Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбачка. Няспраўджаны прататып аграрадка


Ягор Маёрчык, Глыбачка, Вушацкі раён, Віцебшчына Вясковы мастак Дзям’ян Крупеня даўно зьбіраецца намаляваць карціну пра п’янства. Калі дойдзе да справы, яму ня трэба будзе далёка хадзіць у пошуках натуры. Дастаткова будзе расчыніць вокны і пасьпець зафіксаваць тое, што адбываецца на роднай вуліцы.



(Крупеня: ) “П’янее вёска. Старыя і малыя п’юць так, што страшна. У нас па суседзтве жыве маладая сям’я. У іх шмат дзяцей. Дзеці недагледжаныя, некаторых зь іх здалі ў прытулак. Побач жывуць пэнсіянэры настаўнікі, я ў іх малако набываю. Аднойчы іду, насустрач выскоквае хлопчык: “Дзядзя, ці ёсьць у цябе хлеб?” Прынёс яму хлеба, крыху меней за паўбохана. Ён яго адразу пачаў есьці. Дзяўчынка з акна крычыць: “А мне?” Я ім кажу: “Вы між сабой падзяліцеся. Вам хопіць. У мяне болей няма”. Сельсавет дае ім дапамогу на дзяцей, а яны яе прапіваюць. Тады сакратар і старшыня прывялі іх зь мяхамі ў краму, накуплялі макароны, мукі і дзіцячай вопраткі. Але яны гэтую дапамогу ўсё адно змаглі прапіць. Ёсьць такія людзі, што танна набываюць гэтую вопратку — і пры гэтым яны ведаюць, у каго набываюць”.

Хлопца не хістала, але ішоў ён няўпэўненым крокам. Праўда, у руках трымаў ня пляшку, а жбанок малака. Аляксею Ліцьвіну я прапанаваў прысесьці на лаўку. Зь ім мы працягнулі размову пра вясковае п’янства.

(Карэспандэнт: ) “Нешта ўсе наракаюць на моладзь. Кажуць, што яны дрэнныя, што яны п’юць. Ці справядлівыя такія папрокі?”

(Ліцьвін: ) “Бывае, што з нагоды сьвята вып’юць. А маладых тут мала засталося.Усе ў гарадах”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чаму засталіся?”

(Ліцьвін: ) “У сваёй вёсцы лепей. Тут грошай можна зарабіць”.

(Карэспандэнт: ) “А як у саўгасе заробак?”

(Ліцьвін: ) “Толькі ня піць, а апрануцца і пражыць можна”.

(Карэспандэнт: ) “А калі п’юць — з саўгасу выганяюць?”

(Ліцьвін: ) “Выганяюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вам колькі год?”

(Ліцьвін: ) “Трыццаць... Сямнаццаць...”

(Карэспандэнт: ) “Так трыццаць ці сямнаццаць?”

(Ліцьвін: ) “Трыццаць гадоў!”

У Глыбачцы на працу можна ўладкавацца ў лясьніцтва, у жылкамунгас і ў саўгас. Самая вялікая цякучка кадраў менавіта ў саўгасе. Старыя сыходзяць на пэнсію, выпівохаў выганяе дырэктар, але ёсьць і такія, што звальняюцца самі.

На адной зь вясковых вуліцаў я сустрэў Сяргея Пазьнякова — доўгавалосага няголенага дзядзьку ў зашмальцаваных сурдуце і портках ад розных строяў.



Да нядаўняга часу ён працаваў трактарыстам, а пасьля звольніўся з уласнага жаданьня. У суседнім з Вушацкім Полацкім раёне Віцебшчыны аўдавела ягоная цётка — ён меўся перабрацца да яе, але пераезд замарудзіўся.

(Карэспандэнт: ) “А чым на жыцьцё зарабляеце?”

(Пазьнякоў: ) “Дапамагаю бульбіну выкапаць, скасіць”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат плацяць за такую працу?”

(Пазьнякоў: ) “Па дзясятцы выходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што за трыццаць дзён можна зарабіць 300 тысяч. А ў саўгасе якія заробкі?”

(Пазьнякоў: ) “Сорак атрымліваюць”.

(Карэспандэнт: ) “А заробкі ў час аддаюць?”

(Пазьнякоў: ) “Праз два месяцы”.

(Карэспандэнт: ) “Выгадней не працаваць?”

(Пазьнякоў: ) “Выглядае, што так”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат людзей, якія нідзе не працуюць?”

(Пазьнякоў: ) “Шмат”.

Патэнцыйная кліентка Сяргея Пазьнякова жыве на той самай вуліцы, што і ён. Лідзіі Шэльдавай далёка за семдзесят. Здароўя і сілаў у яе няма. Ад студні да хаты вядро вады яны нясе зь некалькімі перапынкамі на адпачынак.



(Шэльдава: ) “Як старому жывецца? Ніяк! Дрэнна жывецца. Трэба ўсё рабіць, а сілаў няма. Дроваў няма, і ня ведаю, як перазімаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму дроваў няма? Лес навокал”.

(Шэльдава: ) “Лес у лясьніцтве. Трэба прывезьці, а бабу ніхто не слухае. Прывезьці таксама праблема: то паліва няма, то трактара няма”.

(Карэспандэнт: ) “А як зімаваць будзеце?”

(Шэльдава: ) “Ня ведаю. Мо зусім замерзну”.

(Карэспандэнт: ) “А наняць, каб пайшлі ў лес і нарубілі сухастою?”

(Шэльдава: ) “Калі зловяць, прыйдзецца штраф плаціць”.

(Карэспандэнт: ) “Дровы дорага каштуюць?”

(Шэльдава: ) “Мне як удзельніку вайны зьніжка напалову. Але за 7 кубамэтраў трэба аддаць 80 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсія колькі?”

(Шэльдава: ) “160 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Палову пэнсіі аддасьцё на дровы. А як на астатнія 80 тысяч пражыць?”

(Шэльдава: ) “А ці шмат мне старой патрэбна? Можна без каўбасы, толькі бульба і хлеб”.

(Карэспандэнт: ) “Ці часта мяса на стале бывае?”

(Шэльдава: ) “Рэдка. Хто тое мяса тут бачыць. Старыя ўжо без зубоў, і мяса ня трэба”.

Скразная тэма праграмы “Палітычная геаграфія” — мэдыцына. У Глыбачцы я размаўляю з пэнсіянэркай Кацярынай Шаршнёвай. Старая корпалася ў агародзе. Пабачыў яе і паклікаў. Пакуль кабета набліжалася, я пасьпеў заўважыць характэрную адметнасьць хады — яна кульгае.



(Шаршнёва: ) “Я калі я працавала, за ўсё сваё жыцьцё ніводнага бюлетэня ня выкарыстала. А цяпер я пяць-сем разоў на год ляжу ў шпіталі”.

(Карэспандэнт: ) “А як сама мэдыцына? Ці ўсё могуць вылечыць?”

(Шаршнёва: ) “Наш шпіталь, дзякуй богу, пакінулі. Яго хацелі зачыніць. Але людзі сталі пісаць. Хацелі нам пакінуць толькі амбуляторыю. І пасьля: паспрабуй дабрацца да раёну! Гэта 50 кілямэтраў! Патрэбна некалькі дзён езьдзіць, каб паздаваць аналізы, каб прайсьці ўсе працэдуры. Пра вушацкі шпіталь у нас дрэннае меркаваньне. Прыедзеш туды — пакуль адседзіш у чарзе чалавек на дзесяць-пятнаццаць, а яны толькі ў 11 пачнуць прымаць. Патрапіш да лекара. Пасылаюць цябе на аналізы, а лябараторыя ў 11 ужо зачыненая. Карацей, шмат хто наракае на вушацкі шпіталь. І там вельмі груба абыходзяцца. Яны ніколі пяшчотнага слова ня скажуць. Яны толькі рычаць. Запытай што-небудзь, яны па-чалавечы не адкажуць. Аднойчы заходжу да лекара: “У мяне моцная слабасьць, ванітуе мяне, зусім на нагах не трымаюся”. А ён адказвае: “Еж грэчку і пі журавінны морс і будзеш здаровая”.

Насельніцтва ў Глыбачцы крыху меней за тысячу. У цэнтры — будынак сельсавету, Дому культуры, ад сьценаў якога адвальваюцца цагліны. Непрацоўныя гатэль ды крама. Вяскоўцы зазначаюць: тое, што цяпер называюць аграгарадком, у іх было яшчэ за савецкім часам. Аднак пасьля ўсё гэта разбурылася.



Старшыні ў сельсавеце я не засьпеў і ад будынку адміністрацыі скіраваўся да пэнсіянэра Пятра Шчарбакова — гэта папярэдні кіраўнік вясковай вэртыкалі.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі да Лукашэнкі ставяцца?”

(Шчарбакоў: ) “Ёсьць людзі, якія яго не падтрымліваюць. Яны лічаць яго дыктатарам, але я супраць такіх заяваў. Ён не дыктатар, ён — патрабавальны чалавек. Ён любіць парадак і каб людзі працавалі. А калі не патрабаваць, нічога тады ня будзе, які б чалавек ня быў добры, калі над ім няма кантролю, ён разбэсьціцца”.



(Карэспандэнт: ) “Але да яго вылучаюць такія прэтэнзіі, што ў Беларусі праблемы з правамі чалавека, няма свабоды прэсы. Людзей гэта турбуе, альбо для іх гэта пусты гук?”

(Шчарбакоў: ) “Я з гэтым ня згодны. Трэба рабіць усе паводле закону, і ўсё будзе добра. І гавары, што хочаш, толькі ня тое, што нельга”.

(Карэспандэнт: ) “А што нельга?”

(Шчарбакоў: ) “Каб не абражалі. Я чытаў газэту “Народная Воля”. Там шмат дурнаты пішуць, шмат несправядлівасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А што там несправядлівага?”

(Шчарбакоў: ) “Паклёп на Лукашэнку”.

У працяг тэмы палітычных сымпатыяў і антыпатыяў — інтэрвію зь Яўгенам Аксяновічам. Колішні аграном — бадай што адзіны ў Глыбачцы, хто выпісвае незалежную прэсу. Да яго я наўмысна завітаў у апошнюю чаргу. Плянаваў абысьці вёску ды пагутарыць зь людзьмі і толькі пры канцы вандроўкі папрасіць спадара Аксяновіча пракамэнтаваць тое, што я ўбачыў.

(Аксяновіч: ) “Добра, што вы пайшлі ў народ. А то ў нас і апазыцыя адмежавалася ад народу. Цяпер шмат кажуць пра адзінага кандыдата, а людзі на месцах пра гэта нічога ня ведаюць. Кажуць, што людзі хочуць зьменаў. Людзі зьменаў хочуць, але яны не валодаюць праўдзівай інфармацыяй. У нас ніякай інфармацыі няма”.



(Карэспандэнт: ) “Калі пачынаць гаварыць зь імі пра палітыку...”

(Аксяновіч: ) “Я такіх палітгутарак спэцыяльна не вяду. А калі прыходзіцца да гэтага дакрануцца — гаворым. Думкі выказваюцца розныя. Ёсьць людзі, якія чытаюць незалежную прэсу, у якіх самастойныя думкі. А ёсьць людзі, якія замбаваныя, бо з усіх дынамікаў і экранаў ліецца адно і тое ж: якая ў нас добрая ўлада, якая яна добрая, што клапоціцца пра людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Праўда ці не, што вы аднойчы так спрачаліся з суседам адносна сымпатыяў і антыпатыяў да Лукашэнкі, што нават зь ім пабіліся?”

(Аксяновіч: ) “Мы ня біліся, але было недалёка да гэтага. Ён мне даводзіў, што Лукашэнка — дужа добры правадыр, што пэнсіі дае ў час. А я кажу: “А чаго я павінен дзякаваць да пэнсію. Ён пэнсію дае не з уласнай кішэні. Ён дае дзяржаўныя грошы, а я гэтыя грошы зарабіў. Чаму я павінен быць удзячным за тое, што ён іх выдае?”

(Карэспандэнт: ) “І што сусед вам на гэта адказаў?”

(Аксяновіч: ) “Панёс розную лухту”.

(Карэспандэнт: ) “З суседам цяпер сябруеце?”

(Аксяновіч: ) “Часта сустракаемся і здароўкаемся, як нічога не было”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вас жонка Лукашэнкам называе?”

(Аксяновіч: ) “Відаць, такі чынам яна хоча дадаць мне аўтарытэту. Зь яе пункту гледжаньня гэта камплімэнт, а з майго — абраза”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG