Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальная прэса. Частка другая: паміж “штыхавой” і “партызанкай”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за два апошнія гады перасталі выходзіць больш за 20 незалежных газэт, у асноўным рэгіянальных. Аднак у 32 раёнах яны яшчэ засталіся. У гэтых выданьняў розныя наклады, аб’ёмы, фарматы, колькасьць выхадаў... І адна агульная праблема: як разьвівацца далей, чыім досьведам кіравацца?

Напярэдадні гэтай перадачы перастала выходзіць адна са старэйшых рэгіянальных газэт краіны – “Курьер из Борисова”. Фармальная прычына, паводле якой суд вынес свой вэрдыкт, -- юрыдычныя недакладнасьці ў дакумэнтах выдаўца. Аднак заснавальнік Анатоль Удавічэнка іншай думкі: гарадзкая вэртыкаль мэтанакіравана зьнішчае мясцовы незалежны друк, у якім бачыць альтэрнатыву ўласнай палітычнай лініі:

(Удавічэнка: ) “Гэта шмат каму не падабаецца. Гэта перш за ўсё выканкаму не падабаецца. Іх структурам. Так званай нашай уладзе. Вось і ўся прычына”.

Галоўны рэдактар “Курьера из Борисова” Людміла Атчанашанка:

(Атчанашанка: ) “Мы не дажылі да свайго юбілею пяць месяцаў: нам было б дзесяць гадоў... Былі пляны вялікае сьвята зрабіць -- склікаць усіх чытачоў і падпісчыкаў. Але нас закрылі -- і ўсё, цяпер мы ўжо ня зможам ім патлумачыць...”

Рэдакцыя не здаецца: у найбліжэйшых плянах інтэрнэт-выданьне, спроба выйсьці пад новай назвай. Пэўны аптымізм ёсьць, аднак хапае і шкадаваньня, што не ўдалося зьберагчы газэту, якая была лідэрам ня толькі сярод недзяржаўных СМІ Барысава, але і ў маштабах краіны.

А вось у калектыве другой папулярнай мясцовай газэты Беларусі – гарадзенскай “Біржы інфармацыі” – сьвята: закончыўся вызначаны судом тэрмін яе прыпыненьня. Нагадаю, падставай для гэтага сталася публікацыя галоўнага рэдактара, Алены Раўбецкай, якую абвінавацілі ў зьнявазе прэзыдэнта. Ці паўплываў той урок на пазыцыю журналісткі?

(Раўбецкая: ) “У першыя дні кастрычніка, адразу пасьля Кангрэсу дэмакратычных сіл, у нас выйдзе нумар. Ён будзе іншага фармату. Гэта будзе 16 інфармацыйных палосаў без праграмы тэлевізіі. І надалей я пляную рабіць газэту двойчы у месяц дзеля таго, каб арганізаваць уласны продаж, бо “Саюздрук”не перазаключыць з намі дамову. І гэта будзе дастаткова палітызаванае выданьне, больш жорсткае, чым яно было раней”.

Аднак ці ўдасца рэдакцыі арганізаваць альтэрнатыўную службу распаўсюджваньня сваёй газэты? Шмат хто гэтага так і не дамогся. Зразумела, наклад ужо будзе ня той, зьнікне рэкляма – як тады стане вырашацца праблема фінансаваньня? І ці не забароняць заўтра друкаваньне газэт за мяжой?

Непрыемных пытаньняў зашмат. Не выпадкова многія калегі Алены Раўбецкай адмаўляюцца ісьці шляхам адкрытай палітычнай канфрантацыі з уладамі. Гутарым з Таісай Бандарэнкай, якая некалі наладзіла ў Беларусі навучаньне журналістаў па вядомай ва ўсім сьвеце амэрыканскай праграме для прафэсійных СМІ “Айрэкс”:

(Бандарэнка: ) "Журналістыка наша ўсё роўна застаецца партыйнай. І дзяржаўная -- з адным знакам, і незалежная -- са знакам мінус... Гэта, як падаецца, асноўная памылка. Так, сродкі масавай інфармацыі мусяць адсочваць усё, што робяць і дзяржаўныя структуры, і недзяржаўныя. Аднак гэта не азначае, што яны мусяць быць палітызаваныя -- яны проста павінны інфармаваць свайго чытача і змагацца за свайго чытача. Вельмі часта рэдактары выкарыстоўваюць газэту як прапагандысцкую трыбуну сваіх асабістых поглядаў. І гэта як бы скіравана на правал. Шмат такіх прыкладаў..." (Карэспандэнт: ) "Такім чынам, на тваю думку, выразная палітызаванасьць у беларускіх рэаліях -- гэта фактычна сынонім правалу мэдыяпраекту?" (Бандарэнка: ) "Так, дакладна..."

Выдавец “Новой газеты Сморгони” Рамуальд Улан добра зьведаў, як ставіцца суд да так званай “неляяльнай” прэсы. Непрыемнасьці пачаліся, калі ён заявіў пра свае дэпутацкія амбіцыі... Каб забясьпечыць выхад штотыднёвіка, пераспрабаваў процьму розных варыянтаў і ўрэшце згубіў надзею.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо ня будзе ў Беларусі незалежнай прэсы?” (Улан: ) “Тыя, што яшчэ засталіся, яны яшчэ караскаюцца. Яны выміраюць, іх выціскаюць, а новых не ствараецца”. (Карэспандэнт: ) “Што яны ўцалелі – гэта зьбег абставінаў, гэта шанцаваньне? Раман, ці няма тут такой акалічнасьці – рэдактары ўмеюць жыць з уладамі…” (Улан: ) “Можа і так, бо ня кожны рэдактар балятаваўся. Я ведаю толькі свайго калегу Анатоля Букаса. Больш – не. Мы актыўна ўдзельнічалі ў гэтых выбарчых кампаніях, і ўлада помсьціць за гэта”. (Карэспандэнт: ) “Ці не папракалі цябе твае супрацоўнікі, што ты, так бы мовіць, падставіўся сам і падставіў іх?” (Улан: ) “У бальшыні гэта не мая “падстава”, гэта мэтанакіраваныя дзеяньні ўлады – зьнішчыць незалежную газэту”.

Так, палітыка вэртыкалі ў адносінах да непадкантрольных СМІ ў большасьці рэгіёнаў досыць выразная. Аднак такія вядомыя ў краіне мэдыяэкспэрты, як Таіса Бандарэнка, Андрэй Бастунец ды іншыя пастаянна нагадваюць пра неабходнасьць належнай прававой абароны рэдакцый. Гэта як мінімум. Паслухаем юрыста, прафэсара Міхаіла Пастухова:

(Пастухоў: ) “Ёсьць шмат выпадкаў, калі самі журналісты трапляюць у пастку з-за памылак, якія робяць самі. У такіх выпадках дамагчыся абароны іхных правоў цяжка. Трэба павышаць узровень прававой і прафэсійнай адукацыі”.

Як кажуць, заднім чыслом зразумеў гэта і выдавец “Курьера из Борисова” Анатоль Удавічэнка:

(Удавічэнка: ) “Каб была магчымасьць вярнуцца назад, то, відаць, узялі б у штат прафэсійнага юрыста альбо спэцыяліста па бясьпецы, які б адсочваў усе гэтыя справы”.

Над тым, ці толькі ўлады вінаватыя ў закрыцьці газэт, разважае каардынатар навучальных праграм для журналістаў Таіса Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Абавязкова на сёньняшні момант трэба перастрахоўвацца. Але гэта не азначае, што мусіць быць больш цэнзуры. Не, ня ў гэтым сэнсе -- мусіць быць інстынкт да выжываньня, які падштурхоўвае якраз да прафэсійнага ўдасканаленьня, каб пазьбегнуць закрыцьця або буйных штрафаў і гэтак далей”.

Падобныя парады, аднак, часьцяком выклікаюць выключна адмоўную рэакцыю. Маўляў, сказанае вышэй – насамрэч прыхаванае запрашэньне да палітычнай самацэнзуры... Мне давялося нядаўна быць на сэмінары кіраўнікоў вядучых рэгіянальных СМІ, дзе разгарэлася менавіта такая дыскусія. Прыйшлі да наступнага: цяпер сярод мясцовых журналістаў дзьве плыні – адны за тое, каб ісьці, што называецца, “у штыхавую”, а іншыя аддаюць перавагу своеасаблівай, так бы мовіць, “партызанцы”. Першая лінія найбольш выразна прасочваецца ў гарадзенцаў, пра што ўжо крыху раней казала Алена Раўбецкая. Яшчэ больш завастрае праблему Анджэй Пісальнік:

(Пісальнік: ) “Бізнэс-праекты, на мой погляд, мусім адкінуць канчаткова, а калі казаць пра незалежны друк – толькі ў падпольлі. Вось гэта менавіта такое, што я зьбіраюся рабіць у бліжэйшы час: рэдагаваць газэту, якую рэдагую. Штодзённа – у падпольлі!”

Дзеля справядлівасьці варта аднак зазначыць, што далёка ня ўсе ў рэгіёнах лічаць, быццам незалежныя СМІ ня маюць шанцаў на выжываньне як палітычнае, так і эканамічнае. Практыка шэрагу дэмакратычных выданьняў сьведчыць пра адваротнае. Зь вялікімі цяжкасьцямі, аднак ж ідуць гадамі справы ў баранавіцкага выдавецкага дому “Intex-press”, маладэчанскай “Рэгіянальнай газеты”, “Вечернего Бобруйска”, “Вольнага Глыбокага”, “Газеты Слонімскай”. Слова рэдактару апошняй Віктару Валадашчуку:

(Валадашчук: ) “Цяжка сказаць, што можа быць нават празь месяц, бо сапраўды прыватная прэса знаходзіцца ў жорсткіх рамках. Тым ня менш выжыць, як паказвае практыка, магчыма. Мы ўсё робім на пэўных фактах, дзе ўсё даказана, дзе яны ня могуць не пагадзіцца. Таму я лічу, што працаваць сёньня, вядома, цяжка, але магчыма”.

Камэнтуе Таіса Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Зь любым бізнэсам сёньня вельмі цяжка. А з газэтамі ўдвая цяжэй! Але тыя, якія ўсё ж арыентуюцца на бізнэс, яны на сёньняшні момант маюць больш шанцаў для разьвіцьця. Асноўнае -- гэта проста ўдасканальваць яго".

Спрабую высьветліць стаўленьне Анджэя Пісальніка да тых прадстаўнікоў незалежных СМІ, якія ўсё ж арыентуюцца ня проста на легальную, але й больш-менш прыбытковую журналістыку:

(Пісальнік: ) “Адным з заданьняў нашай прафэсіі зьяўляецца функцыя сачыць за ўладамі, заўважаць нейкія хібы ўлады. І калі журналіст гэтую сваю функцыю выключае – гэта ўжо не зусім журналістыка. Для мяне такі кампраміс не зьяўляецца кампрамісам, які яшчэ ўтрымліваецца ў рэчышчы журналістыкі”.

У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі ўзначальваў падкамісію па СМІ. З тае пары ён і адсочвае працэсы, што адбываюцца ў журналісцкім асяродку краіны. Яму слова:

(Дабравольскі: ) “Заўжды ў такіх краінах, як Беларусь, журналісты выбіраюць: ці берагчы сваю газэту, ці сказаць праўду. І гэты выбар няпросты. Бо калі ты скажаш праўду адзін раз і газэты больш ня будзе, то ты ніколі такой магчымасьць больш ня будзеш мець. І гэта выбар, у які ставіць незалежныя СМІ ўлада. Я б не сказаў адразу, што лепш, але ў гэтай сытуацыі мы маем абмежаваны выбар”.

У такой сытуацыі прынцыповае значэньне мае журналісцкая салідарнасьць, калектыўная ўзаемадапамога, лічыць каардынатар навучальных праграм для супрацоўнікаў рэгіянальнай прэсы Таіса Бандарэнка. Аднак нярэдка, як кажуць, свае ня могуць дамовіцца са сваімі ж...

(Бандарэнка: ) "Чамусьці прафэсіяналы ня могуць знаходзіць агульнай мовы і разам прасоўваць свае інтарэсы. Праблема ў недальнабачнасьці нашых сёньняшніх лідэраў. Паглядзі, якая можа быць канкурэнцыя паміж газэтай у Слоніме, Барысаве, у Івацэвічах ці яшчэ недзе... Няма!"

З катэгарычнымі праціўнікамі любых кампрамісаў у прафэсіі Рамуальдам Уланам і Анджэем Пісальнікам мы гаварылі пра тое, ці мае права на жыцьцё так званая “партызанка”: тактыка дробных саступак уладзе з боку незалежных журналістаў дзеля захаваньня незалежнай прэсы:

(Карэспандэнт: ) “...Што здарыцца, калі вас зьнішчаць, а іх ня будзе? Гэты вакуум, -- ён на чыю карысьць? Хоць бы з пазыцыі вось такой: хай застанецца хоць нешта жывое... Ці вы таксама ня згодныя?” (Улан: ) “Я ня згодны. Лепей “Сад і агарод” выдаваць, чым масава-палітычнае выданьне і не пісаць аб тых праблемах...” (Пісальнік: ) “Кампрамісы такога кшталту, што ёсьць больш ці менш залежныя ці незалежныя журналісты, яны размываюць вобраз сытуацыі. Калі мы як людзі, як грамадзяне, зацікаўленыя ў тым, каб нашы суродзічы дасьпелі да зьменаў, мы ня можам прапаноўваць гэтыя кампрамісы. Бо гэта толькі адцягвае гэты момант, калі грамадзтва дасьпее да зьменаў”.

Як бачна – у журналісцкім асяродку рэгіёнаў поўнага паразуменьня наконт будучыні няма. Аднак Таіса Бандарэнка, якая выдатна ведае праблемы большасьці мясцовых газэт, раіць не драматызаваць сытуацыю, а верыць у пэрспэктыву:

(Бандарэнка: ) "Яны мусяць гэта рабіць не паасобку, а ўсе разам. І мне падаецца, на сёньняшні момант ужо большасьць рэдактараў і заснавальнікаў падышлі да разуменьня гэтага і пачынаюць аб''ядноўвацца".

Дзеля чаго? Дзеля...

(Бандарэнка: ) "...мастацтва такога... вельмі немагчымага -- выжыць і разьвівацца ў гэтых умовах! Рэгіянальная прэса і робіць зараз у пэўным сэнсе немагчымае..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG