Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сáма розрух


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Людзі кажуць, што жывем мы цяпер у дужа імклівы час. Усе кудысьці бягуць як га, як жару ўхапіўшы, сьпяшаюцца жыць. Досыць яскрава тое відаць у гарадох, калі едзеш на працу альбо вяртаесься дадомку, калі сáма розрух і натоўп вадою плыве. Нашыя ўсходнія суседзі пра гэткую пару скажуць – час пик, гэтак жа і ўкраінцы – години пік, палякі – godziny szczytu, італьянцы – ora di punta.

Беларуская фразэма сáма розрух каштоўная й тым, што фіксуе рэдка ўжываную цяпер часьцінку сáма. Па-беларуску можам сказаць: сáма лепш, сáма той, сáма раз і – сáма розрух. Выраз сáма розрух – арыгінальны: прыстаўка роз- у слове розрух удала стварае вобраз насамрэч вялікага руху. Сэмантыку руху згадваюць і ангельцы – rush-hour. Поруч з выразам сáма розрух ужываецца ў мове і яго варыянт з займеньнікам самы: самы розрух.

Жывая фраза наталяе беларускае сэрца, саграе душы, а часам выцягвае нашую людзкасьць на паверхню, на імгненьне робячы яе аголенай і безабароннай.

Вось еду я неяк трамваікам з працы – сáма розрух. Ці варта казаць – народ адвячоркам у грамадзкім транспарце стамлёны й агрэсіўны. Хтосьці ўжо ўзьбіваўся на лаянку, як маладзенькі кіроўца нечакана сказаў: “Шаноўнае спадарства, цяперака сáма розрух, усе стамлёныя едзем з працы. Калі ласка, паважайма адзін аднаго”. Трэ было бачыць рэакцыю вагона: у салёне магічным чынам змоўклі, лагодна заўсьміхаліся, лысаваты дзядзька задуменна прыгадаў з Багдановіча: “Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” Напружаньне адышло. Матчына слова, напачатку зьдзівіўшы, адагрэла. Відаць, кожны падумаў: “Сáма розрух. Яго трэба цярпліва й з годнасьцю перажыць!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG