сваёй старонцы, у сваёй краіне. Сярод разумных і шчырых людзей, у якіх душа і сэрца не на словах, хаця і гэта ўжо многа, але так вось у матар’яле, у дрэве і жалезе, у фарбе крычыць аб сваёй любові да Беларусі. “Каго любіш? — Люблю Беларусь!” Як гэта тут праўдзіва!
Чацьвер, 3 лістапада
Ізноў сонца, ізноў ясна. За акном праспэкт Пабядзіцелей-Машэрава. Чужое месца, хоць і шумнае, але глухое. Не маё. Ізноў эміграцыя.
Пайду сяду перад акном у двор. Гэтак лягчэй. Пішу. Нічога сёньня не адбудзецца. Відаць, ужо нічога. Пакуль.